Загадка говора деревни Торокань (ныне — Именин) на Брестчине
Назва вёскі Таракань (мясцовае вымаўленне: Торокань) паходзіць, імаверна, ад летапісных торкаў, а вось гаворка — водгулле міграцыі паўднёвых славян. Прычым «астравоў» такой гаворкі на Берасцейшчыне шэсць, піша найлепшы знаўца дыялектаў Берасцейшчыны і Піншчыны Фёдар Клімчук.
Славянскія і індаеўрапейскія сувязі тараканскіх гаворак (рэфлекс *е, *ь > [а])
Тараканскія гаворкі ўтвараюць шэсць (6) невялікіх астравоў у Берасцейска-Пінскім Палессі на паўднёвым захадзе Беларусі. Размешчаны яны ў Драгічынскім (2 астравы), Іванаўскім, Маларыцкім, Кобрынскім і Пінскім раёнах Брэсцкай вобласці [КЛІМЧУК, 1983: 25—27, 30, 32—33, 38—41, 81—88, 122—123; КЛІМЧУК, 1994: 57, 218—219]. Найбольш яркая іх рыса — гэта вымаўленне пасля цвёрдых зычных галоснага [а] на месцы *е, *ь. У тараканскіх гаворках Драгічынскага і Іванаўскага раёнаў [а] на месцы *е, *ь вымаўляеца ў націскным становішчы: (бáруг, вáчур, пáршы, дань, тасть, вызá, сарп, нáбо, шáпчыть, чáрыво, цáрква (бераг, вечар, дзень, цесць, вязе, серп, неба, шэпча, чэрава, царква). У тараканскіх гаворках Маларыцкага, Кобрынскага і Пінскага раёнаў [а] на месцы *е, *ь вымаўляеца таксама і ў ненаціскным становішчы: вачáра, тапáр (вячэра, цяпер).
Разглядам адзначанай асаблівасці мы абмяжуемся. Адзначым, дзе ў славянскім свеце яна пашырана. Будзем разглядаць не толькі гук [а], але таксама галосны набліжаны да [а], у прыватнасці, гук сярэдні паміж [а] і [е]. Робім гэта таму, што генетычна такія гукі роднасныя. Будзем гаварыць таксама пра этымалагічны *ъ, які ў многіх гаворках «павёў» сябе, як *ь, г. зн. перайшоў у [а].
Гаворкі, якім характэрна адзначаная рыса, сустракаюцца ва ўсходне-, заходне- і паўднёваславянскім моўных арэалах [КЛИМЧУК, 1973а: 27—28; КЛИМЧУК, 1973,б: 276—281, карти № 2, 3].
Нямала такіх гаворак на захадзе Украіны і ў прылеглых рэгіёнах [ДЗЕНДЗЕЛІВСЬКИЙ: 26—27; ГОВОРИ: 13—43, 226, 300—352; ЗАЛЕСЬКИЙ: 41, 45, 80–87; ГЕРМАН; ШИМАНОВСКИЙ: 20—21]. Гэта перш за ўсё астраўныя гаворкі на паўночным захадзе Валыні, а таксама масіў заходневалынскіх гаворак [ДАУМ; ШИЛО: 43—48, 170—172; НАЗАРОВА]. Апошнія пашыраны на паўднёвым захадзе Валынскай вобласці і на прылеглай терыторыі Львоўскай вобласці Украіны. Характэрна разглядаемая рыса надсанскім украінскім гаворкам (пашыраны ў вярхоўях р. Сан), але ў іх яна абмежавана пазіцыяй пасля шыпычых і [р] [ПШЕП’ЮРСЬКА, 1938: 20—21]. У гуцульскіх украінскіх гаворках у разглядаемай пазіцыі вымаўляецца гук сярэдні паміж [е] і [а]. У дадзеным выпадку быццам бы адлюстравана стадыя пераходу *е (<*е, *ь) > [а].
