Цела кракаўскага стралка ніхто забіраць для пахавання не хоча. Яго думаюць аддаць навукоўцам
Улады Кракава разглядаюць магчымасць перадаць цела Міхала Аксіньскага, які 7 лістапада ўчыніў страляніну з ахвярамі ў цэнтры горада, Ягелонскаму ўніверсітэту для медыцынскіх і навуковых даследаванняў. Пакуль ніхто з яго сваякоў не выказаў жадання забраць цела і арганізаваць пахаванне.
Міхал Аксіньскі, фота з яго фэйсбука
16 лістапада ў польскай вёсцы Васьнеў Свентакшыскага ваяводства развіталіся з бацькамі і сястрой Аксіньскага, якіх ён забіў у кватэры перад нападам у Кракаве. Раней пракурор Эрык Стаселяк паведамляў, што пахаваць іх захацеў адзін са сваякоў. Аднак наконт пахавання самога Міхала пакуль ніхто не звяртаўся.
Прадстаўнік Нацыянальнай пракуратуры ў Варшаве Пшэмыслаў Новак патлумачыў, што, калі ніхто з асоб, якія маюць на гэта права, не возьмецца за арганізацыю пахавання, цела паводле правіл павінен пахаваць муніцыпалітэт, на тэрыторыі якога чалавек памёр.
Прэзідэнт Кракава Лукаш Гібала заявіў, што звернецца да Медыцынскага калегіума Ягелонскага ўніверсітэта з прапановай перадаць цела нападніка для медыцынскіх і навуковых даследаванняў. Паводле яго слоў, гэта залежыць ад рашэння сям’і: калі сваякі не забяруць цела і не арганізуюць пахаванне, ён папросіць гарадскія ўлады не займацца пахаваннем, а перадаць яго навукоўцам.
7 лістапада 24‑гадовы Міхал Аксіньскі прыехаў на аўтамабілі на Рынкавую плошчу ў цэнтры Кракава і адкрыў агонь. У выніку загінулі шэсць чалавек, яшчэ некалькі дзясяткаў атрымалі раненні. Праваахоўнікі паранілі нападніка, пасля чаго ён памёр у бальніцы.
У дзень нападу ў доме сям’і Аксіньскага таксама знайшлі целы ягоных бацькоў і сястры з агнястрэльнымі раненнямі.
Чытайце таксама:
«Мы ўсе ў шоку». Як страляніна ў цэнтры горада закранула беларусаў у Кракаве
«Такія жыццярадасныя людзі. Не тое што ён». Суседзі расказалі пра сям’ю нападніка з Кракава