Яму выбілі чатыры зубы, а пасля выкінулі з краіны. Цяпер былога палітвязня арыштавалі ў Латвіі з шасцю мігрантамі ў машыне
Праз няпоўныя восем месяцаў пасля вызвалення з беларускай калоніі Яўгена Сямёнава зноў арыштавалі — цяпер ужо ў Латвіі. У яго аўтамабілі знаходзіліся шасцёра мігрантаў без дакументаў.

8 мая 2026 года ў Латвіі спынілі аўтамабіль, у якім ехалі шасцёра людзей без дакументаў. За рулём быў грамадзянін Беларусі. Яго імя латвійскія сілавікі не называлі. Як стала вядома «Нашай Ніве», затрыманы — 40‑гадовы мінчук Яўген Сямёнаў, былы палітвязень, якога ў верасні 2025 года вызвалілі з беларускай калоніі і прымусова вывезлі ў Літву.
На свабодзе ён правёў менш за восем месяцаў.
Машына рабіла дзіўныя манеўры
Раніцай 8 мая вайскоўцы латвійскай тэрытарыяльнай абароны Zemessardze заўважылі ў Прэйльскім краі падазроны аўтамабіль. Машына рабіла дзіўныя манеўры на дарозе. Вайскоўцы прасачылі за ёй, пакуль аўтамабіль не спынілі супрацоўнікі Дзяржаўнай паліцыі.
За рулём знаходзіўся грамадзянін Беларусі. У салоне — шасцёра людзей «азіяцкага паходжання», як сфармулявала Дзяржаўная памежная ахова Латвіі. У іх не было праязных дакументаў, віз і дазволаў на жыхарства.
Супраць беларуса распачалі крымінальны працэс паводле часткі 3¹ артыкула 285 Крымінальнага закона Латвіі — незаконнае перамяшчэнне людзей праз дзяржаўную мяжу ў час узмоцненага рэжыму яе аховы. Такія дзеянні могуць карацца пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да дзесяці гадоў, з магчымай канфіскацыяй маёмасці.
Публічна латвійскія ўлады не паведамлялі ні імя затрыманага беларуса, ні яго далейшы працэсуальны статус.
Пяць гадоў за каментары, крадзеж і ўцёкі з «хатняй хіміі»
Яўген Сямёнаў нарадзіўся ў 1986 годзе, жыў у Мінску. Да зняволення працаваў сацыяльным работнікам — у дзяржаўнай службе па дапамозе пажылым людзям і людзям з інваліднасцю.
Яго арыштавалі 26 лютага 2021 года. Падставай сталі два каментары, якія ён пакінуў у тэлеграме яшчэ ў снежні 2020-га. Паводле матэрыялаў справы, Сямёнаў апублікаваў персанальныя звесткі супрацоўнікаў ГУБАЗіКа Івана Тарасіка і Аляксандра Алёксы, дадаўшы абразлівы каментар і словы, якія следства палічыла пагрозай. Абодвух сілавікоў Мікола Дзядок пазней называў датычнымі да катаванняў пасля свайго затрымання.
Акрамя гэтага, Сямёнава судзілі яшчэ па 11 эпізодах крадзяжу ў сваёй знаёмай (ч.1 і ч. 2 арт. 205 КК) і за ўхіленне ад адбыцця хатняй хіміі, якую ён раней атрымаў паводле наркатычнага артыкула 328.
7 ліпеня 2021 года суд Савецкага раёна Мінска асудзіў яго на пяць гадоў калоніі. Акрамя таго, мужчына мусіў выплаціць 8150 рублёў кампенсацыі. Праваабаронцы прызналі Яўгена Сямёнава палітвязнем.
Пасля затрымання застаўся без чатырох пярэдніх зубоў
Сямёнава як рэцыдывіста адправілі ў ваўкавыскую калонію №11. Там ён пазнаёміўся з яшчэ адным палітвязнем — Паўлам Вінаградавым.
«Гэта быў ці не першы палітычны, з кім я паразмаўляў на зоне. Мы жылі ў адным бараку. Але шмат камунікаваць не атрымлівалася: я пераважна сядзеў у ізалятары, а там асабліва не пагаворыш», — распавёў «Нашай Ніве» Павел Вінаградаў.
Абодвух вазілі ў аршанскую турэмную бальніцу з падазрэннем на сухоты. У Сямёнава туберкулёз не пацвердзіўся, таму яго вярнулі ў Ваўкавыск.
Калі Павел Вінаградаў упершыню ўбачыў Яўгена, у таго не было чатырох пярэдніх зубоў.
«Ён расказваў, што падчас затрымання іх выбілі прыкладам аўтамата. Удар па сківіцы быў сур’ёзны, пазней пачалі выпадаць і астатнія зубы. Ужо пасля вызвалення ён паспеў усё адрамантаваць», — кажа Павел.
На зоне Сямёнаў, паводле яго, асабліва не вылучаўся: як і многія палітычныя, перыядычна трапляў у штрафны ізалятар. Пры гэтым добра ведаў англійскую, лёгка знаёміўся з людзьмі і ўмеў падтрымліваць размову.
«У яго даволі пракачаныя софт-скілы. Прыемны ў камунікацыі чалавек. На 23 лютага ён падарыў мне пачак аўсянага печыва са словамі: «Ну ты ж абаронца Айчыны», — узгадвае Павел.
«Я ўсё адно збіраўся за мяжу»
11 верасня 2025 года беларускія ўлады вызвалілі 52 палітвязняў. Іх пасадзілі ў аўтобусы і без дакументаў вывезлі ў Літву. Сярод дэпартаваных былі Павел Вінаградаў і Яўген Сямёнаў. У аўтобусе яны ехалі побач.
«Жэню радаваў той факт, што яго адразу вывозяць за мяжу. Да канца тэрміну яму заставалася некалькі месяцаў, і ён казаў, што пасля вызвалення ўсё адно збіраўся з’язджаць», — расказвае Павел.
У Літве Сямёнаў спрабаваў пачаць жыццё нанова. Двойчы ўладкоўваўся на неафіцыйную працу — імаверна, на будоўлю. І двойчы, паводле Вінаградава, не атрымаў заробленых грошай. Пасля гэтага вырашыў шукаць нешта іншае.
«Ён казаў: «У таксі ўладкуюся, буду вазіць людзей». Працу ён, відаць, знайшоў», — кажа Павел Вінаградаў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары