Рашэнне Клічко зняцца з выбараў на карысць Парашэнкі канчаткова акрэсліла галоўнае супрацьстаянне прэзідэнцкай кампаніі. У барацьбе за пасаду кіраўніка дзяржавы сыдуцца ключавыя асобы Аранжавай рэвалюцыі — Юлія Цімашэнка і Пётр Парашэнка. Пры тым, што апошні цяпер лідзіруе ў апытаннях.

20 адметных фактаў з жыцця «шакаладнага караля»:

1. Пачаўшы з гандлю какаа-бабоў, здолеў пабудаваць кандытарскую карпарацыю сусветнага ўзроўню. «Рашэн» уваходзіць у дваццатку найлепшых кандытарскіх кампаній свету.

2. Мае цукровы дыябет, таму амаль не есць салодкага.

3. Па версіі Форбс, з капіталам у $1,6 млрд Парашэнка ўваходзіць у лік найбуйнейшых алігархаў Украіны.

4. Бізнэс-структурам Парашэнкі таксама належыць папулярны «5 канал».

5. Прыйшоўшы ў палітыку ў 1998 годзе, не пакідаў яе нi за Юшчанкам, нi за Януковiчам. За гэты час займаў пасады міністра замежных справаў, міністра эканамічнага развіцця і гандлю, старшыні савета Нацбанка Украіны, сакратара Савета нацыянальнай бяспекі.

6. Быў вымушаны пакінуць Савет нацыянальнай бяспекі праз абвінавачванні ў лабіяванні ўласных інтарэсаў.

7. Да Аранжавай рэвалюцыі быў чальцом Сацыял-дэмакратычнай партыі Украіны — у той час самай лаяльнай да прэзідэнта Кучмы.

8. Прыклаў руку і да стварэння яшчэ адной пракучменскай структуры — Партыі рэгіёнаў.

9. Падчас Аранжавай рэвалюцыі, як і падчас Еўрамайдану, адкрыта падтрымліваў і фінансаваў апазіцыю.

10. У адным з інтэрв’ю прызнаў, што «спансуе рэвалюцыю ежай, вадой і дровамі», а пасля сутыкненняў на вуліцы Грушэўскага паабяцаў аднавіць стадыён «Дынама» і брук каля яго.

11. Кандыдат юрыдычных навук. Абараніў дысертацыю пад назвай «Прававое рэгуляванне кіравання дзяржаўнымі карпаратыўнымі правамі ва Украіне». Аўтар манаграфій, сааўтар падручніка «Сучасныя міжнародныя эканамічныя адносіны».

12. Мае чацвёра дзяцей.

13. Майстар спорту па дзюдо. У ваенкамаце пабіўся з чатырма прапаршчыкамі, за што быў адпраўлены служыць у Казахстан.

14. Заўсёды прытрымліваўся праеўрапейскага выбару. Кіруючы Міністэрствам замежным справаў, выказваўся за далучэнне да НАТА цягам 1-2 гадоў.

15. За праеўрапейскую пазіцыю пачаў расплачвацца першым. Яшчэ ў ліпені 2013 года ягоныя цукеркі былі забароненыя ў Расіі.

16. З абвастрэннем сітуацыі ў Крыме яму давялося развітацца з адзінай фабрыкай у Расіі, што зменшыла яго капітал на $200 млн.

17. Сябруе з Юшчанкам, былым прэзідэнтам Украіны.

18. Яны з Юшчанкам не проста блізкія, экс-прэзідэнт Украіны — хросны бацька дачок Парашэнкі.

19. Праз слабасць партыі Парашэнкі менавіта струкруты «Удара» Віталія Клічко будуць апірышчам кандыдата ў рэгіёнах.

20. Купіў сабе «Волгу» на пятым курсе. Цяпер ездзіць на Bentley.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?