У Мінскім метрапалітэне пачалі ўкараняць сетку мабільнай сувязі 5G. Інфраструктурны аператар beCloud ужо паставіў базавыя станцыі на некалькіх станцыях сталічнай падземкі. Тэхналогіяй могуць карыстацца абаненты розных мабільных аператараў, паведамляе БелТА.

Падключэнне 5G цяпер даступнае на станцыях «Кастрычніцкая», «Плошча Перамогі», «Плошча Якуба Коласа», «Інстытут культуры» і «Грушаўка» Маскоўскай лініі, а таксама на «Купалаўскай» і «Нямізе» Аўтазаводскай лініі.
Базавыя станцыі забяспечваюць сігнал на платформах, у вестыбюлях і непасрэдна ў вагонах цягнікоў. Калі на смартфоне з'яўляецца значок 5G, гэта азначае, што прылада падключылася да адной з такіх станцый. Надалей beCloud плануе пашыраць сетку на іншыя ўчасткі метро.
У кампаніі назвалі сталічную падземку адным з прыярытэтных аб'ектаў для развіцця 5G. Паводле яе звестак, у 2026 годзе карыстальнікі адзінай сеткі 4G/5G падчас паездак у метро спампавалі амаль 10 тысяч тэрабайтаў даных. Найбольшая актыўнасць назіралася ў верасні і кастрычніку. Чакаецца, што ўкараненне 5G палепшыць якасць сувязі ў найбольш загружаных месцах, асабліва ў гадзіны пік.
Цяпер у Беларусі працуюць каля 1200 базавых станцый 5G. У Мінску мадэрнізацыя сеткі таксама закранула раёны каля гандлёвых цэнтраў Palazzo, Galileo і Dana Mall, Камароўскага рынку, ЦУМа і Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета.
Каментары