Беларус паскардзіўся ў пракуратуру на кіраўніка TV Republika: той сказаў, што ў страляніне ў Кракаве ўдзельнічалі замежнікі
Пасля страляніны ў Кракаве Томаш Сакевіч, паводле публікацый у СМІ, заявіў: «Вядома, што ў гэтым удзельнічалі замежнікі». Беларус Яўген Собалеў просіць пракуратуру праверыць, ці не было ў гэтых словах распальвання нянавісці на нацыянальнай глебе. Паводле паліцыі, нападнік — паляк, які дзейнічаў адзін.
Фота: Оmar Marques / Getty Images
Аўтар допісу ў суполцы на Reddit пад нікам NicknameWrapper прадставіўся як беларус Яўген Собалеў, які жыве ў Польшчы. Ён паведаміў, што падаў заяву ў пракуратуру на кіраўніка тэлеканала TV Republika Томаша Сакевіча і апублікаваў поўны тэкст свайго звароту ў Акруговую пракуратуру Варшавы.
Падставай сталі публікацыі Niezalezna.pl і TV Republika, якія перадавалі словы Сакевіча з месца страляніны 7 лістапада. Сакевіч расказваў пра загінулых, параненых і паніку на плошчы. У гэтым кантэксце прагучала фраза пра ўдзел замежнікаў. Нібыта Сакевіч сказаў такія словы:«Вядома, што ў гэтым удзельнічалі замежнікі».
«У момант, калі прагучалі гэтыя словы, нічога такога «вядома» не было. Не было ніякай пацверджанай інфармацыі пра ўдзел замежнікаў. Пазней паліцыя паведаміла, што затрыманы нападнік — грамадзянін Польшчы і, паводле наяўных звестак, дзейнічаў адзін», — напісаў Собалеў.
Беларус лічыць, што такая падача магла распальваць варожасць да іншаземцаў, якія жывуць у Польшчы.
«Мяне жахае, наколькі цынічна некаторыя спрабуюць выкарыстаць гэтую трагедыю ва ўласных палітычных мэтах», — адзначыў ён.
«Я глыбока абураны тым, што перад абліччам такой страшнай трагедыі нехта можа распаўсюджваць непацверджаную інфармацыю, якая здольная распальваць нянавісць да замежнікаў, што жывуць у Польшчы», — дадае заяўнік.
У заяве Собалеў просіць праверыць, ці было ў выказванні публічнае распальванне нянавісці паводле нацыянальнай прыкметы. Ён прапануе атрымаць поўны запіс эфіру, высветліць кантэкст і крыніцы інфармацыі Сакевіча, а таксама праверыць, ці выпраўляў журналіст свае словы пасля паведамленняў паліцыі.
Сам аўтар удакладняе, што поўнага запісу трансляцыі не мае і цытуе публікацыі.
Паводле паліцыі, страляніну ўчыніў 24‑гадовы грамадзянін Польшчы Міхал О., які дзейнічаў адзін. Замежнікі былі сярод загінулых і параненых. Пацверджаных звестак пра замежных саўдзельнікаў нападу ў прыведзеных паведамленнях паліцыі няма.
Чытайце таксама:
Сярод забітых у Кракаве — двое замежнікаў. Грамадзянства адной ахвяры пакуль не называюць
«Такія жыццярадасныя людзі. Не тое што ён». Суседзі расказалі пра сям’ю нападніка з Кракава
Сталі вядомыя новыя падрабязнасці пра кракаўскага стралка, які забіў як мінімум 6 чалавек
Момант затрымання стралка ў Кракаве трапіў на ВІДЭА
Тэрарыст адкрыў страляніну ў цэнтры Кракава. Як мінімум шэсць чалавек загінулі