БЕЛ Ł РУС

Шасцёра высокіх амерыканскіх чыноўнікаў перабраліся жыць на вайсковыя базы

28.11.2026 / 18:45

Nashaniva.com

Шэсць высокапастаўленых чыноўнікаў адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пераехалі жыць на вайсковыя базы праз пагрозы бяспецы іх саміх і членаў іх сем’яў, паведамляе тэлеканал CNN.

Скот Бесэнт, Піт Хегсэт і Стывен Мілер. Фота: Kevin Dietsch/Getty Images

Як даведаўся тэлеканал, восенню 2026 года на вайсковую базу разам з сям’ёй пераехаў міністр фінансаў ЗША Скот Бесэнт. Ён заявіў, што іранскае кіраўніцтва пагражае яму і іншым членам амерыканскага ўрада смерцю, але запалохаць іх не атрымаецца.

Неўзабаве да Бесэнта на вайсковую базу Форт-Макнейр пераехалі дзяржсакратар Марка Рубіа, міністр абароны Піт Хегсэт, кіраўнік апарату Белага дома Стывен Мілер, а таксама генеральны пракурор Тод Бланш і яго папярэдніца Пэм Бондзі.

Суседства чыноўнікаў на базе часам прыводзіць да кур’ёзных сітуацый. Паводле слоў Рубіа, дамы яго сям’і і сям’і Хегсета стаяць настолькі блізка, што каты міністра абароны часам заходзяць на веранду дзяржсакратара. Аднойчы і сабака Рубіа забег у дом кіраўніка Пентагона.

Прычынай пераезду сталі пагрозы, якія чыноўнікі атрымлівалі асабіста і ў дачыненні да сваіх блізкіх. Асабліва ўзмацніліся асцярогі пасля забойства 10 верасня 2025 года вядомага актывіста моладзевага крыла руху MAGA Чарлі Кірка.

Пасля гэтага на вайсковую базу вырашыла пераехаць і сям’я Стывена Мілера, аднаго з найбліжэйшых дарадцаў Трампа, які цяпер узначальвае апарат Белага дома. Непасрэднай прычынай стала тое, што адна з актывістак ладзіла пікеты каля ранейшага дома Мілераў і раздавала ўлёткі з яго адрасам.

Дадатковую трывогу выклікала вайна супраць Ірана, якая пачалася 28 лютага 2026 года. У ЗША сталі распаўсюджвацца чуткі, што Іран рыхтуецца ўзарваць у Вашынгтоне «брудную бомбу». Гэта таксама падштурхнула прадстаўнікоў адміністрацыі пераехаць у Форт-Макнейр.

Дырэктар Цэнтра даследаванняў Кангрэса і прэзідэнцтва Амерыканскага ўніверсітэта Томас Кан адзначыў, што высокапастаўленыя чыноўнікі і без таго жывуць адасоблена: іх пастаянна ахоўваюць і суправаджаюць з аднаго мерапрыемства на другое, а затым дадому. Цяпер жа яны яшчэ і жывуць асобна ад большасці амерыканцаў, што ўзмацняе ізаляцыю кіраўніцтва краіны.

Дэмакраты крытыкуюць рэспубліканцаў за тое, што тыя могуць карыстацца жыллём, прызначаным для амерыканскіх вайскоўцаў, за кошт падаткаплатнікаў. Дэмакрат з Каліфорніі Джордж Уайтсайдс паставіў пытанне, ці плацяць высокапастаўленыя чыноўнікі за жыццё там справядлівую рынкавую цану.

Асабліва вострай крытыцы падвергнуўся Піт Хегсэт. Стала вядома, што Міністэрства абароны ЗША плануе выдаткаваць 138 тысяч даляраў на рамонт дома ў Форт-Макнейр, дзе жыве кіраўнік ведамства.

У Дэмакратычнай партыі імпічмент Хегсэту называюць адной з першачарговых задач пасля таго, як у студзені 2027 года абедзве палаты Кангрэса могуць перайсці пад кантроль апанентаў Трампа.

Чытайце таксама:

Трамп назваў самага ўплывовага чалавека ў свеце

Трамп прызначыў новым кіраўніком апарата Белага дома змагара з іміграцыяй Стывэна Мілера

Марка Рубіа можа пайсці ў адстаўку, каб рыхтавацца да прэзідэнцкай кампаніі

Вайсковец адчытаў кіраўніка Пентагона Піта Хегсета за смех каля Магілы Невядомага салдата. Хегсет узнагародзіў яго ВІДЭА

Палата прадстаўнікоў ЗША прагаласавала супраць спробы імпічменту міністра абароны Піта Хегсэта

Каментары да артыкула