Джэк Стронг. Пад такім гучным псеўданімам амаль дзесяцігоддзе на карысць амерыканскай разведкі працаваў афіцэр Генштаба Польшчы Рышард Ежы Кукліньскі. Гэта было ў час, калі Польшча была падкантрольная Маскве, як цяпер Беларусь. Кім лічыць Кукліньскага? Шпіёнам, падвойным агентам, польскім патрыётам, героем, здраднікам, а можа, проста рамантыкам? Адно несумненна: ён працаваў супраць СССР, бо лічыў яго прыгнятальнікам і мучыцелем свайго народа.
Апошняе афіцэрскае пасведчанне палкоўніка Кукліньскага. WIKIMEDIA COMMONS
За крок ад правалу
8 лістапада 1981 года. Ноч. На памежным пераходзе паміж Усходнім і Заходнім Берлінам, абсталяваным на звычайнай, заціснутай будынкамі вузкай берлінскай вулцы, перад шлагбаумам спыняецца белы грузавы мікрааўтобус. Усярэдзіне машыны знаходзяцца некалькі вялізных драўляных скрыняў, аблепленых паперамі з пячаткамі амерыканскай амбасады: дыпламатычная пошта, звычайная справа. Але ўнутры скрыняў асобна адзін ад аднаго месцяцца, затаіўшы дыханне, людзі. Сям’я. Чалавек у форме палкоўніка польскай арміі. Жанчына. Два юнакі.
Праверка дакументаў. Ваў! Гэтай машыны няма ў спісе дазволеных для праезду! Няўжо правал? Каларытны чарнаскуры кіроўца па патрабаванні нямецкага афіцэра са знарочыста абыякавым выглядам адчыняе заднія дзверцы аўто. Скурчаны ў драўляным кубе польскі афіцэр дрыжачымі пальцамі дастае з кішэні маленькі футляр, адкуль выкалупвае капсулку. Там атрута. Капсулка ўжо ў роце. Застаецца толькі раструшчыць зубамі. Але ўсё абыходзіцца. Машыну прапускаюць. Са словамі «Дапамажы мне, Божа!» палкоўнік выплёўвае смяротную «цукерку». Жыццё працягваецца.
Вышэй быў пераказ сюжэта з мастацкага фільма польскага кінарэжысёра Уладзіслава Пасікоўскага «Джэк Стронг». А як на самай справе адбываліся ўцёкі сям’і высокапастаўленага польскага вайскоўца, дакладна нам невядома. ЦРУ дагэтуль не раскрыла сваіх сакрэтаў. Але афіцыйная версія эвакуацыі Рышарда Кукліньскага, яго жонкі і двух сыноў існуе, і яна больш празаічная, чым тая, што паказаная ў фільме.
Польскі акцёр Марцін Дараціньскі ў ролі Рышарда Кукліньскага ў фільме «Джэк Стронг» (2014). KINOPOISK.RU
Уцёкі на пралетарскае свята
7 лістапада 1981 года Рышард Кукліньскі ў якасці прадстаўніка Генеральнага штаба Войска Польскага святкаваў у савецкай амбасадзе ў Варшаве чарговую гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі. У гэты час яго сям’я і нават любімы сабака былі ўжо таемна перавезеныя ў Заходні Берлін. Сам Кукліньскі ў гэты ж вечар, не заходзячы дамоў, рушыў у амбасаду ЗША, дзе атрымаў пашпарт брытанскага грамадзяніна і неадкладна, без усялякіх прыгодаў, вылецеў у Лондан. Сям’я аб’ядналася на тэрыторыі вайсковай амерыканскай базы ў Баварыі, адкуль была перапраўленая ў ЗША. Амаль дзесяцігадовая шпіёнская дзейнасць польскага афіцэра на карысць ЦРУ нарэшце была завершана.
Лічыцца, што гэта быў адзін з самых каштоўных агентаў у гісторыі разведак.
