У Даніі хочуць забараніць развядзенне турбакурэй. Яны набіраюць два кілаграмы ўсяго за 33 дні
Урад Даніі плануе забараніць на нацыянальным узроўні развядзенне хуткарослых курэй пароды Ross 308, вядомых як «турбакуры», а таксама мае намер дамагацца аналагічнай забароны ва ўсім Еўрасаюзе. Пра гэта паведамляе Politico са спасылкай на міністра па пытаннях дабрабыту жывёл Крысціяна Роб’ерга Мадсэна.

Па словах дацкага міністра, праблемы з умовамі ўтрымання такіх птушак шырока распаўсюджаныя, бо яны растуць хутчэй, чым дазваляюць магчымасці іх арганізма. Куры Ross 308 могуць дасягаць вагі каля двух кілаграмаў усяго за 33 дні. Такія тэмпы росту могуць прыводзіць да траўмаў і праблем з перамяшчэннем.
Заява міністра прагучала на наступны дзень пасля паказу дакументальнага фільма, знятага са схаванай камерай на птушкаферме. На кадрах было відаць, што курам незаконна забяспечвалі толькі тры гадзіны цемры ў суткі, каб паскорыць іх рост.
Паводле інфармацыі выдання, ініцыятыву падтрымлівае шырокая група палітычных партый. Аднак Мадсэн прызнаў, што яшчэ трэба вырашыць юрыдычныя і фінансавыя пытанні.
Прадстаўнікі птушкагадоўчай галіны папярэджваюць, што забарона можа прывесці да павелічэння імпарту мяса, а дацкім фермерам будзе складаней канкурыраваць з замежнымі вытворцамі. Кампанія Danpo заявіла галіноваму выданню LandbrugsAvisen, што гатовая адмовіцца ад хуткарослых парод, калі абмежаванні будуць распаўсюджвацца таксама на імпарт.
Раней Данія ўжо спрабавала дамагчыся забароны такіх курэй на ўзроўні Еўрасаюза, але папярэдняя спроба ўвесці абмежаванні ў самой краіне не мела поспеху. У верасні аналагічную нацыянальную забарону прапанаваў урад Нідэрландаў. Цяпер гэтую ініцыятыву разглядае парламент краіны.
Еўракамісія плануе пазней у гэтым годзе прадставіць новыя правілы абароны дабрабыту курэй, але пакуль не абвяшчала пра намер забараніць асобныя пароды.
Каментары
Cut the middleman.