Супрацоўнікі сталічнай фінансавай міліцыі Камітэта дзяржкантролю сумесна з Камітэтам дзяржбяспекі і падатковай інспекцыяй па Мінску спынілі ценявую схему ўвозу і продажу мабільных тэлефонаў праз інтэрнэт-магазіны.

Як паведаміла прэс-служба КДК, затрыманая група грамадзян, якая займалася незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю. Яны завозілі з сумежных дзяржаў (Расіі, Польшчы, Літвы, Украіны) мабільныя тэлефоны, якія ў наступным рэалізоўвалі праз інтэрнэт-магазіны.

Падчас праверкі фінансавай міліцыяй канфіскавана амаль 400 тэлефонаў на 1,2 млрд. рублёў, бо на ўвесь завезены тавар адсутнічалі дакументы, якія пацвярджалі б легальнасць набыцця, захоўвання і транспарціроўкі.

У адпаведнасці з артыкуламі 12.17, 12.35 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за незаконны ўвоз і рэалізацыю тавару прадугледжана адказнасць у выглядзе штрафу да 50 базавых велічыняў з канфіскацыяй маёмасці. Апрача прымянення мер адміністрацыйнай адказнасці разглядаецца пытанне аб распачынанні ў дачыненні да вінаватых асоб крымінальнай справы па арт. 233 КК Рэспублікі Беларусь (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць), санкцыя якой прадугледжвае пазбаўленне волі да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?