История11

Сенаванне: незабываемые воспоминания, как косили сено еще в конце ХХ века

Сегодня редкая деревенская семья держит корову. Тяжело, не очень выгодно, а купить молоко и масло не проблема. Дети не могут себе представить, что до конца прошлого века, кроме больших колхозных стад, у каждой деревни ходили стада селянские. И каждому хозяину ежегодно нужно было накосить сена. О главной летней работе своего детства вспоминает журналист из Гродно Евгений Лебедь.

У 1997­-м мне было 10 гадоў.

Наша вёска Руда Яварская на Дзятлаўшчыне вядомая з XVIII стагодзя, калі Радзівілы пачалі дабываць тут балотную руду.

Яшчэ 25 гадоў таму яна была дастаткова вялікай, пад 200 двароў. І амаль у кожным двары трымалі карову.

Барацьба за сена

Накасіць сена на зіму было пры такой канкурэнцыі няпроста. Вяскоўцы абкошвалі літаральна кожны лапік, і за іх суседзі часам маглі пасварыцца так, што гадамі міжсобку не размаўлялі. Хоць некаторыя фармальна нічыйныя зручныя для сенакосу мясціны былі нефармальна занятыя асобнымі гаспадарамі сілай традыцыі. Усе ведалі, што тут заўсёды косіць той або іншы, а таму і не прыладжваліся, нават калі і паглядалі з зайздрасцю.

Мой дзед Пятро, ці Пецік, як звалі яго аднавяскоўцы, усё жыццё працаваў у лесе, таму заняў сабе палянку ў Ліпічанскай пушчы, якая акружала вёску. Тое месца ля лясной рачулкі называлі Скупа, бо сена яно давала няшмат. Але дзед выкручваўся і касіў яго па тры разы за сезон: з траўня і па першыя маразы. Гэтая палянка захавалася і да сёння, нават слупы яшчэ стаяць, якімі мы гарадзілі дзялку, каб дзікі лычамі не варочалі глебу.

Яшчэ адзін лясны сенакос дзед меў у суседняй вёсцы Капці. «Камандзіроўка» туды была самай цяжкай, бо ў гэтым лесе не было куды дзецца ад аваднёў, камароў і мух. А пад валкамі травы ці сена хаваліся вужакі і жабы.

Цяжэй за ўсіх на гэтым пушчанскім сенакосе прыходзілася стрыманай кабылцы Гнедзе. Ад заедзі яе не ратавала нават посцілка. Таму звычайна я трымаў кабылу за аброць і ганяў мух, пакуль бацька з дзедам складалі воз.

Воз клаў бацька — лепш за яго гэта ніхто не рабіў, — а дзед падаваў яму траву віламі. Часам з травой трапляліся і вужы. «Што ты мне тут падаеш… змеі на воз падаюць», — бурчаў бацька. «Якія там табе вужакі, я нічога не бачу», — казаў дзед у адказ.

З лясной сенажаці ў Капцях звычайна везлі сырую траву, а сушылі на сонечнай палянцы на ўскрайку лесу, за пяць хвілін ад хаты. Далёка па лясных сцежках надта не наездзішся, а тут можна было прыбегчы адразу, калі на вёску надыходзіла хмара. Прагнозам надвор’я з «радзіва» не надта верылі, нават калі там казалі, што «па захадзе без ападкаў». «Халера яго ведае, дзе той захад», — казала баба, пераварочваючы аладкі ў печы.

Скасіць і высушыць

Акрамя лясных палян, за тое, што старыя палолі калгасныя буракі і здавалі ў калгас малако, у жніўні ім, як і іншым аднавяскоўцам, давалі кавалак сенажаці з калгаса. Узяў 20 сотак буракоў — атрымай такога ж памеру дзялку травы. На працягу двух тыдняў на прасторы паміж ровам і крыштальна чыстай Пад’яваркай збіралася ўся вёска, а па дарозе адтуль да вёскі паўзлі караваны вазоў з сенам. Для дзяцей цэлы дзень сушыць там сена было вялікай асалодай: камароў няма, у рэчцы ловяцца яльцы і ракі, а як дадатковы бонус — торба са смачным абедам ад бабы. Ваду з сабой не бралі: пілі з рэчкі.