Пасольства ЗША ў Варшаве. WIKIMEDIA COMMONS, CHRISTOPHER ZIEMNOWICZ (CC BY 3.0)
Дзяцінства на фоне вайны
Нарадзіўся Рышард-Ежы Кукліньскі 13 чэрвеня 1930 года ў Варшаве ў рабочай сям’і. Бацькі былі шчырымі каталікамі, але адначасова і сацыялістамі. Такое часам можа сумяшчацца. Галоўныя ўражанні з дзяцінства? Безумоўна — вайна. Спачатку верасень 1939 года, які запомніўся незразумелай для дзіцяці мітуснёй дарослых, выццём сірэн, выбухамі і стральбой. А далей — жыццё пад акупацыяй.
Яго бацька ўваходзіў у склад падпольнай арганізацыі «Меч і плуг», якая змагалася за вызваленне Польшчы як ад нацыстаў, так і ад камуністаў. Рышард разам з сябрамі дапамагаў перадаваць прадукты вязням Варшаўскага гета. Расклейваў лістоўкі. Пазней нават спрабаваў запісацца ў Армію Краёву, але не ўзялі: замалы.
Вялізным ударам стаў арышт бацькі, якога пры затрыманні ва ўласнай кватэры жорстка збілі, а потым звезлі ў невядомым кірунку. Гэта адбылося ў маі 1943 года.
Рышард рана навучыўся прымаць самастойныя рашэнні. Чуў пра дзейнасць эмігранцкага польскага ўрада ў Лондане, які кіраваў узброеным супрацівам свайго народа. Каб трапіць у Вялікабрытанію, разам з сябрамі завербаваўся на працу ў Германію (дзіцячая наіўнасць), але апынуўся там у статусе зняволенага. У выніку — 18 месяцаў прымусовай працы на нямецкіх ваенных прадпрыемствах.
Пасля вайны беспаспяхова шукаў бацьку (як стане вядома пазней, той загінуў у канцлагеры Заксенхаўзэн). Вярнуўся ў Польшчу. Працаваў вартаўніком на фабрыцы, вучыўся ў вячэрняй школе. Калі споўнілася 17 гадоў, паехаў ва Уроцлаў, дзе паступіў у Афіцэрскую пяхотную школу.
Удалая кар’ера
Вайсковая кар’ера складвалася больш чым удала. Пачынаў як пяхотны афіцэр. У 25-гадовым узросце ўжо камандаваў батальёнам. Быў вельмі здольным. Найбольш праявіў сябе як «аператар». Менавіта так нефармальна называлі тых штабных афіцэраў аператыўных аддзелаў, якія выпрацоўвалі аператыўна-тактычныя разлікі пры разгортванні баявых дзеянняў, рыхтавалі планы вучэнняў, пераносілі тэкставыя рашэнні на карты. Гэтая праца вымагала не толькі добрай вайсковай адукацыі, але і аналітычнага складу мыслення.
У 1961 годзе Кукліньскі паступіў у Акадэмію Генеральнага штаба Польшчы. Менавіта ў сценах акадэміі ён пачуў пра гучную справу амерыканскага шпіёна, былога палкоўніка Савецкай арміі Алега Пянькоўскага (гл. пра яго артыкул у № 2/2021 «Нашай гісторыі»), але не мог нават уявіць сабе, што некалі абярэ падобны шлях.
Падчас вучобы Кукліньскі пачаў супрацоўнічаць з польскай контрразведкай. Менавіта таму ў яго з’явілася свая яхта. Ён служыў тады ў адной з супрацьдэсантных брыгад, сфарміраваных для аховы польскага ўзбярэжжа: Савецкі Саюз і яго польскія і гэдээраўскія саюзнікі рыхтаваліся да высадкі там амерыканскага дэсанту ў выпадку вайны. На гэтай яхце пад выглядам марскіх прагулак Кукліньскі здзяйсняў запланаваныя контрразведчыкамі падыходы да берагоў Швецыі.
У 1964 годзе Кукліньскага накіравалі ў аддзел аператыўнай падрыхтоўкі Генеральнага штаба Войска Польскага. Неўзабаве ён стаў адным з галоўных аўтарытэтаў у пытаннях распрацоўкі вучэнняў, якія праводзілі ўзброеныя сілы Польшчы і іншых краін Варшаўскай дамовы. Яго паважалі, яго цанілі, яму давяралі.
