У межах праекту «Тузін.Немаўля» музыка і мастак Лявон Вольскі прадставіў аўтарскі плякат да стужкі «Кастусь Каліноўскі», зьнятай у 1927 годзе, піша tuzin.fm.
«Гэта ненавукова-фантастычны вэстэрн. Толькі не спагеці-вэстэрн і ня бульба-муві, а гэткі льняны баявік. Усе паны кепскія, а сяляне добрыя.
Але стужка дыхае даўняй манахромнай цеплынёй і добра глядзіцца», —с распавядае пра сваё стаўленьне да нямой стужкі «Кастусь Каліноўскі» Лявон Вольскі.
Музыка з задавальненьем пагадзіўся ўдзельнічаць у праекце ў якасьці мастака. Ён кончыў Менскую мастацкую вучэльню імя Глебава (1984). У 1993 годзе меў пэрсанальную выставу ў музэі Багдановіча.
Маляваў коміксы ды ілюстрацыі для часопіса «Бярозка», газэт «Ніва» (Беласток) і «Наша Ніва». Аздобіў уласную кнігу прозы, некалькі музычных альбомаў. Працуе ў розных стылях і тэхніках.
Прэзэнтацыя плякату адбылася ў афіцыйнай суполцы праекту «Тузін.Немаўля» у Facebook. Тамсама свае працы прадставяць іншыя мастакі, якія стварылі аўтарскія плякаты да стужак «У агні народжаная» і «Прастытутка» — польскі творца Анджэй Ветэшка і Васіліса Паляніна-Календа.
Аўтарскія плякаты аздобяць DVD-дыскі, якія выйдуць цягам месяца калекцыйным накладам.