У Туркменістане выйшлі на свабоду грамадзянскія актывісты Анакурбан Аманклычаў і Сапардурды Хаджыеў, якія знаходзіліся ў турме з 2006 года.

Паводле звестак Туркменскага Хельсінкскага фонду па правах чалавека, Аманклычаў і Хаджыеў былі арыштаваныя за тое, што ўзялі ўдзел у падрыхтоўцы дакументальнага фільма пра Туркменістан, а таксама за збор інфармацыі пра становішча з правамі чалавека ў краіне. Разам з імі ў 2006 годзе была арыштаваная карэспандэнт «Радыё Свабода» Агульсапар Мурадава.

Першапачаткова іх абвінавацілі ў шпіянажы і падрыўной дзейнасці. Пазней, як адзначаецца, абвінавачванні былі змененыя на «незаконнае набыццё, захоўванне або продаж зброі і боепрыпасаў».

Аманклычаў і Хаджыеў атрымалі па сем гадоў турмы. Мурадава была прысуджаная да шасці гадоў пазбаўлення волі. Неўзабаве пасля вынясення прысуду яна памерла. На яе целе, па словах сваякоў, былі выяўленыя сляды катаванняў.

Міжнародная арганізацыя Amnesty International прызнала Аманклычава і Хаджыева «вязнямі сумлення». На волю яны выйшлі ў сувязі з адбыццём тэрміну пакарання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?