БЕЛ Ł РУС

Сі Дзіньпін зладзіў у партыі чыстку, найбуйнейшую з часоў Культурнай рэвалюцыі

6.11.2026 / 19:12

Nashaniva.com

Сі Дзіньпін правёў найбуйнейшую за паўстагоддзя чыстку ў Камуністычнай партыі Кітая: пад крымінальны пераслед трапілі 628 тысяч чалавек, піша Financial Times.

Сі Дзіньпін. Фота: Ken Ishii — Pool/Getty Images

Калі Сі Дзіньпін прыйшоў да ўлады ў 2012 годзе, ён абвясціў барацьбу з карупцыяй адной з галоўных задач. За наступныя 14 гадоў кампанія перарасла ў найбуйнейшыя палітычныя чысткі з часоў Мао Дзэдуна. Цяпер пад падазрэнне трапляюць не толькі чыноўнікі, абвінавачаныя ў хабарніцтве, але і тыя, каго лічаць недастаткова лаяльнымі да кіраўніцтва.

Наколькі далёка зайшлі чысткі, паказаў кастрычніцкі пленум ЦК Камуністычнай партыі Кітая. З 376 членаў і кандыдатаў у члены ЦК, абраных у 2022 годзе, на ім прысутнічалі толькі 279. Больш за чвэрць першапачатковага складу адсутнічала, значная частка — з-за чыстак.

На пасяджэнні таксама пацвердзілі выключэнне з партыі 33 высокапастаўленых дзеячаў, у тым ліку 16 вайскоўцаў. Сярод іх быў Чжан Юся — адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Сі Дзіньпіна, які займаў другое месца ў вайсковай іерархіі краіны. Яго адхіленне, як і звальненні іншых вопытных генералаў, выклікала пытанні пра баяздольнасць кітайскай арміі.

Мільёны пакараных і сотні тысяч крымінальных спраў

Паводле падлікаў амерыканскага палітолага Міньсіня Пэя, за гады кіравання Сі Дзіньпіна каля 7,2 мільёна членаў Камуністычнай партыі атрымалі розныя палітычныя, адміністрацыйныя або судовыя пакаранні. Сярод іх — як мінімум 632 высокапастаўленыя чыноўнікі ўзроўню намесніка міністра або намесніка губернатара і вышэй.

За 11 гадоў, па якіх ёсць неабходныя даныя, крымінальны пераслед закрануў каля 628 тысяч партыйных кадраў. Значная частка з іх, імаверна, атрымала турэмныя тэрміны.

Для параўнання, у апошнія гады кіравання папярэдніка Сі Дзіньпіна, Ху Дзіньтаа, штогод каралі ў сярэднім каля 146 тысяч чыноўнікаў, пад крымінальны пераслед трапляла каля 5460.

Падчас трэцяга тэрміну Сі Дзіньпіна, які пачаўся ў 2023 годзе, колькасць дысцыплінарных пакаранняў перавысіла 800 тысяч за год. У 2025‑м быў дасягнуты рэкорд — 983 тысячы. Колькасць крымінальных пераследаў у параўнанні з часамі Ху Дзіньтаа вырасла прыкладна ў 14 разоў — цяпер іх у сярэднім каля 75 тысяч штогод.

Паказуха — пагроза эканоміцы

У самім Кітаі адным з галоўных паказчыкаў паспяховасці барацьбы з карупцыяй стала колькасць пакараных чыноўнікаў. І калі ацэньваць вынікі менавіта так, кампанія сапраўды выглядае надзвычай маштабнай. Аднак міжнародныя ацэнкі паказваюць значна больш сціплыя змены.

Паводле Індэкса ўспрымання карупцыі міжнароднай арганізацыі Transparency International, у 2012 годзе Кітай набіраў 39 балаў са 100 магчымых. У 2025 годзе — 43 балы. Для параўнання, сярэднесусветны паказчык у 2025 годзе складаў 42 балы. А вынікі ніжэйшыя за 50 балаў сведчаць пра сур'ёзныя праблемы з карупцыяй.

Пры гэтым маштабныя чысткі не толькі не прывялі да істотнага паляпшэння паказчыкаў карупцыі, але і, на думку экспертаў, стварылі новыя праблемы для дзяржаўнага кіравання. Чыноўнікі ўсё больш баяцца праяўляць ініцыятыву і прымаць самастойныя рашэнні.

Любая ініцыятыва можа скончыцца абвінавачаннямі ў парушэнні партыйнай дысцыпліны або карупцыі. Таму замест вырашэння складаных праблем чыноўнікі часта аддаюць перавагу бяспечным праектам, якія дэманструюць лаяльнасць кіраўніцтву.

Financial Times прыводзіць паказальны прыклад з правінцыі Шаньдун. Там мясцовыя ўлады выдаткавалі больш за 700 мільёнаў юаняў (каля 105 мільёнаў даляраў) на будаўніцтва сучаснага цэнтра навучання сельскай гаспадарцы. Планавалася, што штогод там будуць праходзіць падрыхтоўку 17 тысяч чалавек.

Аднак журналісты, якія наведалі комплекс у красавіку, знайшлі ў ім гатэль, кватэры, спартыўную залу і памяшканні для гульні ў шахматы і карты. А вось абсталявання для навучання сельскай гаспадарцы не аказалася. Пра сельскагаспадарчае прызначэнне цэнтра нагадвала толькі невялікая шыльда.

Такія праекты сталі прадметам крытыкі нават у афіцыйных кітайскіх выданнях. У адным з партыйных часопісаў чыноўнікаў папракалі ў тым, што яны імкнуцца ўразіць начальства замест вырашэння рэальных праблем.

Яшчэ адна праблема — нежаданне чыноўнікаў паведамляць кіраўніцтву непрыемныя навіны. Асабліва небяспечным гэта становіцца на фоне эканамічных праблем Кітая — слабога ўнутранага попыту, крызісу нерухомасці і вялікіх даўгоў мясцовых уладаў.

Сам Сі Дзіньпін адмаўляе, што барацьба з карупцыяй шкодзіць эканоміцы. Наадварот, ён перакананы, што яна спрыяе сумленнай канкурэнцыі і развіццю прадпрымальніцтва.

Пры гэтым прыкмет змякчэння кампаніі няма. У 2027 годзе Сі Дзіньпін, як чакаецца, атрымае чацвёрты тэрмін на чале Камуністычнай партыі.

Аналітыкі асцерагаюцца, што далейшае ўзмацненне кантролю можа толькі пагоршыць сітуацыю: чыноўнікі будуць усё больш засяроджвацца на выкананні палітычных патрабаванняў, а не на вырашэнні праблем краіны.

Чытайце таксама:

У Пекіне прайшоў самы малалікі пленум ЦК Кампартыі Кітая. У партыі ідуць маштабныя чысткі

Кітай упершыню пацвердзіў падрыхтоўку сустрэчы Сі, Трампа і Пуціна

Кітай цяпер мае больш вайсковых караблёў, чым ЗША. Высновы?

Трамп запатрабаваў ад Сі Дзіньпіна спыніць падтрымку Ірана

Трамп з Сі Дзіньпінам дэманстравалі ў Вашынгтоне «сапраўды вялікае сяброўства»

У Кітаі вычысцілі вярхоўнага генерала. Гэтаму папярэднічала вялікая перастрэлка

Каментары да артыкула