БЕЛ Ł РУС

На папулярным вадасховішчы людзі зрабілі больш за паўтысячы нелегальных прыватных прычалаў

10.11.2026 / 17:18

Nashaniva.com

На Чыгірынскім вадасховішчы ў Быхаўскім раёне выявілі больш за 500 незаконных прычалаў. Уздоўж берагоў пабудавалі платы, кладкі з замкамі і збудаванні на палях, якія перашкаджаюць людзям свабодна падыходзіць да вады. Пракуратура запатрабавала прыбраць агароджы і знесці аварыйныя пірсы, паведамляе тэлеканал СТБ.

Праверку правялі пракуратура і Магілёўская абласная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету. Паводле слоў старшага дзяржаўнага інспектара Аляксандра Савельева, кладкі ўзведзеныя каля ўсіх населеных пунктаў на берагах вадасховішча, і з кожным годам іх становіцца больш.

Пры гэтым мясцовыя ўлады не выдавалі дазволаў на будаўніцтва такіх аб’ектаў з 2011 года.

Прычалы сталі прычынай спрэчак паміж адпачывальнікамі і іх уладальнікамі. Асабліва часта канфлікты ўзнікаюць летам, калі людзі спрабуюць прайсці ўздоўж берага або парыбачыць з пірса.

Амаль на кожным прычале ёсць таблічка з нумарам тэлефона гаспадара. Сярод рыбакоў прынята загадзя тэлефанаваць уладальніку і пытацца дазволу на лоўлю рыбы. Некаторыя з прычалаў, відаць, здаюцца ў арэнду: побач з нумарам тэлефона пазначана, што кошт дамоўны.

Аднак нават атрымаць доступ да многіх такіх збудаванняў немагчыма: на іх устаноўленыя брамы з замкамі. Гэта непасрэдна парушае Водны кодэкс, які гарантуе свабодны доступ да вадаёмаў агульнага карыстання.

Пракуратура Магілёўскай вобласці запатрабавала ад аблвыканкама не дапускаць будаўніцтва новых пірсаў без адпаведных дакументаў, прыбраць платы, забяспечыць свабодны доступ да вады і знесці аварыйныя прыстані.

Падобныя парушэнні знайшлі і падчас праверак у Брэсцкай і Віцебскай абласцях. Начальнік упраўлення Генеральнай пракуратуры Дзмітрый Брылёў прапанаваў паведамляць пра выпадкі абмежавання доступу да вадаёмаў у тэрытарыяльныя органы пракуратуры.

Чытайце таксама:

У Быхаўскім раёне на вадасховішчы перакулілася лодка з людзьмі

На Чыгірынскім вадасховішчы рыбакі замест рыбы дасталі з вады тое, чаго зусім не чакалі

У Чыжоўскім вадасховішчы ў Мінску злавілі гіганцкага сома ФОТАФАКТ

Каментары да артыкула