Фота pixabay.com

CNN прапануе спіс з 5 краін, якія ўжо сталі на такі шлях.

Данія: 370 новых выпадкаў (па стане на 15 верасня — прым.)

10 верасня дацкі ўрад зняў усе кавідныя абмежаванні, якія яшчэ дзейнічалі ў краіне. Чыноўнікі абвясцілі, што кавід больш не з’яўляецца хваробай, якая нясе для грамадства крытычную пагрозу. Цяпер датчане могуць наведваць начныя клубы і рэстараны без кавідных пашпартоў, не насіць маску ў грамадскім транспарце, таксама знятыя любыя абмежаванні па колькасці людзей, якія могуць разам сустракацца.

Часткова такі поспех звязаны з тэмпамі вакцынацыі. Па даных на 13 верасня, больш за 74% датчан атрымалі поўную дозу супрацькавіднай прышчэпкі. Тым не менш, чыноўнікі краіны ўпэўніваюць, што, калі тэмпы захворванняў пачнуць павялічвацца, меры перасцярогі зноў будуць прынятыя.

Сінгапур: 807 новых выпадкаў

У чэрвені сінгапурскі ўрад абвясціў, што цяпер краіна пераходзіць на стратэгію «жыццё пры кавідзе». Замест таго, каб накладваць на людзей нейкія абмежаванні, улады вырашылі кантраляваць колькасць захворванняў з дапамогай вакцын і сачыць за ўзроўнем шпіталізацый.

У жніўні ўлады пачалі здымаць некаторыя меры перасцярогі. Напрыклад, цалкам вакцынаваныя людзі атрымалі права наведваць рэстараны і збірацца ў групах да пяці чалавек (ранейшы максімум складаў два чалавекі).

Аднак прыход у краіну штама «дэльта», які вельмі лёгка перадаецца, выклікаў усплеск колькасці хворых і адпаведна паставіў спадзяванні сінгапурцаў пад пагрозу. Цяпер чыноўнікі папярэджваюць, што, магчыма, абмежаванні прыйдзецца вярнуць. Пакуль што ўлады спрабуюць стрымаць вірус праз адсочванне кантактаў і магчымых крыніц заражэння, а таксама больш частае абавязковае тэсціраванне дя супрацоўнікаў сфер высокай рызыкі. Пра вакцынацыю ў Сінгапуры таксама не забываюць — тут яе ўзровень складае 81%.

Таіланд: 13 801 новы выпадак

У наступным месяцы Таіланд плануе адкрыць для замежных турыстаў Бангкок і іншыя папулярныя лакацыі. Для краіны гэта яшчэ адзін крок на шляху выратавання жыццёва важнай турыстычнай індустрыі ва ўмовах росту колькасці хворых. Цяпер цалкам вакцынаваныя турысты здолеюць наведаць сталіцу Таіланда, а таксама гарады Хуахін, Патая і Чыянгмай. Іншая папулярная лакацыя, востраў Пхукет, стаў даступны для замежнікаў яшчэ 1 ліпеня.

У 2020 годзе строгі каранцін дапамог тайцам пазбегнуць вялікай колькасці хворых, аднак у гэтым годзе краіна адчула на сябе ўдар пандэміі. Што датычыцца вакцынацыі, тут Таіланд яўна не ў лідарах — усяго 18% цалкам прышчэпленых.

Паўднёваафрыканская Рэспубліка: 4667 новых выпадкаў

Пасля таго як у ПАР колькасць заражэнняў пачала зніжацца, урад краіны зняў некаторыя кавідныя абмежаванні. Сярод іншага, улады скарацілі каменданцкі час — цяпер ён доўжыцца з 11-й гадзіны вечара да 4-й раніцы, знялі частку абмежаванняў на продаж алкаголю, а таксама павысілі ліміты па колькасці людзей, якія могуць збірацца разам. Цяпер для памяшканняў гэтыя ліміты складаюць 250 чалавек, а для адкрытых пляцовак — 500 чалавек.

ПАР прайшла амаль усю пандэмію з выключна строгімі мерамі супрацькавіднай перасцярогі — часам у краіне ўвогуле дазвалялі людзям збірацца разам толькі на пахаваннях. Пакуль што ў ПАР не надта высокі ўзровень вакцынацыі, толькі больш за чвэрць дарослых атрымалі хаця б адну дозу прышчэпкі. Аднак чыноўнікі сцвярджаюць, што ў іх хопіць вакцын на ўсё насельніцтва краіны.

Чылі: 401 новы выпадак

Згодна з афіцыйнымі данымі, прыкладна 87% чылійцаў, што падпадаюць пад вакцынацыю, ужо атрымалі поўную дозу прышчэпкі. Медыкі ўжо нават пачалі даваць такім людзям дадатковыя дозы вакцыны.

Нягледзячы на пагрозу, што сыходзіць ад штама «дэльта», чылійскі ўрад збіраецца з 1 кастрычніка адкрыць краіну для міжнароднага турызму. Ад замежнікаў будзе патрэбна толькі адпавядаць шэрагу патрабаванняў і сысці на пяцідзённую самаізаляцыю па прыездзе ў краіну.

***

Беларускае кіраўніцтва адразу абрала такі стыль жыцця, нібыта кавіду не існуе. Беларусы і самі адмаўляюцца ад мер перасцярогі, не спяшаюцца праходзіць вакцынацыю. Але даныя несуцяшальныя. Нават афіцыйныя крыніцы прызнаюць, што ў краіну прыйшла чацвёртая хваля пандэміі кавіду, і па стане на 16 верасня за апошнія суткі было зарэгістравана 1967 новых выпадкаў хваробы. Што да неафіцыйнай інфармацыі, то прыходзяць звесткі пра чэргі ў паліклініках і перапоўненыя аддзяленні кавідных шпіталёў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?