На вучобу з пропускам

У аршанскай CШ №18 пры канцы навучальнага году ўвялі прапускны рэжым — пры ўваходзе ўсталяваныя спэцыяльныя турнікеты, празь якія можна прайсьці толькі пасьля прад’яўленьня адпаведнага пропуску з фатаздымкам. На думку адміністрацыі, гэта паспрыяе ўзмацненьню грамадзкага парадку і дысцыпліны, ня пусьціць у навучальную ўстанову пабочных асоб. Абсталяваньне для кантролю было прывезена ў школу з былога рэжымнага прадпрыемства радыёзаводу «Чырвоны кастрычнік» (цяпер РУП «Лёс»). Яно ўжо даўно ўстарэла ды зусім не ўпрыгожвае школьнага вэстыбюлю, дзе маецца цудоўны зімні сад з фантанам. Да таго ж абсталяваньне мае малую прапускную здольнасьць, таму раніцай вучні і пэдагогі часам вымушаны станавіцца ў чаргу. Здараецца, што турнікеты «заціскаюць» дзяцей, асабліва вучняў малодшых клясаў, пэўную праблему яны ўяўляюць і для кабет мажной камплекцыі. Канчатковы вэрдыкт новаўвядзеньню павінны вынесьці спэцыялісты МНС, якія лічаць, што наяўнасьць прапускной сыстэмы можа прывесьці да парушэньняў правілаў проціпажарнай бясьпекі.

Паэтка-ідэоляг

Ворша — бадай, адзіны буйны горад у краіне, дзе бракуе сапраўдных майстроў, паводле слоў Уладзімера Караткевіча, прыўкраснага пісьменства. Паэтаў ды паэтак хапае нават зь лішкам. Але афіцыйна прызнаных творцаў, сяброў Беларускага саюзу пісьменьнікаў, на

140-тысячны горад усяго адзін. Гэта «статыстычная адзінка» трымаецца некалькі дзесяцігодзьдзяў. Пасьля сьмерці празаіка Леаніда Каладзежнага сяброўства ў Саюзе мае толькі Надзея Стаховіч, былая намесьніца старшыні райвыканкаму, зь нядаўняга часу начальніца яго ідэалягічнага аддзелу. Лёс як паэткі ў яе досыць незвычайны — пачала пісаць вершы (пераважна па-расейску) у сталым узросьце, напрыканцы 1990-х. Пасьля выданьня першага паэтычнага зборніка была прынятая ў БСП. Прэзэнтацыя новай кнігі вершаў «Асяніны» («Беларускі кнігазбор», 2005) адбылася ў аршанскім музэі У.Караткевіча. Музэйшчыкі спадзяюцца, што ў Караткевічаў юбілейны год дапамога аршанскай паэткі будзе вельмі патрэбнай.

Яўген Жарнасек, Ворша

Купальле на Полаччыне

У ноч на 23 чэрвеня наваполацкі гісторыка-культурны клюб «Княжыч» на беразе маляўнічага возера Наўліца наладзіў Купальле. Сябры клюбу займаюцца адраджэньнем беларускіх аўтэнтычных сьвятаў, таму ладзілі Купальле паводле ўсіх старажытных правілаў: і вогнішча запальвалі з дапамогаю крэсіва, і шост з купальскім колам быў пасярод кастра, і варажбу на вянках праводзілі, і ў расе на досьвітку качаліся.

«Княжычы» ўпарта, ужо дзявятым разам, сьвяткуюць Купальле ў дні летняга сонцастаяньня, як тое рабілася ў даўнія часы, у пару росквіту жыватворных сілаў прыроды. Пад адкрытым небам адбываўся спэктакль па п’есе, якую напісаў сам беларускі народ.

Васіль Кроква, Полацак

Горацкія рэаліі

У Горацкім раёне з 17 279 чалавек занятага насельніцтва 664 — індывідуальныя прадпрымальнікі. У іх працуюць па найме 243 чалавекі. У фэрмэрскіх гаспадарках працуе 31 чалавек. Цікава, што прафэсію «служка рэлігійнага культу» ў раёне маюць 22 чалавекі.

Эдуард Брокараў, Горкі

Бялыніцкая статыстыка

Колькасьць жыхароў Бялыніцкага раёну складае 22,4 тыс. чалавек. У саміх Бялынічах жыве 9,9 тыс., што на тры адсоткі меней, чым летась. У параўнаньні з адпаведным леташнім пэрыядам колькасьць насельніцтва ў раёне скарацілася на 3,9%.

Базыль Ліцьвіновіч, Бялынічы

Помнік у Ільлі

Архітэктар зь Вялейкі Анатоль Капцюг распрацаваў праект помніка-капліцы паўстанцам-каліноўцам. Дакладней, па фатаздымках, што захаваліся, архітэктар узнавіў помнік, узьведзены ў 1930 г. у мястэчку Ільля. Тутака 16 траўня 1863 году ў жорсткай бойцы быў разьбіты аддзел паўстанцаў і забіты яго камандзір Вінцэнт Козел-Паклеўскі. Забітыя паўстанцы пахаваны недалёка ў лесе.

Сяргей Макарэвіч, Вялейка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0