У Інданезіі сустрэлі змяю, якая паставіла сусветны рэкорд па даўжыні
У Інданезіі афіцыйна зафіксавалі сусветны рэкорд сярод змей, якія жывуць у дзікай прыродзе. Самка сеткавага пітона па мянушцы Ібу Барон мае даўжыню 7,22 метра і важыць 96,5 кілаграма. Пра гэта паведамляе выданне Science et Vie.
Скрыншот з відэа
Змяю знайшлі на інданезійскім востраве Сулавесі. 18 студзеня гэтага года спецыялісты вымералі яе даўжыню з дапамогай адмысловай геадэзічнай рулеткі, якая дакладна паўтарае ўсе выгіны цела. Вынік склаў 7,22 метра. Для ўзважвання выкарысталі прыбор, якім звычайна ўзважваюць мяхі з рысам: ён паказаў 96,5 кілаграма.
Вымераць вужаку дакладна няпроста. Цела пітона складаецца з сотняў пазванкоў, злучаных мяккімі храстковымі праслойкамі. Таму ён можа лёгка сціскацца і расцягвацца, а адлегласць ад галавы да хваста змяняецца ў залежнасці ад паставы і напружання цягліц.
Каб атрымаць вынік, рэптылію не сталі ўсыпляць. Спецыялісты тлумачаць, што цалкам расслабленая змяя магла б аказацца на 10—15% даўжэйшай. Аднак анестэзію выкарыстоўваюць толькі тады, калі гэтага патрабуе стан здароўя жывёліны або бяспека людзей. Таму зафіксаваная даўжыня паказвае памер пітона ў канкрэтны момант.
Скрыншот з відэа
Паводле Кнігі рэкордаў Гінэса, Ібу Барон стала самай доўгай вужакай, знойдзенай у дзікай прыродзе і вымеранай паводле строгіх правіл. Раней у Інданезіі і Малайзіі неаднаразова паведамлялі пра яшчэ большых пітонаў, але дакументальна пацвердзіць іх памеры з такой жа дакладнасцю ўдавалася рэдка.
Сярод змей, якія жывуць у няволі, рэкорд належыць сеткаваму пітону па мянушцы Медуза. У 2011 годзе ў амерыканскім штаце Місуры яе даўжыня складала 7,67 метра. Ва ўмовах рэгулярнага харчавання, ветэрынарнага нагляду і адсутнасці натуральных ворагаў рэптыліі могуць вырастаць да памераў, якія ў дзікай прыродзе сустракаюцца значна радзей.
Яшчэ большымі былі некаторыя дагістарычныя змеі. Тытанабоа, рэшткі якой знайшлі ў Калумбіі, жыла 58—60 мільёнаў гадоў таму. Паводле ацэнак навукоўцаў, яна магла дасягаць 13—15 метраў у даўжыню і важыць больш за тону. Іншы вымерлы від, Vasuki indicus, апісалі паводле пазванкоў, знойдзеных у Індыі. Яго даўжыню ацэньваюць на 10,9—15,2 метра.
Максімальныя памеры змей сёння залежаць ад генетыкі, харчавання і ўплыву чалавека на навакольнае асяроддзе. Вялікім пітонам патрэбна шмат ежы, напрыклад дзікія кабаны, таму сапраўдныя гіганты ў прыродзе сустракаюцца нячаста.
Як адзначае IFLScience, праз змены навакольнага асяроддзя і скарачэнне кармавой базы ў Інданезіі змеі ўсё часцей з’яўляюцца паблізу чалавечага жытла. Такія сустрэчы нярэдка заканчваюцца гібеллю рэптылій, бо мясцовыя жыхары ўспрымаюць іх як пагрозу для сябе і свойскіх жывёл.
Акрамя таго, вялікія змеі становяцца ахвярамі браканьераў, якія ловяць іх для нелегальнага гандлю экзатычнымі жывёламі. Таму мала каму з іх удаецца дажыць да рэкордных памераў. Навукоўцы не выключаюць, што ў цяжкадаступных раёнах Паўднёва-Усходняй Азіі могуць жыць асобіны даўжынёй амаль дзевяць метраў, але невядома, ці ўдасца іх знайсці і дакументальна зафіксаваць.
Чытайце таксама:
Жанчына ў Бабруйскім раёне памерла ад укусу змяі
У Баварыі на Дунаі злавілі анаконду
На адной з гродзенскіх вуліц заўважылі метровага вужа ФОТЫ
Беларус пайшоў гуляць у лес і сустрэў «вужа на максімалках» ФОТАФАКТ
Гіганцкая змяюка напалохала людзей у Мазыры. Высветлілася, што яе выгульваў 12‑гадовы хлопчык