Рабаванне адбылося яшчэ 19 верасьня, але вядома пра яго стала толькі цяпер, калі міліцыі ўдалося затрымаць банду налётчыкаў.

Паводле менскай міліцыі, рабаўнікі прадставіліся работнікамі ЖЭС і ўвайшлі ў кватэру Аляксандра Шакуціна па вуліцы Кузьмы Чорнага. Пасля гэтага адзін з рабаўнікоў дастаў пісталет.

Яны звязалі ўсіх, хто знаходзіўся ў кватэры, пасля чаго вынеслі з яе 7 тысяч даляраў, 800 індыйскіх рупій і ювелірныя вырабы (пярсцёнкі з дыяментамі, залатыя зашпілкі і срэбныя ўпрыгажэнні). ЖЭСаўскую ўніформу яны выкінулі ў лесе, а таксама ў смеццевым кантэйнеры адной з вёсак Мінскага раёна.

Як выявілася, разбойны напад учынілі трое 28-гадовых мінчукоў, двое з якіх нідзе не працавалі. У дачыненні да іх заведзеная крымінальная справа.

28- гадовы Аляксандр Шакуцін — сын вядомага ў Беларусі мультымільянера Аляксандра Шакуціна, які займае 2-е месца ў Топ-200 уплывовых бізнэсоўцаў Беларусі. Сын узначальвае прадзюсарскае агенцтва ТАА «Спамаш-груп», якое ўваходзіць у групу кампаній бацькі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?