Аляксей Марачкін: «Дзяды — гэта вялікае сьвята памінаньня продкаў. Кожны павінен ведаць сам сябе, адкуль ён пачынаўся. Дзяды, нашы продкі, павінны нас мацаваць сваім духам. Для мяне Дзяды — гэта Караткевіч, Купала, Колас, Цётка, Каліноўскі, гэта наш фундамант. Ён нас мацуе, і мы будзем сваімі паводзінамі мацаваць будучыя пакаленьні. Калі выбіраю так зрабіць ці іначай, думаю: а як бы на гэта паглядзеў Уладзімір Караткевіч? А як бы сказаў Васіль Быкаў? У нас ёсьць духоўны арыенцір нашых дзядоў. У нас ёсьць духоўныя арыентыры, якія жывуць і сёньня, і дай Бог ім добрага жыцьця. Ну што ж, калі мы жывем у такі час, даволі неспрыяльны.

Так, дзяды ўсякія былі. Скажу як мастак: мінулае ў нас па аб’ёму — велізарны мэмарыял. Ня ўсё так адназначна. Адны дзяды нашы былі ў Кастуся Каліноўскага паплечнікамі і ішлі супраць царскай імпэрыі. А другія дзяды былі па другі бок, нашы беларусы, якія ішлі супраць паўстаньня Каліноўскага, нацкаваныя царскай імэрыяй. Так, як і ў 1812 годзе, калі Напалеон сюды ішоў, яго сустракалі як вызвольніка ад царскай імпэрыі. З другога боку бралі ж нашых беларусаў і ў царскае войска, і яны вымушаны былі ваяваць супраць Напалеона. Праз гэты падзел мы маем такую неакрэсьленую спадчыну. Хоць мы тут сваімі нагамі на сваёй тэрыторыі, але адной нагой тут, а другая — альбо туды, на Захад, альбо бліжэй да Масквы. У такім стане нас лёгка выбіць, абсалютна. Дваццаць год таму мы ішлі і пратэставалі супраць камуністычнага дыктату, але, фактычна, камуністычны дыктат мае свой твар — гэта перадусім імпэрская Расея. І як бы там ні было, тут Зянон мае рацыю: імпэрская Расея свае шчупальцы распаўсюджвае на бліжэйшыя тэрыторыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?