У 1967 годзе Кукліньскі выязджаў у В’етнам, дзе на працягу шасці месяцаў працаваў у складзе Міжнароднай наглядальна-кантрольнай камісіі. Некаторыя публіцысты лічаць, што менавіта з гэтага моманту і пачаўся шпіёнскі серыял пад назвай «Джэк Стронг». У В’етнаме нібыта Рышард Кукліньскі пазнаёміўся з амерыканскімі вайскоўцамі і, магчыма, быў імі завербаваны. На гэтай версіі настойваюць тыя, хто лічыць Кукліньскага здраднікам і злачынцам. Але гэта толькі версія, не пацверджаная фактамі.
Пасля вяртання на радзіму ён купіў сабе новы аўтамабіль «Опель-Рэкорд». Гэта цяпер на «Опель» у нашых краях глядзяць як на дзяшоўку. А тады гэта лічылася ого-го. На грошы амерыканцаў? Не, тут усё празрыста, шпіён не стаў бы так свяціцца. Проста атрымаў добрыя камандзіровачныя.
Арганізацыя Варшаўскай дамовы
— міждзяржаўны вайсковы саюз, які існаваў у 1955—1991 гадах. У яго ўваходзілі еўрапейскія сацыялістычныя дзяржавы, а вядучую ролю адыгрываў СССР. Задумваўся гэты блок як супрацьвага створанай у 1949 годзе Арганізацыі Паўночнаатлантычнай дамовы (НАТО) на чале з ЗША.
Дамова аб стварэнні арганізацыі была падпісана 14 мая 1955 года на Варшаўскай нарадзе еўрапейскіх дзяржаў па забеспячэнні міру і бяспекі ў Еўропе. Нагодай для гэтага стала далучэнне да НАТО за некалькі дзён да таго Федэратыўнай Рэспублікі Германія. Членамі арганізацыі сталі, акрамя СССР, Албанія, Балгарыя, Венгрыя, ГДР, Польшча, Румынія і Чэхаславакія, то-бок усе тагачасныя сацыялістычныя еўрапейскія краіны, апрача Югаславіі. У 1961 годзе, праўда, Албанія Энвера Ходжы з-за ідэалагічных рознагалоссяў перастала ўдзельнічаць у блоку, а ў 1968-м выйшла з яго і афіцыйна.
У рамках арганізацыі былі створаныя Аб’яднаныя вайсковыя сілы дзяржаў — удзельніц Варшаўскай дамовы, галоўнакамандуючымі і начальнікамі штабоў якіх заўсёды былі савецкія военачальнікі. Пастаянна праводзіліся сумесныя вучэнні і манеўры, ажыццяўлялася каардынацыя дзеянняў разведак розных краін. У жніўні 1968 года дзяржавы Варшаўскай дамовы сумесна ўвялі войскі ў Чэхаславакію, задушыўшы «Пражскую вясну», ухілілася ад гэтага толькі Румынія на чале з Нікалае Чаўшэску.
Пасля серыі паспяховых антыкамуністычных рэвалюцый ва Усходняй Еўропе ў 1989—1990 гадах існаванне арганізацыі страціла свой сэнс, 1 ліпеня 1991-га Варшаўская дамова была афіцыйна скасаваная.
«Пражская вясна»
Тое, што адбылося ў жніўні 1968 года на вуліцах Прагі, стала шокам для ўсіх. Крывёю пражан запэцкаліся многія, у тым ліку і Рышард Кукліньскі. Не, ён не аддаваў загады страляць па людзях. Яго наогул у той час у чэхаславацкай сталіцы не было. Але віну адчуваў. І было за што. Ён браў удзел у распрацоўцы аператыўнага плана пад кодавай назвай «Дунай». Гэта была аперацыя, распрацаваная аб’яднаным камандаваннем Варшаўскай дамовы сумесна з Генеральным штабам Узброеных сілаў Савецкага Саюза. Пад выглядам стратэгічных вучэнняў у Чэхаславакію павінны былі ўвайсці войскі, каб сілай зброі задушыць мірныя рэформы, якія ажыццяўляла суверэнная дзяржава. І гэта ўдалося.
