«Король, который мог согнуть подкову», Август ІІ Сильный стал монархом-мифом. Но, если откинуть легенды, какой след покинул в истории человек, 350-летний юбилей мы в этом году отмечаем? Пишет Кирилл Карлюк.
Прымаўка «За караля Саса еш, пі і папушчай паса» хадзіла ў народзе спачатку як успамін пра «стабільнасць» аўгустаўскіх часоў. Але пасля для інтэлектуалаў яна стала ўвасабленнем маральнага ўпадку эліт ды слабасці самой дзяржавы.
Саскую эпоху — час каралявання Аўгуста ІІ і яго сына Аўгуста ІІІ — традыцыйна лічаць найбольшым заняпадам Рэчы Паспалітай. Саміх гэтых каралёў доўга лічылі найгоршымі: выпадковыя, распушчаныя, чужынцы, якія не цікавіліся дзяржаўнымі справамі Кароны і Літвы, а дбалі адно пра сваю нямецкую айчыну.
Сапраўды, той жа Аўгуст ІІ пасля выбрання на трон Рэчы Паспалітай больш часу праводзіў у Дрэздэне, сталіцы Саксоніі, і радзей бываў у Варшаве і Гародні, не кажучы пра Вільню. Але ўвогуле Сасы былі нічым не горшыя і не лепшыя за сваіх папярэднікаў на пасадзе, а ў крызісе Рэчы Паспалітай надта павярхоўна вінаваціць адно манархаў.
Мара пра карону
Фрыдрых Аўгуст паходзіў з дынастыі Ветынаў (наша назва «Сасы» паходзіць ад польскага Sasi — «саксонцы») і з’явіўся на свет 12 мая 1670 года ў сям’і курфюрста Ёгана Георга ІІІ. Як другі сын, ён не павінен быў стаць наступным уладаром Саксоніі, і з дзяцінства яго рыхтавалі да вайсковай кар’еры. За незвычайную фізічную дужасць ён атрымаў мянушку Моцны.
Але раптоўная смерць старэйшага брата ад воспы нечакана зрабіла Фрыдрыха Аўгуста ўладаром аднаго з самых заможных нямецкіх княстваў. Асабістых амбіцый Аўгуста цалкам хапіла, каб не толькі адпавядаць новаму тытулу, але і прэтэндаваць на большы, каралеўскі.
І хутка магчымасць з’явілася — у сувязі са смерцю ў 1696 годзе Яна ІІІ Сабескага і выбарамі новага манарха ў Рэчы Паспалітай. Канкурэнтныя магнацкія групоўкі падчас выбараў у залежнасці ад бягучай кан’юнктуры рабілі свае стаўкі на розных кандыдатаў, сярод якіх звычайна былі і прадстаўнікі манаршых дамоў Еўропы (падрабязней пра гэта гл. у артыкуле «Выбары караля: як функцыянавала нязвыклая для тагачаснай Еўропы мадэль Рэчы Паспалітай» у № 1/2018 «Нашай гісторыі»).
Па выніках гэтых выбараў адбылася падвойная элекцыя, калі меншая частка шляхты абвясціла каралём саксонца, а большая — французскага кандыдата, прынца Канці. Але, скарыстаўшыся тым, што пераможца выбараў доўга адсутнічаў у Рэчы Паспалітай, Фрыдрых Аўгуст сабраў саксонскае войска і рушыў на Кракаў.
Каранаваўшыся ў Кракаве пад іменем Аўгуста ІІ, новы манарх злучыў Саксонію і Рэч Паспалітую пад адным скіпетрам, што стварыла цалкам новую канфігурацыю сіл у рэгіёне. Адно што толькі трон дзяржавы, дзе з каралём ніхто надта не лічыўся, мала задавальняў Аўгуста ІІ.
Аўгусцейшыя планы
Таму амбітнай мэтай Аўгуста ІІ былі ўсебаковыя рэформы, праект якіх кароль назваў «Як ператварыць Польшчу ў квітнеючы і паважаны суседзямі край». Ён прапаноўваў пашырыць каралеўскую ўладу, адмяніць liberum veto, стварыць флот, развіваць гандаль і мануфактуры, спрыяць навуцы і адукацыі, павялічыць і мадэрнізаваць армію, стварыць сістэму сучасных фартыфікацый уздоўж межаў.
Аднак праект праваліўся. Магнаты не пажадалі дзяліцца сваімі правамі з каралём. Не спрыяла рэформам і рэпутацыя самога Аўгуста Моцнага, які не трымаўся свайго слова, адступаў ад абяцанняў і часта змяняў свае погляды.
Тады Аўгуст ІІ паспрабаваў узмацніць сваю ўладу праз замежнапалітычныя манеўры. І ў першыя гады дамогся пэўных поспехаў. Так, у 1698 годзе прайшла кампанія войскаў Саксоніі, Кароны і Літвы супраць татар. Па Карлавіцкім міры 1699 года ў склад Рэчы Паспалітай нарэшце вярнуўся Камянец-Падольскі, захоплены туркамі за чвэрць стагоддзя да таго. Сойм 1699 года фармальна адзначыў замірэнне караля з апазіцыяй.
