Дэлегацыя Магілёўскай вобласці брала ўдзел у адкрыцці помніка «героям СВА» на Смаленшчыне
У горадзе Хіславічы Смаленскай вобласці 4 лістапада, калі ў Расіі адзначаецца «Дзень народнага адзінства», адкрылі помнік расійскім вайскоўцам, якія загінулі ў вайне супраць Украіны. У мерапрыемстве ўдзельнічала дэлегацыя з Магілёўскай вобласці Беларусі, заўважыла праваабарончае выданне Mayday.team.
Помнік удзельнікам так званай «спецыяльнай ваеннай аперацыі» паставілі ў скверы «Памяці герояў». На цырымоніі прысутнічалі бацькі і ўдовы загінулых вайскоўцаў, ветэраны баявых дзеянняў і беларускія госці з Магілёўшчыны. Пра гэта паведаміў у сацыяльных сетках губернатар Смаленскай вобласці Васілій Анохін.
У межах святкавання Дня народнага адзінства таксама адбыўся XXIV расійска-беларускі фестываль творчых калектываў «Дзве Русі — дзве сястры». Беларусь на ім прадстаўлялі народныя майстры і творчыя калектывы цэнтралізаванай клубнай сістэмы Мсціслаўскага раёна.
Падчас урачыстага адкрыцця фестывалю ў Хіславіцкім доме культуры беларускі дзяржаўны сцяг трымалі байцы мясцовага аддзялення расійскай арганізацыі «Юнармія».
Чытайце таксама:
Пад Ваўчанскам загінуў 40‑гадовы «Зубр» з Аршанскага раёна. Ваяваць за Расію ён пайшоў праз даўгі