У шэрагу беларускіх гаворак Беласточчыны (Польшча) галосны [а] на месцы *е вымаўляецца ў слове гáты (гэты) і вытворных ад яго [AGWB: картатэка, пункты № 6, 26, 36, 46, 56, 62; КАРСКИЙ: 180]. Гэтыя гаворкі знаходзяцца на ўсход і паўночны ўсход ад Беластока. Адносяцца яны да гродзенска-баранавіцкай групы гаворак.
Блізкая з’ява занатавана ў гаворках Хароўскага раёна Валагодскай вобласці Расіі [ПРЕОБРАЖЕНСКАЯ: 71–76]. У гэтых гаворках пярэднеязычныя перад *е, *и пераважна паўмяккія, перад галоснымі *ы, *а, *о, *у – цвёрдыя. Галосны [ę] (транскрыпцыя аўтара) больш адкрыты ў параўнанні з адпаведнымі гукамі літаратурнай рускай мовы. Ён вымаўляецца, такім чынам, як «сярэдні» гук паміж; [е] і [а]. Здаецца, у разглядаемай гаворцы назіраецца тэндэнцыя пераходу *е (<*е, *ь) > [а], што збліжае яе з тараканскімі гаворкамі. Параўн. хароўскія нат&ę´рла, наст&ę´л’ом, кон&ę´ц’ і тараканскіянатáрла, настáлымо, конáц. Разглядаемыя гаворкі Хароўскага раёна, якім характэрна разгледжаная з’ява, знаходзяцца на поўнач ад Волагды.
Агульная асаблівасць разглядаемай рысы ва ўсходнеславянскіх гаворках – гэта вымаўленне [а] на месцы *е незалежна ад таго, з якога гука ён паходзіць апошні – з *е або *ь.
За межамі ўсходнеславянскага арэала сітуацыя некалькі іншая. Там галосны [а] вымаўляецца на месцы *е, *ь і *ъ, прычым, у розных гаворках гэтая рыса праяўляецца неаднолькава. У сярэднеславаціх гаворак галосны [а] вымаўляецца на месцы *е, *ь і *ъ, у частцы гаворак – толькі на месцы *е і *ь [ASJ: 20—23, 32, 39, 42, 47—54, 67, 70, 73].
У паўночна-ўсходняй частцы сербска-харвацкага дыялектнага арэала (Ваяводзіна) галосны [а] вымаўляецца на месцы *е, *ь і*ъ [SŁAWSKI: 27—31, 82—116].
У большасці ж сербска-харвацкіх [SŁAWSKI: 27—31, 82—116] і славенскіх [SŁAWSKI: 24—27, 36—81] гаворак галосны [а] незалежна ад націску сярод трох адзначаных вышэй этымалагічных галосных вымаўляецца толькі на месцы *ь і *ъ. Характэрна гэтая рыса і некаторым балгарскім і македонскім гаворкам [SŁAWSKI: 117, 131].
Вымаўленне [а] вымаўляецца на месцы *е, *ь і *ъ характэрна для палабскай мовы [LEHR-SPŁAWIŃSKI: 39—64] і некаторых ніжнелужыцкіх гаворак [SSA, t. 1: 62, 67; SSA, t. 2: 5, 21, 44, 53, 72, 77, 105, 111]. Спарадычна вымаўляецца [а] на месцы адзначаных этымалагічных галосных у некаторых паўднёвасілезскіх польскіх гаворках [MAGP: 328, 329; 38: 344].
Такім чынам, славянскія гаворкі, якім характэрнa вымаўленне [a] на месцы *е, *ь, *ъ пашыраны пераважна ў рэгіёне ад р. Ясельды (прыток Прыпяці) на паўночным усходзе да Адрыятычнага мора на паўднёвым захадзе. Асобныя арэлы такіх гаворак знаходзяцца (ці знаходзіліся) ў Палаб’і, Ніжніх Лужыцах, Сілезіі, на поўначы Расіі.
