БЕЛ Ł РУС

«Алеся» каля «Беларусі», «Марыя» ідзе да «Пярэспы». Як рухаецца будаўніцтва новых станцый мінскага метро

28.11.2026 / 20:14

Nashaniva.com

У Мінску працягваецца будаўніцтва Зялёналужскай лініі метро. Тунэлі, якія злучаць тры новыя станцыі — «Камароўскую», «Пярэспу» і «Парк Дружбы народаў», — пракладаюць два механізаваныя комплексы: «Алеся» і «Марыя». Кожны з іх здольны праходзіць каля 250 метраў за месяц, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Паводле слоў дырэктара Дырэкцыі па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна Івана Мікульскага, цяпер «Алеся» знаходзіцца ў раёне гатэля «Беларусь». «Марыя» ўжо прайшла месца, дзе размесціцца станцыя «Камароўская» пад скрыжаваннем вуліц Максіма Багдановіча і Веры Харужай, і рухаецца ў напрамку «Пярэспы».

На пляцоўках будучых станцый «Камароўская» і «Пярэспа» працягваецца распрацоўка катлаванаў. Непасрэдна да ўзвядзення станцыйных комплексаў плануюць прыступіць у 2027 годзе.

На станцыі «Парк Дружбы народаў» вядуцца маналітныя работы. Завяршыць іх разлічваюць у студзені. Таксама будуюць абаротныя тупікі, дзе цягнікі будуць разварочвацца. Зваротную засыпку грунту плануюць выканаць у пачатку 2027 года.

Будаўніцтва ўскладняюць неспрыяльныя ўмовы надвор’я і абводненыя грунты. Каб справіцца з гэтымі праблемамі, на пляцоўках кругласутачна працуюць сістэмы паніжэння ўзроўню грунтавых вод. Паралельна ўжо пачалі закупляць абсталяванне для будучых станцый.

На нарадзе таксама абмеркавалі будаўніцтва чацвёртай, кальцавой лініі метро. Праектныя рашэнні па падрыхтоўчым этапе цяпер праходзяць экспертызу.

Пасля атрымання станоўчага заключэння плануюць выбраць падрадчыкаў і заключыць дамовы. Першы ўчастак кальцавой лініі будзе складацца з трох станцый і злучыць «Парк Дружбы народаў» з жылым раёнам Вяснянка. Яго працягласць складзе крыху больш за чатыры кіламетры. Далей лінію плануюць працягнуць у напрамку станцыі «Пушкінская».

Чытайце таксама:

У Мінску строяць планы, як заахвоціць аўтамабілістаў карыстацца метро

Мінскія ўлады ўжо абмяркоўваюць ідэю Лукашэнкі запусціць трамваі ў метро

Рабіць вагоны для мінскага метро зноў хочуць даручыць «Штадлеру»

У мінскім метро расказалі, колькі часу займае паездка ад першай да апошняй станцыі

У мінскім метро пачалі запускаць сетку сувязі 5G

Каментары да артыкула