БЕЛ Ł РУС

У Еўрасаюзе ўзгаднілі новыя санкцыі супраць Расіі. У спісе — 50 расійскіх банкаў

11.11.2026 / 23:36

Nashaniva.com

Пастаянныя прадстаўнікі краін Еўрасаюза 11 лістапада папярэдне ўзгаднілі новы пакет санкцый супраць Расіі. У санкцыйныя спісы прапануецца ўключыць 145 фізічных і юрыдычных асобаў, датычных да расійскай агрэсіі супраць Украіны, а таксама кібератак і гібрыднай дзейнасці. Пра гэта паведаміў дыпламат ЕС, знаёмы з вынікамі пасяджэння Камітэта пастаянных прадстаўнікоў (Coreper), піша «Еўрапейская праўда».

Здымак ілюстрацыйны. Фота: vecteezy.com

Канчаткова зацвердзіць новыя санкцыйныя спісы павінна Рада ЕС па замежных справах. Яе пасяджэнне адбудзецца ў Бруселі ў панядзелак, 16 лістапада.

Паводле суразмоўцы «Еўрапейскай праўды», за дзеянні супраць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны ў санкцыйны спіс прапануецца ўнесці 12 фізічных і 101 юрыдычную асобу. Сярод апошніх — 50 расійскіх банкаў.

Абмежаванні таксама закрануць шэраг кампаній, якія дапамагаюць дзейнасці расійскага ценявога флоту.

Яшчэ 30 фізічных і адна юрыдычная асоба могуць трапіць пад санкцыі ў межах рэжыму, звязанага з гібрыднай дзейнасцю Расіі. Акрамя таго, адну юрыдычную асобу прапануецца ўключыць у санкцыйны спіс ЕС за кібератакі.

Раней, 12 кастрычніка, Еўрасаюз ухваліў найбуйнейшае пашырэнне персанальных санкцый супраць Расіі: новы спіс налічваў амаль 1600 фізічных і юрыдычных асобаў.

22 верасня Рада ЕС працягнула яшчэ на 36 месяцаў дзеянне абмежавальных мер супраць асобаў, адказных за падрыў або пагрозу тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны. Пры гэтым са спісу выключылі расійскіх алігархаў Алішэра Усманава і Міхаіла Фрыдмана.

Чытайце таксама:

Калас: Расія, верагодна, адпраўляе выкрадзеных дзяцей ваяваць супраць Украіны

Еўрасаюз не прывабіла прапанова Трампа аднавіць закупкі газу ў Расіі праз ЗША

ЗША ўвялі санкцыі супраць кіраўніка кампаніі Armory Alliance, якая працуе ў Беларусі, за садзейнічанне закупкам зброі для Ірана

Каментары да артыкула