«Мы ўсе ў шоку». Як страляніна ў цэнтры горада закранула беларусаў у Кракаве
Кіраўніца беларускага хабу «Прастора» ў Кракаве Кацярына пачула стрэлы, калі ішла на сустрэчу беларускай супольнасці. «Мы ўсе ў шоку», — сказала «Свабодзе» Кацярына. Беларускі гід у Кракаве Глеб Ляпейка гаворыць, што ён уражаны тым, як спрацавалі польскія службы і як паводзяць сябе людзі.

«Стараліся быць усе разам і падтрымліваць адно аднаго»
У суботу, 7 лістапада, Кацярына ішла ў памяшканне хабу «Прастора», якое знаходзіцца ў цэнтры Кракава. Беларусы планавалі ўшанаваць памяць памерлых продкаў, зладзіць традыцыйную дзядоўскую вячэру. Па дарозе яна пачула стрэлы.
«Я пачула нейкія стрэлы, але падумала, што ў нас у горадзе вельмі часта нешта адбываецца: нейкія фестывалі, канцэрты. Бачу, што бягуць людзі, але мой мозг не адразу мог успрыняць, што гэта нейкая небяспека. Я пачала пытацца, што адбываецца, але мне ніхто не адказваў — людзі проста беглі. Толькі замежнікі па-ангельску сказалі, што страляюць», — расказвае Кацярына.
Яна вырашыла не бегчы разам з натоўпам, а схавацца.
«Я ацаніла, што мне бліжэй будзе забегчы ў нашу камяніцу, чым бегчы разам з усім натоўпам. У нас цяпер ідзе рамонт фасаду, і я падумала, што хутчэй будзе схавацца за канструкцыямі гэтай будоўлі. Прыбегла туды. Памятаю, што было каля без пяці тры», — кажа суразмоўца.
Ужо знаходзячыся ў бяспецы, яна пачула, як на месца прыязджае паліцыя і гучаць сігналы сірэнаў.
У беларускай «Прасторы» ў гэты час пачалі збірацца людзі, якія прыйшлі на дзядоўскую вячэру. Яны сачылі за навінамі і стараліся падтрымліваць адно аднаго.
«Мы проста ня верылі, што гэта адбываецца. Стараліся быць усе разам, падтрымліваць адно аднаго, адказваць блізкім і сябрам, якія пісалі і пыталіся, як мы», — расказвае Кацярына.
Пазней, калі людзі пачалі разыходзіцца па дамах, цэнтр горада быў ачэплены паліцыяй.
Як Кракаў перажывае наступствы страляніны
Беларускі гід у Кракаве Глеб Ляпейка кажа, што на наступны дзень пасля трагедыі ў горадзе было даволі спакойна. Паводле яго, ён станоўча ўражаны тым, як спрацавалі службы і як паводзяць сябе людзі:
«З таго, што я бачу, усё даволі спакойна. Я пад прыемным уражаннем ад таго, як спрацавалі службы і як сябе паводзяць людзі. З прычыны жалобы ўсе мерапрыемствы адмененыя, людзі проста шпацыруюць па вуліцы. Сёння сонечнае надвор’е. Ніякай панікі не бачу, у сацсетках у тым ліку. Агулам на вуліцы нібы цішэй за звычайна, але гэта мне так можа здавацца».
Сам ён падчас страляніны знаходзіўся далёка ад цэнтру гораду, але падзеі ўсё роўна моцна яго закранулі. А 15‑й гадзіне, калі ў цэнтры адбываўся напад, Глеб пачынаў экскурсію па могілках.
«Мы нават не чулі нічога. І гэта сюррэалістычны досвед — праводзіць такі шпацыр падчас тэракту ў цэнтры», — расказвае ён.
Пасля экскурсіі Глеб, які раней працаваў журналістам, узяўся збіраць інфармацыю, каб дапамагчы людзям разабрацца ў тым, што адбылося.
«Як былы журналіст, хаця былых не бывае, пасля экскурсіі сеў збіраць правераную інфармацыю, каб менш разыходзіліся чуткі. Цяжка на сэрцы ад усяго гэтага, а мозг пачынаў выдумляць сцэнары, як я мог апынуцца ў цэнтры. Я там амаль кожны дзень бываю. Сёння ўжо лягчэй», — кажа Глеб Ляпейка.
Што вядома пра страляніну ў Кракаве
Страляніна адбылася 7 лістапада каля трэцяй гадзіны дня ў раёне галоўнай рынкавай плошчы Кракава. Паводле польскай паліцыі, мужчына страляў па выпадковых людзях з аўтамабіля, які рухаўся.
Загінулі шэсць чалавек — чатыры жанчыны і двое мужчын. Сярод загінулых былі грамадзяне Польшчы, Вялікай Брытаніі і Расіі. Яшчэ 15 чалавек атрымалі раненні. Сярод пацярпелых былі замежнікі і двое паліцыянтаў. Стан аднаго з паліцыянтаў ацэньваўся як крытычны.
Нападніка, 24‑гадовага грамадзяніна Польшчы, затрымалі пасля перастрэлкі з паліцыяй. Ён быў паранены і трапіў у шпіталь. Паводле польскага міністра ўнутраных справаў Марціна Кервіньскага, ёсць прыкметы таго, што мужчына захапляўся крайне правымі ідэалогіямі і меў радыкальныя ўльтранацыяналістычныя погляды.
Пасля нападу ў доме затрыманага ў горадзе Астровец-Сьвентакшысki знайшлі целы яшчэ трох чалавек — бацькоў і сястры нападніка.
Польскія ўлады расследуюць абставіны і матывы нападу. 8 і 9 лістапада ў Польшчы абвешчаныя днямі нацыянальнай жалобы.
Каментары