Прага, 1968 год. WIKIMEDIA COMMONS
Пад выглядам стратэгічных вучэнняў у Чэхаславакію ўвайшлі войскі, каб сілай зброі задушыць мірныя рэформы, якія ажыццяўляла суверэнная дзяржава.
Кроў палякаў
Падзеі 1970 года чарговы раз падштурхнулі Кукліньскага да пякучых душэўных разважанняў.
У тым годзе армія і міліцыя ў Гданьску адкрылі агонь па рабочых, якія забаставалі і выйшлі на вуліцы ў знак пратэсту супраць павышэння цэн.
Цяпер кроў нявінных ахвяраў пралілася ўжо не ў іншай краіне, а ў польскім горадзе. Кукліньскі зноў адчуў сваю віну. Гэтым разам проста з-за датычнасці да арміі, якая выканала загад страляць у свой народ. Тое, што адбылося, не давала спакою, не адпускала яго. І гэта ўсё здарылася ў Памераніі, дзе ён некалі служыў.
Што адбылося на ўзбярэжжы?
Снежань 1970 года. Набліжаліся святы — Раство і Новы год. Час падарункаў і святочных застолляў. Але планавая эканоміка Польшчы трашчала па швах. Заганная сістэма, завязаная на СССР, была няздольная забяспечыць эканамічны рост. Польскі ўрад вырашыў узняць цэны на прадукты, будматэрыялы і прамтавары. Інфармацыя пра гэта прайшла спачатку па радыё (12 снежня), а потым у газетах.
Народ такому навагодняму «падарунку» не ўзрадаваўся. Абурыліся ўсе палякі. Але забаставалі, а потым выйшлі на вуліцы толькі на поўначы Польшчы на Балтыйскім узбярэжжы. Дэманстрацыі прайшлі ў Гданьску, Гдыні, Эльблангу, Шчэціне і Слупску.
Галоўнай сілай пратэстаў былі рабочыя-суднабудаўнікі. Спачатку яны проста патрабавалі адмяніць павышэнне цэнаў. Потым дадаліся і іншыя патрабаванні: пакараць вінаватых у эканамічным крызісе; ліквідаваць цэнзуру і прывілеі для супрацоўнікаў спецслужбаў, міліцыянераў і вайскоўцаў. Апагей падзей прыйшоўся на 17 снежня. Гэты дзень увайшоў у польскую гісторыю пад назвамі «чорны чацвер» і «разня на ўзбярэжжы».
Улады кінулі на задушэнне пратэстаў моцную вайсковую групоўку (27 тысяч вайскоўцаў, танкі і БТРы), а таксама 5 тысяч міліцыянераў.
Першай ахвярай стаў 17-гадовы рабочы Збігнеў Гадлеўскі. Тры кулі абарвалі жыццё юнака проста на аўтобусным прыпынку. Яго цела паклалі на сарваныя з завесаў дзверы і пранеслі па вуліцах Гдыні. Наперадзе працэсіі людзі неслі акрываўленыя бела-чырвоныя польскія нацыянальныя сцягі.
Пра смерць юнака даведалася ўся Польшча. Але гэта не спыніла карны каток. У тыя снежаньскія дні на вуліцах польскіх гарадоў загінулі 44 чалавекі (41 рабочы, два міліцыянеры і адзін салдат), 1100 чалавек былі параненыя. Тры тысячы арыштаваныя. Азлобленыя людзі рабавалі і палілі дзяржаўныя будынкі і крамы. Найбольшай жорсткасцю пры задушэнні пратэстаў адзначыліся байцы ZOMO — польскага АМАПа.
На перамовы
Хоць пратэсты і былі спыненыя сілай, камуністычныя ўлады ўсё ж вымушаныя былі пайсці на перамовы з народам. Павышэнне цэн адмянілі, павысілі заробкі нізкааплатным катэгорыям работнікаў. У Гданьску пачалі масавае будаўніцтва шматкватэрных дамоў для сем’яў рабочых.
Быў адхілены ад улады тагачасны кіраўнік Польшчы Уладзіслаў Гамулка, які ў тыя дні перанёс сардэчны прыступ. Але тых, хто страляў у рабочых і хто аддаваў загад страляць, не пакаралі. Месца Гамулкі са згоды Масквы заняў больш гнуткі, настроены на дыялог з грамадствам і развіццё эканамічных сувязяў з Захадам Эдвард Герак. Масква спадзявалася, што разумнейшы лідар зможа ўратаваць аўтарытэт «прасавецкага выбару».
