БЕЛ Ł РУС

У Літве затрымалі некалькіх мясцовых прарасійскіх актывістаў

25.11.2026 / 22:13

Nashaniva.com

25 лістапада пракуратура Літвы затрымала пяцярых чалавек, якіх падазраюць у дапамозе іншай дзяржаве ў дзейнасці супраць Літвы. Сярод затрыманых — вядомыя прарасійскія актывісты Казімерас Юрайціс, Андрус Накас і Дзмітрый Глазкоў. Паводле следства, яны маглі за грошы выконваць розныя заданні для расійскіх дзяржаўных СМІ, піша Delfi.lt.

Казімерас Юрайціс, Андрус Накас, Дзмітрый Глазкоў. Фота: Delfi

Пракуратура паведаміла, што ў межах расследавання правялі больш за дзесяць ператрусаў і іншыя следчыя дзеянні. Да працы далучаны Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы.

Расследаванне пачалося пасля атрымання звестак пра тое, што з восені 2024 года група грамадзян Літвы магла падтрымліваць кантакты з Усерасійскай дзяржаўнай тэлевізійнай і радыёвяшчальнай кампаніяй (ВГТРК), якая кантралюецца расійскімі ўладамі, і за грошы выконваць для яе розныя даручэнні, звязаныя са зборам і перадачай інфармацыі.

Паводле пракуратуры, наяўныя звесткі дазваляюць меркаваць, што гэтыя людзі рыхтавалі і распаўсюджвалі ў Літве матэрыялы, якія адпавядаюць інтарэсам Расіі і паўтараюць яе прапагандысцкія наратывы.

Затрыманых падазраюць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 118 Крымінальнага кодэкса Літвы — дапамозе іншай дзяржаве ў дзейнасці супраць Літвы.

Пра затрыманне трох прарасійскіх актывістаў 25 лістапада паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку Антанас Кандротас, які хаваецца ў Беларусі. Паводле яго інфармацыі, сярод затрыманых — Казімерас Юрайціс, Андрус Накас і Дзмітрый Глазкоў. Пракуратура пацвердзіла Delfi, што гэтыя людзі затрыманыя ў сувязі з супрацоўніцтвам з расійскімі СМІ.

Юрайціс цяпер з'яўляецца абвінавачаным па іншай справе аб дапамозе замежнай дзяржаве ў дзейнасці супраць Літвы. Накас узначальвае прарасійскі партал ekspertai.eu.

Пракуратура паведаміла, што расследаванне працягваецца і праводзяцца іншыя важныя следчыя дзеянні. Рашэнні аб выбары мер стрымання павінны прыняць у бліжэйшы час. Іншыя падрабязнасці пакуль не раскрываюцца.

Чытайце таксама:

Беларускія ўлады адмовіліся выдаць Літве Кандротаса-Цэлафанаса, які ад суда на радзіме ўцёк у Беларусь

Прарасійскага актывіста з Латвіі, які ваяваў з бел-чырвона-белым сцягам, у Расіі прымусілі падпісаць вайсковы кантракт і адправілі на вайну

У Арменіі зноў арыштавалі прарасійскага мільярдэра Карапецяна

Дом Масквы ў Мінску курыруе супрацоўнік ФСБ

Каментары да артыкула