У Чыжоўскім вадасховішчы ў Мінску злавілі гіганцкага сома ФОТАФАКТ
Мінчук злавіў гіганцкага сома вагой 32,4 кілаграма на Чыжоўскім вадасховішчы. Незвычайны ўлоў трапіўся ў канцы кастрычніка, калі рыбак разам з сябрам ужо збіраўся заканчваць рыбалку.

Аляксандр падзяліўся фатаграфіяй трафея ў інстаграме. Паводле яго слоў, вырашальным стаў апошні закід вуды. Рыба так моцна ўзялася, што спінінг сагнуўся, а лодку пачало цягнуць па вадзе.
Барацьба з сомам працягвалася каля гадзіны. У нейкі момант Аляксандр ужо хацеў здацца і перарэзаць лёску: рукі стаміліся, а рыба працягвала супраціўляцца. Аднак сябар пераканаў яго не адступаць. У выніку рыбакам удалося зацягнуць сома ў лодку.
Пасля фатаграфавання мужчыны выпусцілі рыбіну назад у вадаём.
Чыжоўскае вадасховішча — штучны тэхнічны вадаём у Мінску, які карыстаецца папулярнасцю ў рыбакоў. Акрамя самоў, там водзяцца ляшчы, плоткі, карасі, карпы, сазаны, краснапёркі, верхаводы, печкуры, яршы, акуні, шчупакі і судакі.
Купацца ў вадасховішчы забаронена. Таксама не рэкамендуецца ўжываць у ежу злоўленую там рыбу праз назапашванне шкодных і таксічных рэчываў у вадзе і донных адкладах.
З 1 лістапада ў Беларусі пачнуць дзейнічаць сезонныя абмежаванні на лоўлю асобных відаў рыбы. Да 31 сакавіка будзе забаронена лавіць і еўрапейскага сома. У халодную пару ён залягае ў ямах і сховішчах, дзе становіцца лёгкай здабычай для нядобрасумленных рыбаловаў. Забарона павінна дапамагчы захаваць папуляцыю гэтага віду.
Таксама з 1 лістапада да 15 снежня будзе забаронена лавіць чудскага сіга ў перыяд яго нерасту.
Акрамя таго, з 1 кастрычніка дзейнічае забарона на лоўлю любой рыбы ў зімавальных ямах. Яна будзе заставацца ў сіле да 15 красавіка.
Цяпер чытаюць
«Дзіма, мой мікраскоп за паўмільёна еўра стаіць у тваёй клініцы. Абсталяванне скраў ты». Заснавальнік «Новага зроку» расказаў пра адносіны з сям'ёй Абельскіх
Каментары