Трамп з Сі Дзіньпінам дэманстравалі ў Вашынгтоне «сапраўды вялікае сяброўства»
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп назваў «сапраўды вялікім сяброўствам» адносіны, якія склаліся ў яго з кіраўніком Кітая Сі Дзіньпінам. Сі 24 верасня пачаў доўгачаканы дзяржаўны візіт у ЗША, а перамовы лідараў праходзяць на фоне сур’ёзных рознагалоссяў паміж дзвюма краінамі, піша Euronews.

Перад пачаткам афіцыйных перамоў у Белым доме Сі заявіў, што гатовы разам з Трампам накіроўваць кітайска-амерыканскія адносіны па стабільным шляху ў будучыню. Ён падкрэсліў, што Кітаю і ЗША неабходна не дапускаць канфліктаў і супрацьстаяння.
Па словах Сі Дзіньпіна, Кітай і ЗША з’яўляюцца дзвюма звышдзяржавамі, якія ў цяперашні гістарычны момант нясуць адказнасць за развіццё і прагрэс чалавецтва. Ён выказаў упэўненасць, што праз адкрыты, глыбокі і пастаянны дыялог краіны змогуць лепш разумець адна адну, знаходзіць агульныя інтарэсы, адкладаць рознагалоссі і ўмацоўваць узаемны давер.
Трамп, у сваю чаргу, заявіў, што пасля ягонай першай перамогі на выбарах у 2016 годзе яны з Сі пабудавалі адносіны, заснаваныя на ўзаемнай павазе і інтарэсах народаў дзвюх краін. Ён таксама нагадаў пра супрацоўніцтва ЗША і Кітая падчас Другой сусветнай вайны.
Па словах Трампа, цяпер Вашынгтон і Пекін працуюць над больш збалансаванымі гандлёвымі адносінамі. На перамовах плануецца абмеркаваць знешнюю палітыку, гандаль, фінансавае супрацоўніцтва, пытанні бяспекі і штучны інтэлект.
Сі заявіў, што разлічвае на справядлівае стаўленне да кітайскіх кампаній у ЗША, а Кітай, паводле яго слоў, гатовы вітаць амерыканскі бізнэс. Ён падкрэсліў, што канкурэнцыя паміж краінамі павінна быць здаровай і заставацца ў разумных межах.
Адной з найбольш складаных тэм перамоў можа стаць Іран. Кітай раней выступаў супраць амерыкана-ізраільскай вайны супраць Ірана і крытыкаваў ціск адміністрацыі Трампа на Пекін з мэтай выкарыстаць кітайскі ўплыў на Тэгеран.
Чакаецца, што Сі таксама зноў закране пытанне Тайваня. Кітай лічыць яго адным з найбольш адчувальных пытанняў у адносінах з ЗША і імкнецца да таго, каб Вашынгтон адмовіўся ад продажу зброі Тайваню. Падчас сустрэчы ў Пекіне ў маі Трамп называў пастаўкі амерыканскай зброі Тайваню моцным перамоўным козырам у адносінах з Кітаем.
У сферы гандлю Пекін зацікаўлены ў змякчэнні амерыканскіх абмежаванняў на экспарт найбольш сучасных высокатэхналагічных мікрачыпаў. У сераду краіны дамовіліся яшчэ на два месяцы падоўжыць гадавое гандлёвае перамір’е, тэрмін якога павінен быў скончыцца 10 лістапада. Гэта павінна даць бакам дадатковы час для выпрацоўкі больш працяглага пагаднення.
Сі заявіў, што спаборніцтва паміж Кітаем і ЗША павінна быць гонкай, у якой краіны імкнуцца даганяць адна адну, а не барацьбой, дзе адзін абавязкова перамагае, а другі прайграе.
Асобна кітайскі лідар спыніўся на штучным інтэлекце. Паводле яго слоў, Кітай і ЗША маюць магчымасці і адказнасць развіваць гэтую тэхналогію на карысць чалавецтва і сачыць за тым, каб яна заўсёды заставалася пад кантролем людзей і служыла дабрабыту грамадства.
Раней Трамп таксама заявіў, што штучны інтэлект стане важнай тэмай яго перамоў з Сі. На гэтым тыдні міністры фінансаў дзвюх краін абмяркоўвалі магчымасць стварэння новага механізму апавяшчэння адзін аднаго пра інцыдэнты, звязаныя са штучным інтэлектам.
На завяршэнне ўступных заяваў Сі паведаміў, што на працягу наступных пяці гадоў Кітай запросіць 100 тысяч маладых амерыканцаў на навучанне і абменныя праграмы. Акрамя таго, Кітай плануе адправіць дзвюх пандаў у заапарк Атланты. Сі назваў гэтых жывёл «пасланцамі дружбы».
Каментары
Гэты Мэлані выцягнул да самалета каб.прывітаць Сі))))
Нешта правакі прыціхлі ...