Пройдзе дзесяць гадоў — і…
Пройдзе дзесяць гадоў — і многія былыя забастоўшчыкі, актыўныя ўдзельнікі снежаньскіх падзей, складуць аснову прафсаюзнага руху «Салідарнасць», які стане далакопам камуністычнай сістэмы Польшчы.
Яшчэ праз два дзесяцігоддзі сілавое падаўленне дэманстрацый у снежні 1970 года будзе прызнанае незаконным і злачынным. Але не ўсе злачынцы паўстануць перад судом. У 1982 годзе памрэ ад інсульту Уладзіслаў Гамулка. Не дажыве да справядлівага зямнога суда, памёршы ў 1986-м, і Мечыслаў Мочар — дарэчы, сын полькі і беларуса з-пад Камянца, яго сапраўднае імя Мікола Дзёмка, — які кіраваў дзеяннямі міліцыі і дзяржбяспекі. Будзе расфарміраваны міліцэйскі спецназ ZOMO — яго дзейнасць у 1970-м кваліфікуюць як злачынны гвалт таталітарнай дыктатуры.
Менш ведаеш, лепш спіш
Азнаямленне Рышарда Кукліньскага са шматлікімі сакрэтнымі ваеннымі дакументамі, стратэгічнымі планамі Арганізацыі Варшаўскай дамовы, а таксама нефармальныя размовы з найвышэйшымі чынамі польскага Генеральнага штаба аптымізму не дадавалі. У выпадку глабальнага канфлікту з НАТА Польшча, па планах Масквы, калі называць рэчы сваімі імёнамі, мусіла ператварыцца ў ядзерную пустыню. Рашэнне распачаць дзейнасць супраць камуністычнай сістэмы, каб не дапусціць «праліцця польскай крыві на алтар Чырвонай імперыі», у Кукліньскага толькі ўмацавалася.
Планы ў галаве круціліся розныя. Адзін з іх — стварэнне падпольнай арганізацыі з афіцэраў, незадаволеных прасавецкай палітыкай польскага ўрада. Наладжванне супрацоўніцтва з НАТО. Пры пагрозе развязвання вайны — ваенны пераварот. Змена палітычнага курсу і выхад з Варшаўскай дамовы. Вось такі быў план. Заставалася выйсці на прадстаўнікоў заходніх выведак. Лепш, калі гэта будуць амерыканцы. Менавіта ім Рышард Кукліньскі давяраў найбольш.
У цяперашняй Польшчы палкоўніка Кукліньскага лічаць адным з герояў, якія здабылі краіне свабоду і незалежнасць. DEPOSITPHOTOS.COM, BY FOTORINCE74
Пачатак аперацыі «Чайка»
У жніўні 1972 года ён здолеў пераправіць ліст вайсковаму аташэ ЗША ў Боне. Амерыканцы адрэагавалі на змест ліста, напісанага ламанай англійскай мовай, вельмі аператыўна. Агучаныя на сустрэчы грандыёзныя планы (пра падпольную арганізацыю і пераварот) іх не зацікавілі. Ім патрэбен быў проста інфарматар. І ніякіх гульняў з пераваротамі. Проста перадача важнай інфармацыі. Кукліньскі даў згоду. Атрымаў агентурны псеўданім Джэк Стронг (Джэк Моцны). Аперацыя пад кодавай назвай «Чайка» пачалася.
Будынак Генштаба Войска Польскага ў Варшаве. Тут Рышард Кукліньскі служыў у 1964—1981 гадах. WIKIMEDIA COMMONS
Па прыступках таемнай кар’еры
«Шпіёнская кар’ера» Кукліньскага развівалася імкліва. Першую інфармацыю польскі афіцэр перадаў у снежні 1972 года. Гэта былі 300 старонак са звесткамі пра вайсковыя часці і падраздзяленні ўзброеных сілаў Польшчы і Савецкага Саюза ў іншых краінах Варшаўскай дамовы.
