Апытаньне «НН» на вуліцах Менску: якім павінен быць кандыдат у прэзыдэнты ад апазыцыі?

Вольга, супрацоўніца дзяржаўнай установы:

— Мужчына ці жанчына — абсалютна ўсё роўна. Узрост — 45—50 гадоў, 55 —

у крайнім выпадку. Пажадана, чалавек з вышэйшай адукацыяй (але не гістарычнай), можна — зь дзьвьюма. Найлепш — эканаміст, які мае вялікі стаж працы на дзяржаўным прадпрыемстве. Не атэіст. Кандыдат павінен быць сямейны чалавек, ні ў якім выпадку не разьведзены. Разумны, інтэлігентны, сымпатычны, каб ведаў ня менш як дзьве замежныя мовы. Ад Лукашэнкі яго будзе выгадна адрозьніваць выхаванасьць.

Яўген, чацьвёртакурсьнік БДУ:

— Кандыдат ад народу павінен быць перш за ўсё адказным. Ён павінен прытрымлівацца тых поглядаў, якія падзяляюць яго саюзьнікі, дэмакратычныя краіны — перш за ўсё Польшча. Вэктар павінен зьмяніцца на Захад.

Алена, супрацоўніца адміністрацыі аднаго з буйных менскіх заводаў:

— Інтэлігентны, малады, не бюракрат савецкіх часоў. Можа быць, бізнэсмэн. Жанчына. Бо колькі мужыкі ні кіравалі, ні ад аднаго няма толку. Ад Лукашэнкі яна будзе адрозьнівацца розумам. Яна павінна быць інтэлігентнай, умець добра прамаўляць і кіраваць. Юлія Цімашэнка з выгляду і Маргарэт Тэтчэр па розуме!

Сяргей Надзюк, студэнт БДУ:

— Чалавек ва ўзросьце да 40 гадоў, маральна сталы. Каб ішоў у нагу з часам.

Валеры, асьпірант:

— Перш за ўсё мужчына. Каб умеў прыгожа гаварыць. Узрост — ня большы за пяцьдзясят. Пажадана з нацыянальнымі поглядамі. Беларускамоўнасьць павінна яго адрозьніваць ад іншых кандыдатаў.

Віталь, інжынэр прыватнай канструктарскай фірмы:

— Не атлусьцелы, ня той, які ўсё жыцьцё партфэль цягаў. Каб быў сталы мужчына, які ўжо склаўся, адбыўся, сямейны, каб шмат чаго дамогся ў жыцьці, каб прэзыдэнцтва стала вянцом кар’еры. Каб меў добрыя сувязі з усім сьветам.

Тацяна, асьпірантка:

— Пісьменны, каб умеў правільна размаўляць, паважліва гутарыць з апанэнтамі.

Антось, студэнт, родам са Слоніму:

— Гэта павінен быць чалавек з народу, каб ведаў праблемы, якія турбуюць народ. Чалавек, які зможа павесьці за сабою, ён павінен трымаць слова. Гэта павінен быць чалавек з інтэлігенцыі.

Яня, студэнтка, родам з Браслава:

— Каб быў шчыры і выклікаў давер. Гэты чалавек не павінен цурацца роднай мовы, як гэта робіць большасьць палітыкаў. Ён абавязкова павінен размаўляць па-беларуску. Быць чалавекам, у любым выпадку.

Андрэй, беспрацоўны:

— Я аддам свой голас за чалавека, які скажа: «Я перамагу Лукашэнку!»

У апытаньні «НН» найперш зьвярталася да людзей маладых — тых, хто рухае зьменамі. Адчуваецца, што абсалютная большасьць гэтых людзей ужо думалі пра тое, на карысьць каго хацелі б зрабіць выбар. Яны ахвотна дзеляцца думкамі наконт гэтага. На пытаньне карэспандэнта, зададзенае па-беларуску, большасьць зь іх адказвалі на роднай мове. Але акрамя мовы ў адказах можна знайсьці шмат іншых падабенстваў.

Чалавек, за якога апытаныя аддадуць свае галасы, павінен быць для іх блізкім і зразумелым — у процівагу няўцямнай рыторыцы апазыцыйных праграм. Ён мусіць быць культурным — у процівагу хамству ўлады. Пакуль людзі не гатовы назваць імя кандыдата сваёй мары — яны яшчэ нават ня ведаюць імёнаў, зь якіх можна выбіраць. Яны найчасьцей кажуць пра кандыдата, карыстаючыся мужчынскім родам, але прынялі б і кандыдата-жанчыну. Выбаршчыкі бачаць перад сабой дастаткова маладога (каля пяцідзесяці) палітыка, выдатна адукаванага прафэсіянала, добрага сем’яніна. Таго, каму яны будуць давяраць. Таго, хто будзе размаўляць зь імі на іх мове.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0