Марцін Шульц сустрэўся ў Брусэлі з галоўным рэдактарам сайта charter97.org Наталляй Радзінай.

— Спадар прэзідэнт, як можна растлумачыць вашу прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да дыктатуры ў Беларусі і сённяшнюю спробу Рады ЕС зняць санкцыі з людзей з атачэння Лукашэнкі?

— Гэта вельмі складаны выбар. Еўрапейскі саюз і ўрады краін ЕС павінныя зрабіць выбар — як ізаляваць Лукашэнку і не парушыць пры гэтым інтарэсы грамадзян у краіне. Для мяне як для прэзідэнта Еўрапейскага парламента гэта прасцей: у мяне больш магчымасцяў, чым ва ўрадаў, каб выступіць і сказаць «не». Яны ж павінныя прымаць пад увагу вельмі канкрэтныя інтарэсы сваіх краін і мець на ўвазе, што эканамічны байкот звычайна робіць большы ўплыў на гараговых грамадзян, чым на вярхушку ўрада. Таму я б не спяшаўся з крытыкай такой пазіцыі.

— На паседжанне Парламенцкай асамблеі Еўранэст у гэтым годзе не былі запрошаныя прадстаўнікі афіцыйнай улады. Была запрошаная апазіцыя. Гэта быў сур’ёзны сігнал падтрымкі дэмакратычнага руху Беларусі. Можа, варта распаўсюдзіць гэтую практыку і на саміт «Усходняга партнёрства» ў Вільні і запрасіць туды толькі прадстаўнікоў дэмакратычнага руху?

— Еўрапейскі парламент запрасіў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і апазіцыі ў якасці тэсту. Калі іншыя структуры Еўрапейскага саюза або краіна, якая цяпер старшынюе ў ім — у дадзеным выпадку гэта Літва, — выберуць аналагічную мадэль, то такое магчыма. Але я не магу даваць ім парады. Яны могуць узяць з нас прыклад, які, я лічу, быў паспяховым.

— Гэта значыць, вы лічыце, што дзяржаўныя чыноўнікі не павінныя ўдзельнічаць у саміце?

— Прынамсі не выключана, што лідараў беларускай апазіцыі могуць запрасіць на саміт, але дакладна не ў якасці афіцыйных удзельнікаў. Запрашэнне прадстаўнікоў беларускай апазіцыі і іх сустрэчы з высокапастаўленымі прадстаўнікамі еўрапейскіх структур і дзяржаў — сябраў ЕС падчас саміту абсалютна магчымыя.

— Чаму сёння так аслабела цікавасць Германіі да змены сітуацыі ў Беларусі?

— Я не думаю, што Германія звяртае менш увагі на сітуацыю ў Беларусі. Ні я як прэзідэнт Еўрапейскага парламента з Германіі, ні мая партыя ніколі не пакідалі найменшага сумневу ў тым, што мы сочым за беларускай дыктатурай. І я магу вам сказаць, што зусім нядаўна, калі прэзідэнт Даля Грыбаўскайце была ўзнагароджаная прэміяй Карла Вялікага ў Аахене — найвышэйшай узнагародай для дзейных еўрапейскіх палітыкаў, — я згадаў пра Лукашэнку як пра апошняга дыктатара Еўропы, які павінен сысці і знікнуць.

Гэтая заява выклікала буру апладысментаў. Такім чынам, у Германіі ідзе дыскусія. Я не магу пагадзіцца, што нямецкі федэральны ўрад не надае дастатковай увагі гэтай тэме. Ён робіць гэта разам з Гіда Вестэрвеле, які не з’яўляецца сябрам партыі, да якой належу я. Зусім нядаўна ён яшчэ раз згадаў пра парушэнні грамадзянскіх правоў і правоў чалавека ў Беларусі.

— Што б вы хацелі перадаць сацыял-дэмакрату Мікалаю Статкевічу, які цяпер знаходзіцца ў турме?

— Мы робім усё магчымае для таго, каб дамагчыся яго вызвалення і выхаду з турмы. Лідар маёй партыі Зігмар Габрыэль знаходзіцца ў пастаянным кантакце з тымі членамі яго сям’і, якія цяпер жывуць у Германіі. Мы стараемся аказваць падтрымку Мікалаю Статкевічу ўсімі сродкамі, якія ёсць. Ён — адзін з найбольш пацярпелых ад рэжыму.

— Вы сказалі, што рукі Лукашэнкі ў крыві. Якой павінная быць палітыка Захаду ў дачыненні да беларускага рэжыму?

— Мы павінныя імкнуцца ізаляваць дыктатара без ізаляцыі краіны. Гэта нялёгка. Ваша першае пытанне было аб зняцці візавых абмежаванняў у дачыненні да некаторых прадстаўнікоў рэжыму. Чаго мы павінныя пазбягаць, дык гэта гульняў Лукашэнкі з намі. Яго стратэгія ў апошнія гады была ў невялікіх кроках, саступках і кампрамісах, якія ён рабіў час ад часу. Але за імі ішоў рост рэпрэсій унутры краіны. Ён павінен дакладна ведаць, што нават калі ён часткова будзе супрацоўнічаць з ЕС, гэта дапаможа вашаму народу і вашай краіне пазбегнуць пакут.

«Ваш час абмежаваны» — такім павіннае быць пасланне. Што да некаторых краін, якія інтэнсіўна супрацоўнічаюць з беларускімі ўладамі, то Еўрапейскі саюз не можа пагадзіцца з тым, што мы з аднаго боку супрацоўнічаем з імі, а з другога боку яны супрацоўнічаюць з Лукашэнкам. Ізаляцыя азначае, што мы павінныя паказаць усяму свету, што ў Лукашэнкі няма ніякіх шанцаў у сярэдне- і доўгатэрміновай перспектыве для палітычнага выжывання.

— Калі я была у турме пасля выбараў 2010 года, афіцэр КДБ спытаў у мяне: «Чаму вы сустракаліся з прэзідэнтам Еўрапейскага парламента?» Я сказала, што ніколі не сустракалася з прэзідэнтам Еўрапейскага парламента (у той час гэта быў Ежы Бузэк). А потым ён паказаў мне здымак, на якім я была з Лехам Валенсам, экс-прэзідэнтам Польшчы. Ён думаў, што гэта Ежы Бузэк. Я зразумела, што для КДБ сустрэча беларускага апазіцыянера або незалежнага журналіста з прэзідэнтам Еўрапарламента — злачынства. Чаму яны так вас баяцца?

— Для агульнаеўрапейскай і нават сусветнай грамадскасці Еўрапейскі парламент — гэта месца, дзе злачынствы дыктатур абмяркоўваюцца і асуджаюцца. Гэта месца з велізарнай аўдыторыяй і з велізарнымі магчымасцямі. У Еўрапейскім парламенце 750 сяброў з 27 (а хутка будзе з 28) дзяржаваў. Дыскусіі ў ім заўсёды вельмі нязручныя для дыктатараў, таму што гэта Еўропа, і яна сочыць за імі. Таму яны баяцца нас, і гэта добра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?