Праз год Рышард Кукліньскі быў ужо прызнаны агентам асаблівай важнасці для бяспекі ЗША і краін НАТА. Яшчэ праз год яго статус зноў вырас. Цяпер інфармацыю ад яго маглі атрымліваць толькі асабіста прэзідэнт і шэсць найвышэйшых чыноў ЗША. У 1975 годзе Кукліньскі напісаў і перадаў за мяжу аналітычны тэкст аб стратэгічных праблемах ЗША ў супрацьстаянні з Арганізацыяй Варшаўскай дамовы. Лічыцца, што менавіта гэтая інфармацыя паслужыла нагодай да змянення ваеннай дактрыны Амерыкі.
Адчуў смак
Шпіёнская дзейнасць вымагала добрай спецтэхнікі. Для капіравання дакументаў Кукліньскі атрымаў ад амерыканцаў мініяцюрную фотакамеру, замаскіраваную пад запальнічку. Кукліньскі курыў, таму запальнічка, якая пастаянна мільгала ў яго руках, не магла выклікаць падазрэнняў. Бывала, што пачуццё небяспекі ў яго прытуплялася. Час ад часу ўзнікалі эпізоды, якія маглі прывесці да катастрофы. Але заўсёды шанцавала.
У 1975 годзе два месяцы Рышард правёў у Маскве, куды яго накіравалі на аператыўна-стратэгічныя курсы, арганізаваныя пры Вайсковай акадэміі Генеральнага штаба Узброеных сілаў СССР імя Варашылава. Нават адтуль ён здолеў прывезці і перадаць амерыканцам фота старонак сакрэтнага падручніка па радыёэлектроннай барацьбе.
Адбыўся з ім там і кур’ёз, які мог скончыцца заўчасным правалам. Вядома, што Кукліньскі быў не надта верны жонцы. Пра такіх кажуць: не прапускае аніводнай спадніцы. Дык вось, недзе ў вольны ад навучання час ён закадрыў жонку савецкага афіцэра КГБ. І нават у такой пікантнай сітуацыі не забыўся пра шпіёнскія абавязкі. Пасля любошчаў вырашыў сфатаграфаваць дакументы яе мужа. Часовая палюбоўніца ўвайшла ў пакой падчас «фотасесіі», спынілася, шырока раскрыўшы вочы ад здзіўлення, але пасля секунднай паўзы зрабіла выгляд, што нічога не бачыла, і вярнулася ў ложак.
Тут нічога дзіўнага. Цікава было б паглядзець на яе мужа, якому жонка дакладвала б, пры якіх абставінах яна выкрыла замежнага шпіёна.
Па вяртанні з Масквы Кукліньскі стаў найбліжэйшым памочнікам міністра нацыянальнай абароны ПНР, генерала арміі і будучага кіраўніка Польшчы Войцеха Ярузельскага, які вельмі цаніў здольнага афіцэра.
Адкуль грошы?
Здавалася б, шпіёны павінны не высоўвацца. Але гэта не пра Кукліньскага. Аўтамабіль «Опель-Рэкорд», набыты пасля камандзіроўкі ў В’етнам. Асабістая яхта, прыдбаная падчас службы на ўзбярэжжы. У 1977 годзе сям’я Кукліньскіх набывае сабе вялікі дом у прэстыжным раёне Варшавы. А ў 1980 годзе купляецца вялікі (на 10 гектараў, у Польшчы ў той час сельская гаспадарка была прыватнай, калгасаў не было) фруктовы сад. За якія грошы? Сам Кукліньскі казаў: за грошы з продажу яхты.
Хто яго ведае, як там было на самай справе. Сам Рышард Кукліньскі неаднойчы заяўляў, што грошай ад ЦРУ не браў. Прынцыпова. Лічыў сябе не здраднікам, а змагаром за свабодную Польшчу. Дарэчы, гэты факт пацвярджалі і яго амерыканскія куратары. «Яго матывы былі чыстыя і патрыятычныя, і мы ўсе ўспрымалі яго як героя… складвалася адчуванне, што ЦРУ толькі дапамагала Кукліньскаму абараняць яго радзіму», — апавядаў адзін з ветэранаў галоўнай амерыканскай спецслужбы.
