БЕЛ Ł РУС

З Беларусі стане лётаць больш самалётаў у Кітай

10.11.2026 / 19:02

Nashaniva.com

Беларусь і Кітай дамовіліся павялічыць колькасць авіярэйсаў паміж дзвюма краінамі. Паводле новага пагаднення, кожны бок зможа выбіраць не менш за тры авіякампаніі для пасажырскіх перавозак і аднаго авіяперавозчыка для грузавых, паведамляе прэс-служба ўрада Беларусі.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: vecteezy.com

Авіякампаніі таксама атрымаюць права выконваць рэйсы ў Мінск і Пекін, а таксама яшчэ ў тры гарады Беларусі і Кітая на свой выбар. Прамежкавым пунктам на маршрутах паміж дзвюма краінамі стане Алматы ў Казахстане.

Гэтыя змены ўнясуць у дзейнае пагадненне аб паветраных зносінах, падпісанае 17 студзеня 1995 года.

Цяпер беларуская авіякампанія «Белавія» раз на тыдзень лётае па трох кітайскіх напрамках: ва Урумчы, Санью на востраве Хайнань і Сіань. Кітайская Air China выконвае рэйсы паміж Мінскам і Пекінам двойчы на тыдзень.

Раней у «Белавіі» паведамлялі, што працуюць над пашырэннем сваёй прысутнасці ў Кітаі. Гаворка ідзе не толькі пра павелічэнне колькасці рэйсаў па ўжо наяўных маршрутах, але і пра адкрыццё новых. У прыватнасці, авіякампанія разглядае магчымасць палётаў у правінцыю Гуандун, дзе знаходзяцца гарады Гуанджоў і Шэньджэнь.

Чытайце таксама:

«Белавія» зможа купляць самалёты і запчасткі Boeing

У «Белавія» расказалі, чаму ў авіякампаніі так шмат начных рэйсаў

Чыноўнікі расказалі, калі ў Беларусі адновяць унутраныя авіярэйсы

«Белавія» расказала, у чым складанасць з прамымі рэйсамі на Мальдывы

Каментары да артыкула