БЕЛ Ł РУС

У лесе на мяжы Беларусі з Латвіяй знік кеніец. Яго шукаюць сваякі

20.11.2026 / 22:44

Nashaniva.com

Сям'я грамадзяніна Кеніі Абдзі Ібрагіма Адана просіць улады дапамагчы знайсці яго. Мужчына знік у лесе на беларускім баку мяжы з Латвіяй пасля таго, як яму стала дрэнна і ён ужо не мог працягваць шлях разам з іншымі ўдзельнікамі групы, піша Reform.news.

Абдзі Ібрагім Адан. Фота з фэйсбука ягонай сястры

Паводле звестак кенійскага журналіста Ясіна Джумы, адна з удзельніц групы, грамадзянка Кеніі Хабіба, памерла ад пераахаладжэння.

Пра паездку Адана родныя ў Найробі даведаліся пасля яго званка з Беларусі. Ён збіраўся рухацца далей, аднак сястра Сіман Кадэй Мумін угаворвала яго вярнуцца, бо баялася, што мужчына не вытрымае холаду ў лесе.

Паводле інфармацыі Джумы, у Мінску група звязалася з правадніком, вядомым пад іменем Мукалас, які павёў людзей да латвійскай мяжы. Латвійскія памежнікі затрымалі семярых удзельнікаў групы, сярод якіх былі трое грамадзян Кеніі, і выціснулі іх назад у Беларусь. Людзі апынуліся ў памежным лесе. Там, паводле журналіста, Хабіба памерла ад холаду. Для яе пахавання ў Беларусі чакаюць згоды родных.

Пра знікненне брата Мумін паведаміла 12 лістапада. Са слоў яго спадарожнікаў, Адану стала дрэнна, і яны згубілі яго ў лесе каля мяжы. Паводле іншай версіі, якую перадае Джума са спасылкай на тых, хто выжыў, мужчына скардзіўся на моцны боль у жываце і ванітаваў. Пасля ночы на марозе ён пайшоў па ваду і не вярнуўся. Спадарожнікі клікалі яго і прайшлі прыкладна кіламетр у бок галоўнай дарогі, але не знайшлі ніякіх слядоў. Неўзабаве астатніх удзельнікаў групы затрымалі беларускія вайскоўцы. Пяцёра з іх вярнуліся ў Мінск.

Праз дзевяць начэй пасля знікнення Адана яго сям'я працягвала спадзявацца на выратаванне. Родныя паведамілі, што пошукі ў лесе пачаліся, аднак вынікаў пакуль не было. Сям'я звярнулася да мясцовага каардынатара, які патлумачыў, што для пашырэння пошукавай аперацыі і прыцягнення дадатковых вайскоўцаў патрэбны ліст ад пасольства Кеніі з пацвярджэннем грамадзянства мужчыны і інфармацыяй пра месца яго знікнення.

Сястра зніклага папрасіла дапамогі ў кенійскіх дыпламатаў, гуманітарных арганізацый і ратавальнікаў, а таксама заклікала распаўсюджваць інфармацыю пра брата.

Чытайце таксама:

У Латвіі затрымалі беларуса, які перавозіў мігрантаў

Латвія падоўжыла аперацыю па барацьбе з нелегальнай міграцыяй на мяжы з Беларуссю

Яму выбілі чатыры зубы, а пасля выкінулі з краіны. Цяпер былога палітвязня арыштавалі ў Латвіі з шасцю мігрантамі ў машыне

«Экстрэмісцкай» прызналі групоўку «Чорныя русы», якая заявіла пра сябе пасля інцыдэнту на беларуска-латвійскай мяжы

Галоўны памежнік Латвіі: Тунэлі на мяжы дакладна капалі з ведама беларускіх службаў

Каментары да артыкула