Навукоўцы прыдумалі аднаразовыя кубачкі для кавы без кроплі пластыку
Канадскія даследчыкі распрацавалі матэрыял, які зробіць аднаразовыя кубачкі больш экалагічнымі і таннымі.
Фота: Aleh Panasiuk / Vecteezy
Папяровыя кубачкі для кавы звычайна пакрываюць знутры тонкім слоем пластыку. Ён не дае паперы размокнуць ад гарачага напою, але ўскладняе перапрацоўку выкарыстаных кубачкаў. Да таго ж пры кантакце з гарачай вадкасцю пластыкавае пакрыццё можа выдзяляць драбнюткія часцінкі мікрапластыку.
Як піша ScienceAlert, даследчыкі з Універсітэта Ватэрлоо ў Канадзе распрацавалі пакрыццё з двух кампанентаў на аснове цэлюлозы — рэчыва, якое ўваходзіць у склад клетачных сценак раслін. Асновай стаў ацэтат цэлюлозы, а для павышэння трываласці ў яго дадалі драбнюткія крышталі цэлюлозы. Атрыманае пакрыццё добра трымаецца на паперы без клею, закрывае яе поры і не прапускае ваду і тлушч.
Каб праверыць сваю распрацоўку, навукоўцы правялі цэлы шэраг выпрабаванняў. Матэрыял вытрымаў кантакт з кіпнем, харчовым алеем і рознымі хімічнымі рэчывамі, захаваўшы ахоўныя ўласцівасці.
Асобна даследчыкі параўналі, як паводзяць сябе новае пакрыццё і звычайны пластыкавы слой пры механічным уздзеянні. Выявілася, што пластык адносна лёгка пашкоджваецца і ад яго аддзяляюцца дробныя часцінкі. А пакрыццё з цэлюлозы ў тых жа ўмовах засталося пераважна непашкоджаным.
Яшчэ адзін цікавы вынік атрымалі, калі новы матэрыял нанеслі на звычайныя тонкія папяровыя ручнікі, якія вельмі хутка ўбіраюць ваду. Пасля апрацоўкі папера стала воданепранікальнай і захавала трываласць.
Вынікі эксперымента паказалі, што аднаразовыя кубачкі можна будзе вырабляць з танчэйшай паперы, выдаткоўваючы менш сыравіны. На думку даследчыкаў, у перспектыве гэта дазволіць знізіць і кошт вытворчасці.
Аднак пакуль распрацоўка існуе толькі на лабараторным узроўні. Перш чым выкарыстоўваць яе ў харчовай упакоўцы, неабходна праверыць бяспеку матэрыялу і атрымаць дазвол рэгулятараў. Калі гэта адбудзецца, расліннае пакрыццё можна будзе прымяняць не толькі ў кубачках для кавы, але і ў іншых відах упакоўкі.
Чытайце таксама:
Даследаванне паказвае, што папяровыя кубачкі таксама шкодныя для навакольнага асяроддзя
У шкляных бутэльках больш мікрапластыку, чым у пластыкавых — нечаканае адкрыццё вучоных