Дзед наш не вучыў унукаў правільна касіць. Не давяраў, бо было не да забавы. Затое сам галіў траву так, што пальцамі не зачэпіш. Ідзеш па кошаным нібы па калючай коўдры. І рыхтаваўся ён да касьбы як след: садзіўся на калодку і гадзінамі кляпаў касу, а мы падносілі яму халодную ваду, каб змачыць малаток.

Калі дзед разам з іншымі мужыкамі збіраўся касіць сенажаць, атрыманую за буракі ў калгасе, баба Маня звечара рыхтавала старому чыстую белую кашулю, а мы пампавалі колы на «Бусле»­ ровары — да сенажаці пад тры кіламетры. Дзед выпраўляўся на касьбу вельмі рана, пакуль росна і не спякотна, як толькі выганялі ў поле кароў.

Перад тым, як пачаць працаваць, мужыкі вызначалі межы кожнай дзялкі. Адзін касец нерухома стаяў на адным канцы сенажаці каля загадзя пастаўленай брыгадзірам тычкі, а другі ішоў па траве ад такой жа тычкі з іншага боку роўна яму насустрач. Пратаптаная такім чынам сцежка і была мяжой паміж суседзямі, і не дай бог было за яе залезці.

Праз пару гадзін баба будзіла і мяне, каб ехаў да дзеда разбіваць пракосы. На сенажаці, колькі хапала вачэй — касцы ў белых кашулях, нібы тыя буслы ў траве. Ад дарогі да рэчкі ідзе свежы духмяны пракос. Бярэш граблі, пераварочваеш іх і грабільнам пачынаеш раскідаць пракос у розныя бакі як мага танчэй, каб трава лепш высыхала.

На наступны дзень пры добрым надвор’і сенца падсыхала. У абед яго звычайна варочалі на другі бок, а ўвечары складалі ў копкі. Наступнай раніцай копкі разбівалі віламі і зноў сушылі. А калі сена было ўжо сухое, яго зграбалі ў валок. Аднак пры добрым надвор’і дзед ніколі не спяшаўся звозіць сена, даваў яму «дайсці». Хоць унуку і не цярпелася:

— Дзед, сухое ўжо!

— Га?

— Сухое, кажу, аж трашчыць. — Сонца паціху садзілася, трэба было давезці сена дахаты, схаваць у гумно і паспець у клуб на танцы, а дзед тут усё тупае…

Нарэшце, воз такі складалі, абвязвалі сена вяроўкай, а зверху прыціскалі жэрдкай, якую называлі рубель. На надворку воз спынялі, скідалі сена і падавалі яго ў гумно. Трэба было лезці на сена і таптаць яго — запіхваць пад страху або пад бярвенне сценаў або ўціскаць нагамі, каб добра ляжала і не займала шмат месца.

З году ў год падчас складання сена ў гумне развіваецца своеасаблівая кар’ера. Самых малых адпраўлялі таптаць сена, крыху большых — скідаць з воза, а самых дужых — падаваць сена на вышкі віламі. Паціху, убіраючыся ў сілу, прайшоў усе гэтыя стадыі і я.

У гумне горача, ад пылу цяжка дыхаць, хацелася як мага хутчэй злезці і бухнуць у крынічную Пад’яварку. Цяжка было трываць і бабе Мані, якая прымала сена ў гумне.

— Пецік, ну, шмат там яшчэ?

— Зараз злезеш, у драбінах ужо засталося, — аптымістычна адказваў дзед, хоць на самай справе сена таго было яшчэ добрых паўвоза.

І толькі калі нарэшце надворак падмяталі, а воз чысцілі, кожны мог займацца сваімі справамі.

Бутэлька на барыш

На зімовы пракорм кабылы сенам разжываліся крыху асаблівым чынам. Справа ў тым, што Гнеду трымалі ўтрох у складчыну: дзед Пецік з родным братам Валодзікам, што жыў цераз плот, а таксама з Іванам, па мянушцы Сівы. Дзед Іван заўсёды ўлетку насіў капялюш, а па нядзелях спяваў у царкоўным хоры.

На кабылу касілі ў жніўні, калі трохі ўжо запаслі сена сваім каровам. Толькі дзе ж узяць той травы?.. Пра гэта дамаўляліся з калгаснымі пастухамі, каб тыя не пускалі кароў на нейкі кавалак пашы з лепшай травой. Шырокія калгасныя пашы знаходзіліся далёка ад вёскі, на другім беразе Пад’яваркі.