У цэнтры гэтага арэала – сярэдняя Славакія і Ваяводзіна – галосны [a] вымаўляецца на месцы ўсіх трох гістарычных галосных — *е, *ь, *ъ. На поўнач гэтага цэнтральнага арэала [a] вымаўляецца толькі на месцы *е, *ь, а на поўдзень – толькі на месцы *ь, *ъ. Пазіцыі, у якіх адбыўся пераход *е, *ь, *ъ > [а] – гэта або націскная і ненаціскная, або толькі націскная.
Параўнаем зараз вымаўленне некаторых слоў у тараканскіх гаворках і сербска-харвацкай мове: тараканскія вынáц, дань, конáц, косáц, купáц, пáкло, слыпáц, тасть, тáшча, часть, чыпáц — сербска-харвацкія (сербскі варыянт) венац, дан, конац, косац, купац, пакао, слепац, таст, ташта, част, чепац (вянец, дзень, канец, касец, купец, пекла, сьляпец, цесьць, цешча, чэсьць, чапец). Параўн. таксама славенскія: dân, čâst, tast, tašča (дзень, чэсць, цесць, цешча).
У навуковай літаратуры існуе думка, што продкі паўднёвых славян да іх перасялення на Балканы жылі на поўнач ад Карпат – у Галічыне, Заходняй Валыні, на Заходнім Палессі [КЛІМЧУК, 1998: 117—122]. Ці ня ёсьць гэта вынік уплыву рэштак паўднёваславянскіх гаворак на Палессі на гаворкі ўсходнеславянскія?
У некаторых гаворках паўночнабрэсцкіх, усходнепалескіх беларускіх і сярэднепалескіх украінскіх адбыўся пераход *е (<*е, *ь) > [а] у ненаціскным становішчы: васнá, машóк, вадрó, пасóк[ДАБМ: 4]. Гэта ўжо з’ява іншага характару. Магчыма яна звязана з аканнем.
Пераход *е > [а] характэрны і для неславянскіх індаеўрапейскіх моў [КЛІМЧУК, 1993: 34—35; 25; ОИЯ: 286, 287, 294; САВЧЕНКО: 58, 60—62, 76, 77, 81; ФАСМЕР, т. 1: 487, 502; ФАСМЕР, т. 2: 589; ЭССЯ, вып. 4: 212; ЭССЯ, вып. 5: 170, 262, 265, 266; ЭСБМ, т. 3: 133; ЭСБМ, т. 7: 31; ЛЬЮИС, ПЕДЕРСЕН: 67, 79, 218; ЕСУМ: 17, 18, 87]. Параўн.: санскрыцкае catvār‘чатыры’ (тараканскае чáтьворо ‘чацвёра’), авестыйскае –da ‘дзе’ (тараканскае да ‘дзе’), старажытнаіндыйскае dāru-, санскрыцкаеdāru, авестыйскае daru-, хецкае taru, валійскае dâr ‘дрэва’, старажытнаірландскае daur ‘дрэва’, ‘дуб’, санскрыцкія dārava,dārva‘драўляны’, літоўскае darva, латышскае darva, старажытнаісландскае tjara ‘смала’ (тараканскія дáрво, дáрыво, дáраво ‘дрэва’), санскрыцкіе dáçа, dáçán, авестыйскае dasa, скіфскае dasa ‘дзесяць’ (тараканскія дáсить, дáсать ‘дзесяць’), санскрыцкія dvār, dvara, авестыйскія dvar, dvara-, скіфскае dvara‘дзверы’, старажытнаіндыйскае dvāram‘дзверы, вароты’, старажытнаіндыйскае dvāram, латышскае dvars, гоцкае daur‘вароты’, (тараканскае двáрэ ‘дзверы’), авестыйскае madu-,maδu, старажытнаіндыйскае mádhu, скіфскае madu ‘мёд’ (тараканскае мад ‘мёд’), санскрыцкае nábhan, nábhah, nábhas‘неба’ (тараканскае нáбо ‘неба’), авестыйскае vazaiti ‘вязу’ (тараканскае вазý ‘вязу’).
