Фэлікс Акерман

Фэлікс Акерман

Знаёмцеся — Фэлікс Акерман, аўтар нядаўна абароненай у Нямеччыне доктарскай дысэртацыі на тэму дэмаграфічных зьменаў у Горадні ў ХХ стагодзьдзі. Нямецкі гісторык, які піша па-беларуску, сёньня госьць Рэдакцыі.

— Традыцыйнае для нашых шыротаў пытаньне: адкуль беларуская мова?

З Горадні. Але перадгісторыя такая: сьпярша я вучыўся ў Польшчы, дзе асягаў польскую. Потым праходзіў альтэрнатыўную службу ў Расеі. Па вяртаньні ў Нямеччыну, ужо займаючыся савецкай і польскай тэматыкай, захапіўся гісторыяй краіны, якая ляжыла так бы мовіць на скрыжаваньні маіх зацікаўленьняў. Потым часта едзіў у Беларусь — напісаў дысэртацыю пра міжваенную Горадню, пра міжэтнічныя адносіны ў ёй падчас Другой сусьветнай вайны.

Адну шостую частку жыцьця, пяць гадоў, вывучаў, якім чынам пасьля Галакосту і адыходу Польшчы, Горадня перастала быць такой стракатай з этнічнага гледзішча і як зрабілася савецкай. Як Горадня, дзякуючы вёсцы, што прыйшла ў горад, станавілася ўжо дашчэнту беларускай з аднаго боку, але зь іншага боку як добраахвотна пераходзіла на расейскую мову.

Менавіта ў Горадні ў мяне ўзьнікла пытаньне, як так здарылася, што беларусы не размаўляюць на беларускай мове – можа, трохі такое наіўнае пытаньне як на тутэйшага жыхара.

І так, пакрысе, дасьледуючы, чаму беларусы не гавораць па-беларуску, я вывучыў беларускую мову.

У дадатак, я ўжо ведаю ўсе тонкасьці моўнай сітуацыі ў Беларусі: дзе сёньня можна размаўляць на мове, а дзе гэта — бессэнсоўна. Ведаю, што падобны стан і ў іншых беларускіх гарадах. Сітуацыя з навуковага гледзішча вядома — досыць цікавая, але трэба прызнаць — шызафрэнічная.

— А яшчэ якія гістарычныя праблемы вас цікавяць?

Этнічныя ўзаемаадносіны і нацыянальная тоеснасьць у Горадні. Тут гэтае беларуска-польска-літоўскае памежжа вельмі адчуваецца. Да Горадні вельмі пасуе мэтафара Палімпсэсту, прасторы, у якію розныя стагодзьдзі ўпісвалі свой кшталт. Тут мяне цікавіць ня толькі адшукваньне гэтых слаёў, але і вывучэньне самаідэнтыфікацыі жыхароў, самаідэнтыфікацыя шматслойная. Лічу, што калі ў сёньняшніх людзей ёсьць магчымасьць выбару сваёй нацыянальнай прыналежнасьці – факт сам па сабе вельмі цікавы. Што і цешыць мяне як дасьледчыка.

Ведаю шмат гарадзенцаў, якія пад уплывам розных сацыялягічных і гістарычных працэсаў, па некалькі разоў мянялі погляд на ўласную нацыянальную прыналежнасьць.

А яшчэ, займаючыся гісторыяй Горадні, заўважыў, што няма добра напісаных гістарычных працаў пра гарадзкое жыцьцё падчас Другой сусьветнай вайны. Ёсьць савецкая міталёгія пра Вялікую айчынную вайну, але ўсё гэта ня вельмі каб навукова. А Горадня вартая мець добра напісаную гісторыю. Усё ж некаранаваная сталіца ВКЛ, улюбёнка Сьцяпана Батура. Наяўнасьць каралеўскага замку абавязвае.

— Адмысловая гарадзенская атмасфэра?

Тут, відаць, павінны актывізавацца мой лякальны патрыятызм? (сьмяецца). Цікава займацца старой Горадняй, хіба таму што яна ўвогуле захавалася ў адрозьненьне ад разбураных старога Віцебску ці старога Бярэсьця. Нешта тут усё ж тоіцца. Першае ўражаньне ад гораду самае прывабнае: вузенькія вулачкі, касьцёлы, Гарадніца... Але калі знаходзісься ў Горадні ня першы месяц, то гэтая аўры трохі тускне — шэрасьці стае і тут.

На маю думку, цяпер хутчэй сама барацьба за гістарычны цэнтар і надае гораду адмысловую атмасфэру.
Сёньня мяне вабяць найбольш не гарадзкія краявіды, а самі гарадзенцы, які нарэшце сказалі, што «гэта наш горад, і мы хочам абараняць яго». Разумееце, надзіць сам факт змаганьня, бо за савецкім часам, пры ўсёй маёй павазе да тагачасных дзеячоў культуры, нічога асаблівага для гораду не рабілася. Гэта вельмі важны момант. І хаця ў цяперашніх актывістаў сіл няшмат, няма і вялікага ўплыву на падзеі, але сёньня яны ствараюць падмуркі, захоўваюць як могуць Горадню для будучыні, працягваюць кшталтаваць гарадзенскую міталёгію.

— Вы кажаце: не рабілася. А гарадзенец Васіль Быкаў? -

Так сапраўды, Васіль Быкаў жыў тут шмат гадоў, вёў літаратурную старонку ў «Гродзенскай праўдзе». Але ж — зноўку, бачыце — парадокс: калі прыгледзецца, дык акрамя літаратурнай дзейнасьці ён нічога такога адметнага для беларускасьці гораду не зрабіў.

Іншая рэч, што пасьля яго сьмерці

Горадня магла сама вярнуць даніну павагі вялікаму пісьменьніку і адначасова зрабіць карысную для сябе справу — далучыць Быкава да пантэону гарадзенскіх легендаў.
І што мы маем сёньня? Музэю годнага няма, невялікі пакоік, нават вуліца ў гонар вялікага пісьменьніка адсутнічае.

— Фэлікс, цяпер трохі пра іншае — пра беларускую культурную прысутнасьць у Нямеччыне. Ці адчуваецца яна? «Крыві» папулярны ў Бэрліне? Раман Клінава, які першы чым пабачыць сьвет па-беларуску, быў выдадзены па-нямецку?

«Крыві» папулярны ў Бэрліне не таму што ён беларускі, а таму што яны граюць шыкоўны фольк і попыт на іх менавіта сярод фолькавых асяродкаў, сярод аматараў аўтэнтыкі. Канечне, у Нямеччыне ёсьць кола, якое цікавіцца Беларусьсю. У звычайных кнігарнях я раману Клінава яго ня бачыў, але ёсьць ён у інтэрнэт-крамах. Але калі зусім шчыра, то

для немца Беларусь існуе пад шыльдай «Апошняя дыктатура Эўропы», і пакуль нічога тут не зьмянілася.

Вось у вас маюць адбыцца выбары. Прыедуць нямецкія карэспандэнты з Масквы, з Варшавы на дзень-два і назад... Шкада, але ўсё беларускае ў Нямеччыне прымаецца праз прызму палітычнага.

Наагул кажучы, трэба больш рэалістычна глядзець на справу, улічыць усе заганы і перавагі цяперашняга становішча. І «няіснасьць», або «адсутнасьць» Беларусі можна ператварыць у перавагу.

Усім аматарам прасоўваць беларускую культуру за мяжой, можна параіць, каб яны пачыналі свой дыялёг з нямецкай публікай наступнымі словамі: «Давайце мы вам распавядзем пра краіну, якой не існуе».
І немцам гэты пасыл будзе цікавы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?