Уладзімір Сцяпан. Летні вечар. Апавяданне

— Чуеш? — спытаў мужчына.
— Што, падушку паправіць! Памперс? — жанчына зашморгнула шторы і хацела пайсці са спачывальні — А святло патушыць?
— Не трэба. Пачакай. Хачу…
— Што?
— Каб ты да мяне легла, — ціхім голасам, папрасіў і адначасова загадаў ён.
Жонка спынілася, рукі апусціла, і разгублена паглядзела на мужа.
— Што стала, раздзявайся, давай…
— У мяне там яшчэ справы, навошта ты гэта надумаў, можа потым?
— Не. Цяпер.
Яна наважылася патушыць таршэр побач з мужавым ложкам, руку выцягнула, але ўбачыла, што ён гэтага не хоча. Ён глядзеў на яе спакойна і ціха. Яна ўздыхнула, пачала рашпільваць гузікі халата. Зняла, паклала на крэсла, а слізкая тканіна пацякла са спінкі, халат з’ехаў на падлогу.
— Усё здымі.
— Можа не трэба?
Ён маўчаў і глядзеў. Яна праз галаву зняла кашулю і засталася голай. Зноў хацела патушыць святло, але ён затрымаў яе руку, нямоцна сціснуў запясце, пацягнуў да сябе. Прыціснуў сваю далонь да яе мяккага жывата. Яна стаяла з пакорлівай нерухомасцю, нават не дыхала. Яго ладонь спаўзла ніжэй, пальцы сціскаліся, быццам спрабавалі схапіцца…
Яна сабралася абысці ложак і легчы збоку, на сваё заўсёднае месца.
— Не… На мяне кладзіся.
— На цябе? — Спалохана перапытала яна. — Не трэба. Я ж цяжкая.
— Кла-дзі-ся!
Яна адгарнула коўдру, затрымала дыханне і асцярожненька легла на яго, як накрыла.
— Так? Цяжка? Баліць?
— Не… Маўчы.
Яго рукі апусціліся на яе шырокую белую спіну. Ён перабіраў пальцамі, гладзіў, павольна вёў прахалодныя далоні. Спыніўся на плячах, потым на шыі, на валасах. Уздыхнуў, павярнуў галаву крыху набок, прыціснуў жонку да сябе і кусануў пругкае круглае плячо. Моцна! Ён так лічыў. Яна стрывала, а ён скрыгатнуў зубамі і нягучна застагнаў. Яна ўзняла галаву.
— Ну хопіць, хопіць, злазь… Можа яшчэ ўсё і абыдзецца неяк…
Яна павольна і няўклюдна паднялася. Яго вочы былі заплюшчаныя. Востры кадык на худой шыі торгаўся, быццам мужчына нешта спрабаваў праглынуць і не мог.
Яна падхапіла з падлогі халат. Пацёрла пакусанае плячо. Сустрэлася позіркам з мужам.
— Баліць? — спытаў ён, і ўсміхнуўся, амаль вінавата.
Яна не адказала, а паглядзела на яго ўважліва, вочы ў вочы.
— Я памру, а ты застанешся…
Жанчына сціснулася і пайшла са спачывальні.
Комментарии