Група гаворак на Берасцейшчыне ўмоўна названа тараканскімі па назве вёскі Торокáнь (афіцыйная назва – Імянін) у Драгічынскім раёне [ПАМЯЦЬ: 528—529]. Упершыню згадваецца вёска ў 1517 г. З XVI ст. тут знаходзіцца Тараканскі базыліянскі манастыр. У эпоху Рэчы Паспалітай у Тараканскім манастыры знаходзілася сядзіба протаархімандрыта ордэна базыліянаў, дзейнасць якога была пашырана на тэрыторыі Беларусі, Правабярэжнай Украіны, суседніх рэгіёнаў Польшчы і Літвы. Пры Тараканскім манастыры на рубяжы XVI—XVII стст. заснавана школа. У апошняй чвэрці XVIII ст. пры манастыры існавала бібліятэка.
У Х—ХІ стст. існавала старажытнарускае Тмутараканскае княства. Яго цэнтр у летапiсе меў наступныя назвы: Тмутаракань, Тмуторокань, Тмутороконь, Тьмуторокань, Тмуторотань, Торокань, Турокань [ПСРЛ: 300; РЯБЧИКОВ]. Даследчыкі неаднаразова закраналі пытанне сувязяў Тмутаракані ў Прыазоўі і Таракані на Палессі [ИЛЬИН: 8, 30; ТАРЛАНОВ: 15—17].
1. ГЕРМАН, 1995: К.Ф.Герман. Украïнські говірки Північноï Буковини в історичному та лінгвогеографічному аспекті: Фонетика, фонологія. Чернівці.
2. ГІСТАРЫЧНАЯ БРАМА: Гістарычная брама. Гісторыка-краязнаўчы часопіс. Бяроза, 2002, № 1—2 (19—20).
3. ГОВОРИ, 1977: Говори украïнськоï мови (збірник текстів). Киïв.
4. ДЗЕНДЗЕЛІВСЬКИЙ, 1965: Й.О. Дзендзелівський. Конспект лекцій з курсу україської діалектологїї. Ч. І. Ужгород, 1965.
5. ДАУМ: Діалектологічний атлас української мови. Картатэка.
6. ДАБМ, 1963: Дыялекталагічны атлас беларускай мовы. Мінск.
7. ЕСУМ, 1985: Етимологiчний словник української мови. Т. 2. Київ.
8. ЖИЛКО, 1966: Нариси діалектологiї української мови. Київ.
9. ЗАЛЕСЬКИЙ, 1973: А.М.Залеський. Вокалізм південно-західних говорів украïнськоï мови. Киïв.
9а. ИЛЬИН, 2002: А. Л. Ильин. Происхождение Руси – новая концепция (с. 5—16). Существвовало ли Сарматское море-озеро? (с. 27—30) // Гістарычная брама. Гісторыка-краязнаўчы часопіс. Бяроза, 2002, № 1—2 (19—20).
10. КАРСКИЙ, 1955: Е.Ф.Карский. Белорусы. Язык белорусского народа. Выпуск первый. Исторический очерк звуков белорусского языка. Москва.
11. КЛИМЧУК, 1973а: Ф.Д.Климчук. О полесско-карпатском типе рефлексации е, ь > а // Симпозиум по проблемам Карпатского языкознания (24—26 апреля 1973 г.). Тезисы докладов и сообщений. Москва.
12. КЛИМЧУК, 1973б: Ф.Д.Климчук. До питання про зони рефлексації *е, *ь, *ъ > a після твердих приголосних в слов’янських діалектах // Культура і побут населення українських Карпат (Матеріали республіканської наукової конференції). Ужгород.
13. КЛІМЧУК, 1983: Ф.Д.Клімчук. Гаворкі Заходняга Палесся. Фанетычны нарыс. Мінск.
14. КЛІМЧУК, 1993: Ф.Д.Клімчук. Да пытання аб палеска-арыйскіх (інда-іранскіх) сувязях // Арэалогія. Праблемы і дасягненні. Тэзісы дакладаў міжнароднай навуковай канферэнцыі 25—27 траўня. Мінск.
