БЕЛ Ł РУС

Недалёка ад Нарачы прадаецца будынак былога кафэ-бара з адметнымі вітражамі

25.11.2026 / 18:21

Nashaniva.com

У вёсцы Камарова Мядзельскага раёна, непадалёк ад возера Нарач і Блакітных азёр, на электронныя таргі выставілі будынак былога кафэ-бара «Вітраж». Пачатковы кошт аб’екта складае 935 690 рублёў, або каля 312,4 тысячы даляраў, паведамляе Office Life.

Фота: БУТБ

Аднапавярховы цагляны будынак з падвалам на Паркавай вуліцы пабудавалі ў 1960 годзе. Яго агульная плошча — 725,5 квадратнага метра. Доўгі час тут працавала сталовая мясцовага каледжа.

Каля 40 гадоў таму ўстанову ўпрыгожылі літымі вітражамі з тоўстага каляровага шкла. Іх стварылі беларускія мастакі Юрый Хілько і Юрый Падолін. Тры кампазіцыі прысвечаныя прыродзе, урадлівасці і рыбалоўству Нарачанскага краю.

Фота: БУТБ

Пазней кафэ закрылі, а будынак доўгі час пуставаў. У красавіку 2020 года яго ўжо прадавалі з аўкцыёну. Пачатковы кошт складаў адну базавую велічыню — 27 рублёў, але паміж пакупнікамі разгарнулася барацьба, і ў выніку цана вырасла ў 277 разоў — да 7489 рублёў.

Новыя ўладальнікі планавалі адкрыць у будынку сыраварню, краму і галерэю. Яны пачалі рамонт і паспелі абнавіць фасад, але рэалізаваць праект не ўдалося.

У выніку будынак вярнуўся ва ўласнасць раёна. Цяпер яго прадае сектар культуры Мядзельскага райвыканкама. Паводле апісання лота, падчас тэхнічнай інвентарызацыі ў жніўні выявілі, што рэканструкцыя праводзілася без неабходных дазволаў і праектнай дакументацыі. Таму аб’ект выстаўляюць на продаж у фактычным стане як самавольную пабудову.

Разам з будынкам новы ўласнік атрымае ў арэнду зямельны ўчастак плошчай амаль 12 сотак — 0,119 гектара. Дамова арэнды будзе дзейнічаць да 2119 года.

Пры жаданні прызначэнне аб’екта можна змяніць: замест установы грамадскага харчавання тут дазваляецца адкрыць краму, офіс або пункт бытавога абслугоўвання. Новаму ўласніку дадуць два гады на ўвод будынка ў эксплуатацыю. Калі спатрэбіцца новая рэканструкцыя, тэрмін павялічаць да чатырох гадоў.

Аўкцыён прызначаны на 14 снежня. Заяўкі на ўдзел прымаюць да 9 снежня.

Чытайце таксама:

У Баранавічах выставілі на аўкцыён дзейны гандлёвы цэнтр

У Лунінцы з'явіўся вагон-рэстаран, дзеля якога туды едуць з іншых гарадоў

У Сенненскім раёне прадаюць з аўкцыёна старадаўнюю паштовую станцыю

Каментары да артыкула