«Наша Ніва» звязалася з Адамам Глебавічам. Цяпер ён дома. 

Раней паведамлялася, што да Шпакоўскага прыйшлі нібыта праз скаргу суседзяў: маўляў, «дастаў сваёй беларускай мовай».

Сам пенсіянер каментуе гэта так: «Такую версію я чуў, яна ўсплывала падчас размоў з міліцыянтамі. Канечне, існуе верагоднасць, што ў пад’ездзе жыве чалавек, якога раздражняе беларуская мова, але хто гэта канкрэтна, я не ведаю. 

Але мяркую, што гэтая версія пра суседзяў — так, для прыкрыцця. Насамрэч, можа, прыйшлі праз той чат, адміністраванне якога мне прыпісалі. Хоць там сітуацыя такая: сапраўды быў чат, але ён быў прысвечаны мясцоваму самакіраванню, прадугледжанаму заканадаўствам. Там абмяркоўваліся выключна легальныя пытанні, яго называць дэструктыўным ні ў якім разе нельга. І калі ў тым чаце з’яўляліся новыя ўдзельнікі, ім аўтаматам даваліся правы адміністратара. Такая пазнака была і ў мяне, хоць я ніякай арганізацыйнай дзейнасцю там не займаўся».

Але Шпакоўскі атрымаў спачатку 15 сутак, як ён сам кажа, за 20-сантыметровы бела-чырвона-белы сцяжок, які стаяў на падаконні. 

Пасля — яшчэ 12 сутак. Кажа, яго ўжо афармлялі на выхад, але так і не адпусцілі. Аб’явілі, што зноў затрыманы, цяпер за дэманстрацыю свастыкі.

«З майго акаўнта быў дасланы крытычны тэкст пра сітуацыю ў нашай дзяржаве, у якасці ілюстрацыі быў малюнак, на якім была свастыка. За гэта я атрымаў 12 сутак, — кажа Шпакоўскі. — 

Усе два разы судзілі мяне праз скайп. Побытавыя ўмовы нармальныя, лепш, чым у многіх. Колькасць чалавек у камеры ніколі не перавышала колькасць ложкаў. Матрацы былі, коўдры давалі. Гвалт да мяне не прымянялі. 

Цяпер Шпакоўскі на волі. А вось грошы пакуль у следчых. 

«Гэта нашы сямейныя грошы, мы гэта можам лёгка даказаць. Там буйная сума, але тая лічба, якую называла міліцыя, усё ж значна перабольшаная.

Дарэчы, спачатку пасля затрымання спрабавалі неяк выцягнуць з мяне, што я займаўся фінансаваннем пратэстаў. Але пасля не было пытанняў, каб я даказаў, што грошы мае. 

Цяпер, наколькі я ведаю, ніякай крымінальнай справы на мяне няма. Я звяртаўся з просьбай вярнуць мне маю маёмасць — але адказ быў, што «працягваюцца следчыя дзеянні».

Калі са смартфонам я яшчэ разумею, якія дзеянні могуць працягвацца, то якія могуць быць дзеянні з грашыма?» — дзіўляецца Шпакоўскі. 

Але ён лічыць, што раней ці пазней грошы верне. 

«Грошы вернуцца. Як казаў стары мудры маг: рана ці позна, так ці інакш. Але не факт, што хутка», — кажа пенсіянер.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?