Сярод забітых у Кракаве — двое замежнікаў. Грамадзянства адной ахвяры пакуль не называюць
Польскія службы апазналі ўсіх шасцярых загінулых падчас страляніны ў Кракаве. Чацвёра з іх — грамадзяне Польшчы, двое — замежнікі. Ці ёсць сярод загінулых або параненых беларусы, пакуль дакладна не вядома.
Фота: AP Photo / Beata Zawrzel
Пра вынікі апазнання раніцай 8 лістапада паведаміў малапольскі ваявода Кшыштаф Кленчар.
Ад стрэлаў 24‑гадовага забойцы ў Кракаве загінулі чатыры жанчыны і двое мужчын. Тры жанчыны былі грамадзянкамі Польшчы — ім было 47, 53 і 61 год.
Чацвёртай загінулай быў 51 год. Яе грамадзянства ўлады пакуль не раскрываюць: спачатку пра яе смерць паліцыя павінна паведаміць родным.
Загінулыя мужчыны — 32‑гадовы грамадзянін Вялікабрытаніі і паляк, узрост якога не назвалі.
Сярод параненых, акрамя палякаў, ёсць грамадзяне Вялікабрытаніі, Партугаліі, Расіі, Германіі і Аўстрыі. Беларусь у апублікаваным пераліку не згадваецца.
Кленчар расказаў, што ноччу службы ваяводскай адміністрацыі звязваліся з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі краін, грамадзяне якіх пацярпелі. Ім патрэбны час, каб паведаміць блізкім.
Паводле ранішніх звестак ваяводы, у кракаўскіх бальніцах заставаліся 15 пацярпелых. Некаторыя знаходзіліся ў цяжкім стане ў рэанімацыі. Пазней прадстаўніца паліцыі Катажына Цісла паведаміла, што дваіх чалавек выпісалі.
Стан аднаго з параненых паліцыянтаў стабільны, другога — цяжкі, але стабільны Сам нападнік таксама ў бальніцы, яго стан ацэньваюць як крытычны.
7 лістапада 24‑гадовы жыхар Астраўца-Свентакшыскага на аўтамабілі ў Кракаве пачаў страляць па мінаках. Пасля перастрэлкі з паліцыяй яго затрымалі.
У кватэры стралка знайшлі целы яго бацькоў і сястры з агнястрэльнымі раненнямі, а таксама сем адзінак зброі. У Польшчы 8 і 9 лістапада абвешчаная нацыянальная жалоба.
Чытайце таксама:
«Такія жыццярадасныя людзі. Не тое што ён». Суседзі расказалі пра сям’ю нападніка з Кракава
Сталі вядомыя новыя падрабязнасці пра кракаўскага стралка, які забіў як мінімум 6 чалавек
Момант затрымання стралка ў Кракаве трапіў на ВІДЭА
Тэрарыст адкрыў страляніну ў цэнтры Кракава. Як мінімум шэсць чалавек загінулі