«Саксонскі Геркулес» супраць «Паўночнага Льва»
У 1697 годзе на шведскі пасад узышоў пятнаццацігадовы Карл ХІІ. Юнацкі ўзрост манарха стварыў ілюзію, нібыта раней магутная Швецыя стане лёгкай здабычай для суседзяў. Расія і Данія марылі павялічыць свае тэрыторыі яе коштам. Уласныя планы меў і Аўгуст ІІ: Інфлянты, пярлінай якіх быў багаты партовы горад Рыга, маглі б стаць спадчынным валоданнем Ветынаў і больш шчыльна звязаць дынастыю з Рэччу Паспалітай.
Шляхта не выказвала ніякай зацікаўленасці ў новай рызыкоўнай вайне, і кароль не атрымаў на гэта згоды сойма. Таму ён узяў саксонскае войска і самастойна ўварваўся на тэрыторыю Інфлянтаў, узяўшы ў аблогу Рыгу. Гэты крок прынёс драматычныя для зямель Рэчы Паспалітай вынікі.
Саюзнікі Аўгуста Расія і Данія таксама выступілі супраць Швецыі. Але юны шведскі кароль аказаўся не такі і слабы. Высадка шведаў на востраве Зеландыя вымусіла выйсці з вайны Данію. У лістападзе 1700 года Карл ХІІ разграміў расійскую армію, якая трымала ў аблозе Нарву. Летам 1701-га шведы разбілі саксонска-расійскі корпус у бітве на Дзвіне. Вайна зацягнулася і прынесла значныя страты.
Адны — да Саса, другія — да Ляса
Паколькі напад на Рыгу адбыўся з тэрыторыі Рэчы Паспалітай, Карл ХІІ лічыў, што мае поўнае права ўвесці на яе войскі. На шведскі бок перайшлі Сапегі, якія імкнуліся да аднаўлення сваіх пазіцый у ВКЛ, а рэспубліканцы пачалі ўскладаць надзеі на дапамогу Расіі.
Але заняцце Варшавы і перамога над польска-саксонскім войскам у бітве пад Клішавам у ліпені 1702 года не дапамаглі Карлу ХІІ атрымаць поўны кантроль над Рэччу Паспалітай. Тады шведскі кароль галасамі часткі шляхты абвясціў аб дэтранізацыі Аўгуста ІІ і абранні каралём познанскага ваяводы Станіслава Ляшчынскага. Іншая частка шляхты з гэтым не пагадзілася. У выніку для нашых зямель вайна набыла характар грамадзянскай, а праціўнікі наўпрост выкарыстоўвалі рэсурсы краіны для дасягнення сваіх мэт. Як казалі, «адны — да Саса, другія — да Ляса» (Ляшчынскага).
Уварванне шведскай арміі ў Саксонію ў верасні 1706 года вымусіла Аўгуста ІІ фармальна адрачыся кароны Рэчы Паспалітай і выйсці з вайны. Але ён проста чакаў зручны момант.
Такі момант наступіў пасля разгрому шведаў пад Палтавай у 1709 годзе. Аўгуст ІІ вярнуўся да ўлады, але вялікая частка палітычнай эліты дэкларавала лаяльнасць расійскаму цару Пятру І. Той знайшоў да яе падыход, абвясціўшы сябе абаронцам «залатых вольнасцяў». Расійскія войскі не спяшаліся пакідаць тэрыторыю Рэчы Паспалітай.
Паўночная вайна прынесла краіне жахлівыя дэмаграфічныя і матэрыяльныя спусташэнні. Толькі з-за эпідэмій і голаду насельніцтва ВКЛ скарацілася больш чым на траціну.
Зноў рэформы: апошні аргумент караля
У 1710 годзе адбылося фармальнае аднаўленне ўлады Аўгуста ІІ. Ніхто са шляхты не пярэчыў, што менавіта ён можа прынесці стабільнасць і мір краіне. Толькі шляхта не хацела ніякіх рэформаў, на якіх настойваў кароль.
Аўгуст Моцны вырашыў дзейнічаць інакш. У канцы 1713-га саксонскае войска ўступіла ў межы Рэчы Паспалітай — кароль разлічваў сілай дамагчыся правядзення рэформаў. У 1715-м частка магнатаў і шляхты, незадаволеная спробамі Аўгуста ІІ узмацніць каралеўскую ўладу, утварыла Тарнагродскую канфедэрацыю. Разгарнулася вайна, дзе саксонцы былі вымушаныя дзейнічаць амаль без мясцовай падтрымкі.
Праз год канфедэраты звярнуліся па дапамогу да Пятра І. У выніку пад ціскам расійскіх войск Аўгуст ІІ быў вымушаны пайсці на перамовы. У 1717 годзе пад дыктоўку Расіі адбыўся аднадзённы Нямы сойм — названы так таму, што рашэнні прымаліся без абмеркавання.