Плён працы
За амаль дзесяцігадовы перыяд сваёй шпіёнскай дзейнасці Кукліньскі перадаў у ЦРУ каля 40 тысяч старонак розных дакументаў. Пяцігадовыя стратэгічныя планы Варшаўскай дамовы, планы вайны супраць НАТО на еўрапейскім кантыненце, планы ядзерных удараў, інфармацыя аб месцы размяшчэння сакрэтных камандных пунктаў, інфармацыя аб развіцці палітычнага крызісу ў Польшчы, план супрацьпаветранай абароны краін Варшаўскай дамовы, мерапрыемствы па супрацьспадарожнікавай маскіроўцы, тактыка-тэхнічныя характарыстыкі найноўшых узораў савецкай ваеннай тэхнікі і шмат чаго іншага.
Яго заслугі перад ЗША будуць адзначаныя найвышэйшай узнагародай ЦРУ — медалём «За выбітныя разведвальныя заслугі» (Distinguished Intelligence Service Medal). Ён стане першым замежнікам, які атрымае гэтую ўзнагароду. Дырэктар ЦРУ Уільям Кейсі напіша пра Кукліньскага: «Ніхто не нашкодзіў камунізму за апошнія 40 гадоў так, як гэты паляк».
Што страшнейшае за смяротны прысуд?
Можна сказаць, што ўцёкі Кукліньскага справакавала дзейнасць прафсаюзнай арганізацыі «Салідарнасць», якая ў пачатку 1980-х гадоў набрала вялікую папулярнасць сярод палякаў (гл. пра яе ў № 9/2020 «Нашай гісторыі»). Рышард даведаўся пра планы польскага ўрада адносна разгрому гэтай арганізацыі і ўвядзення ў краіне ваеннага становішча. Дакументы былі ім перададзеныя амерыканцам і ў Ватыкан, напэўна, са спадзяваннем, што з імі азнаёміцца папа рымскі, паляк Ян Павел II. Уцечка інфармацыі была хутка выяўлена, і выкрыццё «крата» было справай часу. Таму Рышард Кукліньскі вырашыў неадкладна ратаваць сябе і сваю сям’ю. Што паспяхова ўдалося.
У ЗША ён працягваў працу ўжо як эксперт па СССР і ПНР. У Польшчы Рышарда Кукліньскага завочна судзілі, абвінавацілі ў здрадзе радзіме, разжалавалі да радавога, пазбавілі ўсіх узнагарод і прысудзілі да смяротнага пакарання. Гэта адбылося ў 1984 годзе.
Ці стала гэта вялікай бядой для Рышарда? Наўрад ці. А вось трагедыя, якая адбылася ў сям’і Кукліньскіх праз дзесяць гадоў пасля гэтага, перакрыла сабой амаль усё. 1 студзеня 1994 года загінуў ягоны сын Багдан (за дзень да гэтага выйшаў у мора на яхце і знік разам з сябрам). Пройдзе 8 месяцаў, і пад коламі грузавіка развітаецца з жыццём Вальдэмар — другі сын. Некаторыя лічаць, што гэта была помста спецслужбаў. Але ж на гэты час Савецкага Саюза ўжо не існавала, як і сацыялістычнай Польшчы.
У тым жа годзе Рышарда Кукліньскага прыме і паспавядае папа Ян Павел II. Як жылося знакамітаму шпіёну надалей з гэтай незагойнай ранай, можна толькі здагадвацца.
Шпіёна Кукліньскага ў Польшчы рэабілітавалі не адразу. Першы прэзідэнт дэмакратычнай Польшчы Лех Валенса гэтаму супраціўляўся. Рэабілітацыя прыйшла ў 1997- м. Парадаксальна — калі прэзідэнтам быў ужо посткамуніст Аляксандр Кваснеўскі.
Кукліньскаму вярнулі званне і ўзнагароды, ён стаў ездзіць у Польшчу. А калі памёр у ЗША ў выніку інсульту ў 2004- м, яго прах перавезлі на радзіму і ўрачыста пахавалі ў Варшаве на самых прэстыжных вайсковых могілках Павонзкі. Праз некаторы час польскі ўрад пасмяротна прысвоіў яму званне брыгаднага генерала.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары