Будынак былога пастарунка ў Міры (Гродзенская вобласць) на цяперашняй вуліцы Кірава, пабудаваны ў 1920-х, намаганнямі гісторыка Кірыла Карлюка ўвайшоў у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

«У міжваенны час палова дома належыла мясцовай заможнай мяшчанскай сям’і Заслаўскіх, вядомай у Міры яшчэ з XVIII ст. — кажа спадар Карлюк. — У другой палове ХІХ ст. Заслаўскія прынялі праваслаўе і сталі фундатарамі Мірскай праваслаўнай царквы. У прыватнасці, іх чыннасці належыць яшчэ адзін цудоўны помнік Міра — маленькая мураваная белая каплічка 1909 г., што знаходзіцца на перакрыжаванні непадалёк ад замку і заўсёды прыцягвае ўвагу наведвальнікаў мястэчка. Другую частку дома ў 1920-1930-х займаў паліцэйскі пастарунак».

Пра лёс пастарунка, а таксама знішчанай брамы дома №51 спадар Карлюк пісаў яшчэ ў 2011 г, тады ў шэрагу СМІ быў надрукаваны ягоны адкрыты ліст.

«Дом знаходзіцца на перакрыжаванні сучасных вуліц Кірава (былая Высокая і Ад поля — раней дзялілася на дзве) і Танкістаў (былая Татарская), пабудаваны ў міжваенны час. Уяўляе сабой пэўна адзін з найлепшых і самых прыгожых помнікаў местачковай забудовы такога тыпу ў Міры. – расказвае спадар Кірыл. - Прамавугольны ў плане, з высокімі вокнамі і шэрагам уласцівых падобнай архітэктуры дэкаратыўных элементаў. Да дому непасрэдна адносіцца і арыгінальная бетонная агароджа, пабудаваная ў 1937 г. У 2011 г. паводле рашэння раённых улад была разбурана брама дома, што ўяўляла сабой арачную бетонную канструкцыю, на якой буйнымі лічбамі і літарамі была змешчана дата яе пабудовы «1937 R[ok]», якая сабой выдатна дапаўняла ўвесь гэты надзвычай цікавы аб’ект».

Так атрымалася, што гэта адзін з апошніх, лічаных помнікаў надзвычай багата і цікавага, у чымсьці супярэчлівага перыяду мірской міжваеннай гісторыі, калі мястэчка ўваходзіла ў склад Польскай Рэспублікі.

У 1920-1930-я гг. Мір меў насельніцтва болей за 5000 чалавек, славіўся знакамітай ешывай, шматлікімі крамамі, развітым гандлем і рамесніцтвам, лічыўся адным з самых чыстых і ўзорных мястэчак крэсаў. Мірскія пернікі-»салдацікі», абаранкі, халы (хлебныя пляцёнкі) ці паўспірытус князёў Святаполк-Мірскіх — былі агульнапрызнанымі ў рэгіёне і краіне гастранамічнымі брэндамі

Аднак, паводле Карлюка, праблемы з забудовай гістарычнай часткі Міра працягваюцца.

«Зараз ужо пад пагрозай ўвесь цэласны комплекс Школішча — будынкаў колішніх габрэйскіх рэлігійных і адукацыйных установаў у самым цэнтры мястэчка, абсалютна ўнікальны для нашай краін, ўлічваючы стан яго захаванасці, — кажа спадар Кірыл. — Паколькі будынкі дасюль не трапілі нават пад фармальную абарону дзяржавы, мясцовая адміністрацыя і інвестар, які выкупіў іх пад свой праект, праводзяць будаўнічыя і рамонтныя працы абсалютна без уліку навуковай мэтазгоднасці і захавання аўтэнтыкі. Не зусім ясная сітуацыя і з будынкам колішняга кнесету на перакрыжаванні сучаснай вуліцы 1 Мая (колішняя Слонімская, пазней Жухавіцкая, а ў міжваенны час - 3 Мая) і завулка 1 Мая (колішняя другая Завальная вуліца).

Усё яшчэ пад пагрозай канчатковага разбурэння і каталіцкая капліца Св. Тройцы пач. ХХ ст. - апошні значны помнік драўлянага дойлідства мястэчка, пра які я таксама згадваў у сваім колішнім адкрытым лісце.

У савецкі час будынак апынуўся на прыватным падворку і зараз проста гніе і развальваецца. З пасярэдніцтвам ICOMOS і чынным удзелам пана Дзяніса Салаша, мы таксама неаднойчы звярталіся да мясцовых і рэспубліканскіх уладаў з просьбай перадаць будынак касцёлу ці ініцыятыўнай групе па яго аднаўленню. Скончылася нічым і справа з унясеннем будынку ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?