БЕЛ Ł РУС

Прарасійскага актывіста з Латвіі, які ваяваў з бел-чырвона-белым сцягам, у Расіі прымусілі падпісаць вайсковы кантракт і адправілі на вайну

5.11.2026 / 20:04

Nashaniva.com

59‑гадовага Сяргея Муліванава, выхадца з Латвіі, які пераехаў у Расію праз нязгоду з палітыкай афіцыйнай Рыгі і заяўляў пра ўціск рускамоўнага насельніцтва, падманам прымусілі падпісаць кантракт з Міністэрствам абароны РФ і адправілі на вайну супраць Украіны. Пра гэта паведамілі яго знаёмыя, піша The Moscow Times.

Сяргей Муліванаў. Фота з сацсетак

Муліванаў пераехаў у Расію ў 2024 годзе і пасяліўся ў Маскоўскай вобласці, дзе атрымаў расійскае грамадзянства. Ён працягваў трымацца пракрамлёўскіх поглядаў і займаўся адпаведнай грамадскай дзейнасцю. Адначасова працаваў кур'ерам.

У красавіку 2026 года Зюзінскі раённы суд Масквы арыштаваў яго па падазрэнні ў дроперстве — удзеле ў схемах з выкарыстаннем банкаўскіх рахункаў для пераводу незаконна атрыманых грошай. Паводле версіі сваякоў, Муліванава нібыта выкарыстоўвалі ашуканцы, якія падманам прымушалі яго перавозіць скрадзеныя грошы.

У следчым ізалятары «Прэсня» мужчыну прымусілі падпісаць кантракт з расійскім Мінабароны. Спробы адваката скасаваць подпіс не прынеслі выніку. 30 кастрычніка Муліванава адправілі ў войскі. Па дарозе ў Растоў-на-Доне ён паспеў патэлефанаваць родным, пасля чаго сувязь з ім знікла. Па словах сваякоў, мужчына не прыдатны да вайсковай службы праз цукровы дыябет і палінеўрапатыю.

Вядомасць у Латвіі Муліванаў набыў у канцы 2010‑х — пачатку 2020‑х гадоў дзякуючы прарасійскай дзейнасці пад лозунгамі абароны правоў рускамоўнага насельніцтва. Ён некалькі разоў беспаспяхова балатаваўся на выбарах рознага ўзроўню ад розных палітычных сіл. Таксама спрабаваў судзіцца з былым прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым за ўзнагароджанне ордэнам Святога Андрэя Першазванага колішняга прэзідэнта СССР Міхаіла Гарбачова.

Акрамя таго, ён дэманстратыўна зрываў вывешаны ў Рызе беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны Муліванаў адкрыта падтрымаў Маскву і пачаў супрацоўнічаць з пракрамлёўскімі выданнямі. Ён апублікаваў артыкул для выдання «Царьград», у якім скардзіўся на рост цэн у Латвіі і пагаршэнне становішча насельніцтва. У інтэрв'ю Sputnik ён параўноўваў латвійскі ўрад з фашыстамі.

У лютым 2025 года Муліванаў удзельнічаў у Маскве ў навукова-практычнай канферэнцыі «Этнацыд рускіх суайчыннікаў у краінах Балтыі». Там ён заклікаў ліквідаваць дзяржаўнасць народаў Балтыі і заяўляў, што асабіста ўдзельнічаў у вярбоўцы рускамоўных жыхароў Латвіі для ўдзелу ў так званай «спецыяльнай ваеннай аперацыі». Цяпер ён адправіўся на яе і сам. 

Чытайце таксама:

Беларускія ўлады адмовіліся выдаць Літве Кандротаса-Цэлафанаса, які ад суда на радзіме ўцёк у Беларусь

У Арменіі зноў арыштавалі прарасійскага мільярдэра Карапецяна

Польшча лічыць блогера Леаніда Мышленніка пагрозай для бяспекі дзяржавы і збіраецца пазбавіць абароны

Пасля пагроз Азаронка Z-актывістку Мірсалімаву выклікалі ў міліцыю — у некалькі гарадоў адразу

Каментары да артыкула