Дзяўчына памяняла горад на вёску і разводзіць курэй, якія нясуць каляровыя яйкі
Птушыны падворак адлівае пер’евым бляскам самых розных адценняў. Мадамамі, паненкамі, багінямі, мадэлямі, птушкамі-«яжмамкамі» — менавіта так з любоўю называе сваіх падапечных Ульяна. Цяпер у яе звыш 200 птушак. Велікодныя куры — пародзістыя прадстаўніцы і гібрыды — нясуць яйкі з натуральна афарбаванай шкарлупінай розных адценняў: ад блакітнага, бірузовага, зеленаватага і аліўкавага да ружаватага і цёмна-шакаладнага, піша «Звязда».
На адвечнае пытанне, што было першым — яйка ці курыца, у Ульяны адназначны адказ. У яе выпадку першым было інкубацыйнае яйка.
Усё пачалося чатыры гады таму пасля пераезду з горада ў вёску. Новая справа збольшага стала для дзяўчыны тэрапіяй.
«У той момант у маім жыцці адбываліся сур’ёзныя асабістыя перамены. Патрабавалася поўная перазагрузка думак. Трэба было знайсці новы пункт апоры. Вясковы прастор даў мне магчымасць спыніцца і аднавіцца пасля чарады падзей, зрабіць выдых, прыслухацца да сябе, а затым — глыбокі ўдых.
Першапачаткова птушкагадоўля не планавалася як маштабны праект. Хутчэй, гэта быў унутраны парыў. У мамы на падворку было некалькі курачак, ужо такіх узроставых. Дапамагала ёй, а потым захацелася чагосьці новага і цікавага.
Крок за крокам клопат пра птушку стаў для мяне сапраўднай тэрапіяй, а таксама справай, якая дазволіла дасягнуць унутранай раўнавагі і спакою. Цяпер гэта адно з галоўных захапленняў у маім жыцці», — кажа дзяўчына.
Пачынала з нуля, але падыход быў грунтоўны — з вывучэння тэматыкі. Заглыбілася ў літаратуру, вывучала вопыт беларускіх і замежных птушнікаў. Шмат чытала пра розныя пароды птушак, іх перавагі, глядзела відэа, экспертныя блогі.
«Для мяне было важна не проста завесці курэй, а зразумець, што такое сапраўдная пародная птушка, якая адпавядае строгім стандартам. Пераглядала сотні запісаў з выстаў, аналізавала працу ацэншчыкаў. Знайсці чыстую лінію і захоўваць яе прыкметы — каласальная праца. За ўвесь час праз мае інкубатары ўжо прайшло больш за дзве тысячы яек», — дзеліцца дзяўчына.
Аднойчы ўбачыла, як замежныя птушкаводы атрымліваюць рознакаляровыя яйкі.
«Выйшла на кантакт, праз перакладчык задавала пытанні, якія цікавілі. Мне ўсё тлумачылі. Спачатку ўсё здавалася вельмі складаным, але з часам разабралася і ў пытаннях генетыкі і селекцыі. Пачала ствараць каляровыя яйкі», — тлумачыць птушкагадоўца.
Дзяўчына ва ўсім разбіралася сама, хоць яшчэ нядаўна была далёкая ад гэтай тэмы.
«Так, у мяне няма профільнай адукацыі, але я заглыбілася ва ўсе пытанні. Калі пачала ўсё вывучаць, мне было максімальна цікава. Ужо чатыры гады займаюся развядзеннем пароднай птушкі», — адзначае яна.
Цяпер у яе гаспадарцы — прадстаўніцы дзевяці парод. У кожнага сямейства — сваё жыллё і ўмовы павышанай камфортнасці.
Практычна ўсё па гаспадарцы Ульяна робіць сама, хоць паралельна працягвае працаваць. Дзяўчына працуе кантралёрам-касірам па графіку два дні праз два. Калі яна на змене, з кармленнем птушак дапамагае мама.
Здараліся і расчараванні, калі чаканні не супадалі з рэальнасцю. Аднак Ульяна не апускала рукі. Дзяўчына перакананая: адмоўны вопыт таксама вучыць.
«На сёння мой галоўны прынцып: лепш менш па колькасці, але лепш па якасці і пародных характарыстыках», — падкрэслівае птушкагадоўца.
На найбліжэйшы год Ульяна паставіла для сябе важную задачу: вывесці развядзенне пароднай птушкі на ідэальны ўзровень. Для гэтага пільна сочыць за новым пакаленнем.
Ульяна адзначае: усё, што ўдаецца зарабіць на птушкагадоўлі, накіроўваецца на развіццё гаспадаркі.
«Па сутнасці, гэтых грошай я нават не заўважаю. Некаторыя ў каментарах пішуць, што пры такім падыходзе выходзяць «залатыя яйкі». Шчыра кажучы, на любімую справу нічога не шкадую і выгады не шукаю», — кажа яна.
Вясковы ўклад і гаспадарка першапачаткова сталі ціхай гаванню для дзяўчыны, але захапленне даўно перарасло ў сур’ёзны натхняльны праект. «
Адчуваю сябе абсалютна шчаслівай. Бачу перспектывы для развіцця і дакладна ведаю, што самае цікавае ў мяне толькі пачынаецца», — кажа Ульяна.
Чытайце таксама:
У Даніі хочуць забараніць развядзенне турбакурэй. Яны набіраюць два кілаграмы ўсяго за 33 дні
Мінчанка завяла мілага пеўня замест сабакі, гуляе з ім па горадзе і заходзіць у кафэ