Увечары перад прызначаным днём баба збірала дзеду торбу з абедам: абавязкова бутэлька самагонкі на барыш пастухам, вараныя яйкі, кілбаса, сала, кавалак кумпяка, гуркі, цыбуля і хлеб. Утрох мужчыны выязджалі а 4-­й гадзіне раніцы і касілі амаль увесь дзень.

Заканчвалася гэтая гісторыя заўсёды аднолькава. Пад вечар кабыла на аўтапілоце цягнула воз па вёсцы, а на ім калодамі ляжалі п’яныя «касцы­гаспадары». Гнеда прыпынялася каля брамы, а ўнукі пад пахі цягнулі старых — кожны свайго — на ложак у хату. Але галоўнае — справу яны зрабілі, барышом пастухам аддзякавалі. І абышліся без аніякіх грошай…

Раніцай наступнага дня, добра выспаўшыся, старыя бралі ўнукаў, ехалі на пашу, хутка зграбалі траву і везлі сушыць.

Гэтаксама было і з саломай, якой падсцілалі хатнюю жывёлу ў хляве. Раней даводзілася красці калгаснае: ноччу ехалі на поле, раскладалі дошкі і закачвалі коткі­цюкі на воз. Здаралася, што воз нават ламаўся, бо качулкі былі вельмі цяжкімі. А ўжо потым калгас сам пачаў прадаваць пракосы саломы: плаціш пару рублёў, сам зграбаеш салому і вязеш дахаты ў стог.

Мае дзед і баба трымалі дзве каровы. Аднойчы нечакана старэйшая карова Кветка захварэла і здохла ў садку пад яблынямі. Суседскім трактарам яе зацягнулі на вялікай блясе ў хвойнік і там закапалі. Дзед Пеця з бабай Маняй моцна перажывалі. І пасля таго засталася ў іх толькі Пярэста з чорнымі круглымі плямамі на баку.

Перайшло­-мінула, што калісь было…

Самае крыўднае для мяне, што ўсе гэтыя цікавыя эпізоды вясковага жыцця ў дзяцінстве не атрымалася зафіксаваць на фотаздымках ці відэа. Ну, якія там былі гаджэты 25 гадоў таму? А калі з’явілася ўся шматлікая сучасная тэхніка, то старыя ўжо не трымалі гаспадаркі. Таму пра тую штодзённую цяжкую працу і звязаныя з ёй традыцыі ды рытуалы засталіся толькі ўспаміны.

А калі б мой дзед і яго аднавяскоўцы ўбачылі, што зараз робіцца на іх сенажацях, дзе толькі гудзе вецер, а трава і зямля ўжо нікому не патрэбныя, то, мусіць, усе разам пакінулі бы свой вечны спачын у хвойніку за станам і зноў узялі б у рукі косы.

Комментарии1

  • Vik
    17.04.2023
    Тяжкий неблагодарный и изнуряющий труд.

Андрей Дмитриев съездил в бундестаг, чтобы доказать необходимость участия Лукашенко в мирных переговорах7

Андрей Дмитриев съездил в бундестаг, чтобы доказать необходимость участия Лукашенко в мирных переговорах

Все новости →
Все новости

Доллар сегодня подорожал на шесть копеек, евро — на 122

В Орше парень фотографировался с белорусскими звездами и поддерживал «СВО». А его осудили за экстремизм3

Белорус об условиях в лагерях для беженцев: Когда у тебя есть опыт, понимаешь, что все может быть и плохо, и грустно9

Сколько можно съесть мандаринов, чтобы не было последствий2

Блогер выдавала свою здоровую дочь за смертельно больную, чтобы получать донаты и лайки. А возможно, даже травила ее

Ракетная атака на Украину: Россия бьет «калибрами» и баллистическими ракетами9

Страны Балтии и Скандинавии выступили за увеличение помощи Украине в ответ на агрессию РФ1

Очередь из легковых машин вернулась на польскую границу

США рекомендуют Украине снизить призывной возраст до 18 лет6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Андрей Дмитриев съездил в бундестаг, чтобы доказать необходимость участия Лукашенко в мирных переговорах7

Андрей Дмитриев съездил в бундестаг, чтобы доказать необходимость участия Лукашенко в мирных переговорах

Главное
Все новости →