15. КЛІМЧУК, 1994: Ф.Д.Клімчук. Заходнепалескія гаворкі // Беларуская мова. Энцыклапедыя. Мінск.
15а. КЛІМЧУК, 1998: Ф.Д.Клімчук. Да вытокаў фарміраваньня ўсходнеславянскіх народаў // Крыўя, № 1(3). Менск, с. 117—122.
16. ЛЬЮИС, ПЕДЕРСЕН, 1954: Г. Льюис, Х. Педерсен. Краткая сравнительная грамматика кельтских языков. Москва.
17. НАЗАРОВА, 1975: Т.В.Назарова. Из наблюдений над междиалектными контактами (к понятию сопротивления системы) // Общеславянский лингвистический атлас. Материалы и исследования. 1973. Москва.
18. ОИЯ, 1979: Основы иранского языкознания. Древнеиранские языки. Москва.
19. ПАМЯЦЬ, 1997: Памяць. Драгічынскі раён / Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. Мінск.
20 ПРЕОБРАЖЕНСКАЯ, 1973: М.Н.Преображенская. Чередование а//е в одном вологодском говоре // Известия АН СССР. Серия литературы и языка. Т. 32, вып. І. Москва.
21. ПСРЛ, 1978: Полное собрание русских летописей. Т. 34. Указатель географических названий. Москва.
22. ПШЕП’ЮРСЬКА, 1938: М. Пшеп’юрська. Надсянський говір // Праці Украïнського науковоо інституту. Варшава, 1938.
23. РЯБЧИКОВ, 2005: С.В. Рябчиков. Тмутаракань – окраинная земля (http://www.openweb.ru/rongo/tm_rus.htm; 28.11.2005).
24. САВЧЕНКО, 1974: А.Н. Савченко. Сравнительная грамматика индоевропейских языков. Москва.
25. СкРС, 1987: Санскритско-русский словарь. Москва.
26. ТАРЛАНОВ, 1995: Тарланов З. К. Соболевский Алексей Иванович // Энциклопедия «Слова о полку Игореве»: В 5 т. Т. 5. СПб, 1995.
27. ФАСМЕР, 1986: М. Фасмер. Этимологический словарь русского языка. М., 1986, т. 1, т. 2.
28. ШИЛО, 1957: Г.Ф.Шило. Південно-західні говори УРСР на північ від Дністра. Львів.
29. ШИМАНОВСКИЙ, 1897: В. Шимановский. Звуковые и формальные особенности народных говоров Холмской Руси. Варшава.
30. ЭССЯ, 1977, 1988: Этимологический словарь славянских языков. Праславянский лексический фонд; вып. 4, М., 1977; вып. 5, М., 1978.
31. ЭСБМ, 1985, 1991: Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 3, Мінск, 1985, т. 7, Мн., 1991.
32. AGWB, 1980: Atlas gwar wschodniosłowiańskich Białostocczyzny. T. I. Wrocław—Warszawa—Kraków—Gdańsk.
33. ASJ, 1968: Atlas slovenskeho jazyka, t. 1. Bratislava, 1968.
34. LEHR-SPŁAWIŃSKI, 1966: T. Lehr-Spławiński. Mowa dawnych Połabian. / Studia i szkice wybrane z językoznawstwa słowiańskiego. Seria 2. Warszawa.
35. MAGP, 1963: Mały atlas gwar polskich, t. VI, Wrocław—Warszawa—Kraków.
36. SŁAWSKI, 1962: F. Sławski. Zarys dialektologii południowosłowiańskiej z wyborem tekstów gwarowych. Warszawa.
37. SSA, 1961, 1968: Sorbische Sprachatlas. Bautzen. I, 1961; IІ, 1968.
38. ZARĘBA, 1972: A. Zaręba. Atlas językowy Śląska, t. III, Warszawa—Kraków.
* * *
NN.BY гатовы друкаваць нават чыста навуковыя артыкулы, каб даносіць іх да шырэйшай аўдыторыі.
Комментарии