Барацьба за кампраміс
Адным з галоўных рашэнняў Нямога сойма было ўвядзенне пастаяннага дзяржаўнага падатку на вайсковыя патрэбы. Упершыню ў гісторыі Рэчы Паспалітай з’явілася рэгулярнае войска і сталая сістэма палкоў. Да таго ж сойм падрэзаў уладу гетманаў, сената і функцыі соймікаў, карупцыя і свавольства якіх узрушала нават шляхту. Забараняліся канфедэрацыі.
Але галоўным было тое, што шляхта і Расія працягнулі пункт пра моцна абмежаваны памер арміі: Рэч Паспалітая магла ўтрымліваць не больш за 16 тысяч жаўнераў. Лічба абсалютна не адпавядала патрэбам такой вялікай дзяржавы, і гэта рабіла яе безабароннай у геапалітычных гульнях магутных суседзяў.
Аўгуст ІІ паспрабаваў знайсці выйсце. Самыя баяздольныя часткі кароннага і літоўскага войска колькасцю каля 10 тысяч жаўнераў былі часова выведзеныя з-пад улады гетманаў і перададзеныя пад камандаванне таленавітага саксонскага фельдмаршала Якаба Генрыха фон Флемінга. Усе яны былі фундаментальным чынам рэфармаваныя паводле саксонскага ўзору. Актыўна мадэрнізавалася ўзбраенне. Разам з саксонскім войскам гэта ўжо быў значны вайсковы патэнцыял. Прускі амбасадар у Варшаве адзначыў: «Закладзены выдатны фундамент пад абсалютную ўладу. Кароль… дамогся карысці ў такіх пунктах, якіх да яго ніводзін з польскіх каралёў аж да Жыгімонта Аўгуста не меў».
Актыўнай пазіцыя Аўгуста ІІ заставалася і на замежнапалітычнай арэне. У 1714 годзе былі ўсталяваныя добрасуседскія адносіны з Турцыяй. З падтрымкай Аўстрыі ў 1720 годзе ўдалося дамагчыся канчаткова вывядзення расійскіх войскаў.
Гульня без выніку
Адной з навацый Нямога сойма было недапушчэнне стварэння нейкага фармальнага саюзу паміж Саксоніяй і Рэччу Паспалітай (як, напрыклад, Люблінская унія). Кароль, які якраз марыў пра такі саюз, разглядаў гэта толькі як часовую перашкоду. Ён абраў тактыку мяккай сілы, імкнучыся стварыць цесныя сувязі паміж элітамі падуладных зямель, спрыяў нарошчванню культурных сувязяў. Паралельна Аўгуст ІІ спрабаваў выбудоўваць адносіны з рознымі магнацкімі групоўкамі Рэчы Паспалітай, прасоўваючы праз соймавыя працэдуры ідэю рэформаў.
Усё гэта не засталося без увагі суседзяў. У 1719 годзе Расія і Прусія патаемна дамовіліся, каб супрацьстаяць любым зменам у палітычным ладзе Рэчы Паспалітай. Аналагічных дамоўленасцей Расія дасягнула са Швецыяй і Аўстрыяй. Але галоўным хаўруснікам усходняй суседкі стала шляхта самой Рэчы Паспалітай: абсалютная большасць соймаў у саскія часы была сарваная праз liberum veto. З-за пазіцыі магнатаў нават вайсковыя рэформы Аўгуста ІІ не далі жаданага доўгатэрміновага эфекту, і ў войску да сярэдзіны XVIII стагоддзя запанавала стагнацыя.
Палітычная «гульня ў доўгую» Аўгуста ІІ, якую пасля смерці ў 1733 годзе працягнуў яго сын Аўгуст ІІІ, не дала плёну. Рэформы паспрабуе правесці ў апошняй чвэрці XVIII стагоддзя ўжо іншы манарх, але будзе ўжо запозна.
66 гадоў
Персанальная унія Рэчы Паспалітай і Саксоніі праіснавала амаль 66 гадоў, пакінуўшы істотны след у гісторыі Польшчы, ВКЛ і Саксоніі. Гэта былі вельмі розныя дзяржавы, інтарэсы эліт якіх часта не супадалі з палітыкай Аўгуста ІІ і Аўгуста ІІІ. Больш глыбокім сувязям між краінамі не спрыялі і іншыя прычыны: адрозненні ў палітычным ладзе, рэлігіі, розны ўзровень эканамічнага развіцця, адсутнасць супольнай мяжы, а галоўнае — адданасць польска-літоўскай шляхты «залатым вольнасцям».
Увогуле ж, для Аўгуста ІІ, як і для большасці іншых манархаў яго часу, галоўнымі былі дынастычныя інтарэсы і ўласныя велізарныя амбіцыі. У спалучэнні з заняпалай палітычнай сістэмай краіны абранне такога манарха не стала для Рэчы Паспалітай выратаваннем. Незалежна ад асабістых якасцей караля, які быў чалавекам надзвычай складанай і супярэчлівай натуры.
Комментарии