БЕЛ Ł РУС

Марскую чарапаху лячылі 22 гады, а цяпер нарэшце выпусцілі ў акіян

8.11.2026 / 00:00

Nashaniva.com

У Ірландыі марскую чарапаху па імені Молі выпусцілі ў Атлантычны акіян пасля 22 гадоў лячэння і рэабілітацыі. Жывёліну знайшлі цяжка параненай на пляжы ў 2004 годзе. З-за пашкоджаных пярэдніх ластаў спецыялісты доўга сумняваліся, ці зможа яна самастойна выжыць у прыродзе, і нават разглядалі магчымасць зрабіць ёй пратэзы, піша Бі-бі-сі.

Чарапаха Молі ў Oceanworld Aquarium Dingle

Чарапаху знайшла ірландка Мэры Кронін падчас прагулкі з маленькімі дзецьмі на пляжы каля Каслгрэгары на паўвостраве Дынгл. Незадоўга да гэтага ўзбярэжжа накрыў моцны атлантычны шторм, які пакінуў пасля сябе шмат водарасцяў і смецця.

«Нешта заварушылася сярод водарасцяў, і мы ўбачылі чарапаху», — успамінае жанчына.

Жывёла была моцна пераахалоджаная, а яе пярэднія ласты мелі сур'ёзныя пашкоджанні, верагодна, пасля нападу акулы. Сям'я звярнулася ў мясцовы акіянарыум Dingle Oceanworld Aquarium. Прыкладна праз паўгадзіны на пляж прыехалі супрацоўнікі з ёмістасцямі цёплай вады, каб выратаваць чарапаху.

Мэры назвала яе Молі — у гонар уласнай мянушкі. З таго часу чарапаха жыла ў акіянарыуме, дзе атрымлівала ветэрынарную дапамогу. Спробы паставіць ёй пратэзы ластаў аказаліся няўдалымі.

Сям'я Кронін на працягу многіх гадоў наведвала Молі. Дзеці Мэры ўжо выраслі і цяпер жывуць у Новай Зеландыі: сын Бары працуе біёлагам у сферы аховы прыроды, а дачка Эшлінг — настаўніцай. Мэры кажа, што чарапаха заставалася часткай жыцця іх сям'і.

У маі 2026 года Молі перавезлі ў спецыялізаваны рэабілітацыйны цэнтр Zoomarine Porto d'Abrigo ў Партугаліі. Да гэтага яе на працягу шасці месяцаў рыхтавалі да самастойнага жыцця: вучылі знаходзіць ежу і выжываць без чалавечай дапамогі. Падчас аднаго з медыцынскіх аглядаў ветэрынары таксама выявілі, што ў чарапахі фармуюцца яйкі.

Молі ў Zoomarine Porto d’Abrigo у Партугаліі, дзе рыхтуецца да вяртання ў акіян. Фота: Oceanworld Aquarium Dingle

Паводле ацэнак спецыялістаў, калі Молі знайшлі, ёй было каля дзесяці гадоў, а важыла яна ўсяго 12 кілаграмаў. Цяпер яе вага дасягнула 120 кілаграмаў.

28 кастрычніка чарапаху выпусцілі ў Атлантычны акіян прыкладна за 22 кіламетры ад узбярэжжа партугальскага рэгіёна Алгарве. На панцыр ёй замацавалі спадарожнікавы перадатчык, які дазволіць даследчыкам сачыць за яе перамяшчэннямі.

Даследаванне ДНК паказала, што Молі генетычна звязаная з папуляцыямі галоўчатых марскіх чарапах з Мексіканскага заліва. Навукоўцы спадзяюцца, што з часам яна зможа дабрацца туды.

Молі вяртаецца на волю са спадарожнікавым перадатчыкам. Фота: Oceanworld Aquarium Dingle

Галоўчатыя марскія чарапахі жывуць звычайна 50—80 гадоў, а часам і даўжэй. Аднак гэты від лічыцца ўразлівым. У дзікай прыродзе Молі пагражаюць пластык у акіяне, рыбалоўныя сеткі і снасці, а таксама сутыкненні з суднамі.

Дырэктар і заснавальнік ірландскага акіянарыума Кевін Фланэры адзначыў, што чарапаха стала неад'емнай часткай установы, з ёй пазнаёміліся многія супрацоўнікі. Аднак ён падкрэсліў важнасць вяртання такіх жывёл у прыроднае асяроддзе, каб яны маглі выжываць і размнажацца.

У акіянарыуме спадзяюцца, што Молі здолее прыстасавацца да жыцця на волі і пакіне нашчадкаў. Мэры Кронін прызналася, што вяртанне чарапахі ў акіян нагадала ёй ад'езд уласных дзяцей на іншы кантынент. Яна вельмі радая, што Молі зноў апынулася ў сваім натуральным асяроддзі, і чакае навін пра яе жыццё ў дзікай прыродзе.

Чытайце таксама:

Украінскі спартсмен і яго спадарожніца сфатаграваліся ў Амане вярхом на вялікай чарапасе. Скончылася скандалам

У аэрапорце Бангкока злавілі сцюардэсу, якая спрабавала правезці пад адзеннем 30 чарапах

Махляры для атрымання грошай без пары «пахавалі» самую старую чарапаху ў свеце

Гіганцкіх чарапах выпусцілі на ціхаакіянскі востраў праз 180 гадоў адсутнасці на ім

Каментары да артыкула