Дэпартаваны з Беларусі грамадзянін Літвы Уладзімір Шышкоў лічыць, што быў пазбаўлены права пражываць у Беларусі да 2018 года з-за пачатага ў гэтай краіне бізнэсу.

Рашэнне дэпартаваць яго было прынята з мэтай абараніць «нацыянальную бяспеку, грамадскі парадак, здароўе і мараль жыхароў, іх свабоды і права».

Шышкоў, чалавек з юрыдычнай адукацыяй, з'ехаў з Беларусі восенню мінулага года, яму да гэтага часу не патлумачылі, чаму ён быў дэпартаваны, і лічыць, што яго бізнэс — збіраць інфармацыю аб прадпрыемствах, іх уладальніках, і прадаваць зацікаўленым асобам — не спадабаўся ўплывовым людзям.

«Што я там такога зрабіў? Стварыў паслугу, якая ёсць ужо ва ўсёй Еўропе, Расіі, ЗША — у многіх краінах дзейнічаюць бюро крэдытнай гісторыі. Я працаваў кіраўніком службы крэдытных паслуг Беларускай рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальнікаў, быў дарадцам старшыні праўлення Мінскай асацыяцыі працадаўцаў Уладзіміра Карагіна», — распавёў Шышкоў.

Паводле яго слоў, такая паслуга карысталася папулярнасцю, так як у Беларусі не хапае інфармацыі аб юрыдычных асобах, таму ў адной даведцы падаваліся дадзеныя аб рашэннях суда, пратэрмінаваных плацяжах, паведамленнях ў друку без ацэнак і каментароў.

«Спачатку я бясплатна прапаноўваў азнаёміцца са спісамі сабранай інфармацыі, потым вызначыў мінімальную плату — каля 10 літаў, і людзі працягвалі карыстацца паслугай. Змест даведкі — толькі афіцыйная, апублікаваная інфармацыя. Але сярод даўжнікоў і збанкрутаваных прадпрыемстваў была інфармацыя пра звязаных з імі былых дэпутатаў, уплывовых мясцовых асоб. Нарэшце, былі папераджальныя званкі, пагрозы судамі, а потым прыйшло паведамленне, што я павінен з'ехаць з краіны — больш я нічога не мог зрабіць», — распавёў ён.

Вярнуўшыся ў Вільню, Шышкоў заняўся іншай дзейнасцю: прапануе прадпрыемствам і асобам кансультацыйныя паслугі па працы з Беларуссю.

Асаблівасці беларускага бізнэсу

На пытанне, за якімі парадамі да яго звяртаюцца літоўскія прадпрымальнікі, Шышкоў распавёў, што самыя актуальныя пытанні — канфлікты і нявернутыя пазыкі.

Паводле яго слоў, часцей за ўсё ў інвестараў з Літвы не ўзнікае пытанняў, як стварыць бізнэс у суседняй краіне, але яны ўзнікаюць, калі партнёры не выконваюць пагадненні.

«У літоўцаў у Беларусі ўжо ёсць знаёмыя, яны ведаюць умовы стварэння бізнэсу, таму ім не патрэбна дапамога ў арганізацыі бізнэсу. Часцей за ўсё ў прадпрыемстваў узнікаюць пытанні, як вярнуць пазыкі, вырашыць спрэчкі або канфлікты, — распавёў ён. — Напрыклад, цяпер я працую з двума невялікімі польскімі прадпрыемствамі, якія ў снежні паставілі ў Беларусь гародніну на суму € 160 тыс ( 552 тыс літаў), але магілёўскае прадпрыемства, адзін з манапалістаў рынку, да гэтага часу не разлічылася з пастаўшчыкамі».

Паводле яго слоў, у Беларусі прадпрымальніцкае ясяроддзе рэгулююць дзяржустановы, і прадпрыемствы імкнуцца праз іх дамаўляцца і пазбягаць судоў.

З'ехаў у Беларусь у 1990-х

Шышкоў, які працаваў міліцыянтам у Літве, з'ехаў у Беларусь больш за два дзесяцігоддзі таму.

«Мы з сям'ёй з'ехалі ў Мінск у траўні 1991, бо мая жонка з Мінска. Там спачатку я таксама працаваў у міліцыі. Адчувалася, што ў Беларусі я чужы, таму я прапрацаваў год і пачаў свой бізнэс: кансультацыі, прадстаўніцтва », — нагадаў ён.

Па словах суразмоўцы, да 1996 у Беларусі ўмовы бізнэсу былі добрымі, пакуль Аляксандр Лукашэнка, прыйшоўшы да ўлады, упершыню не змяніў Канстытуцыю краіны.

«З пасведчаннем юрыста можна было прыйсці ў суд і прадстаўляць чалавека. Пасля гэтага пачалася выдача ліцэнзій, пазней дзейнасць па ліцэнзіях пачалі звужаць. Зараз у Беларусі наогул няма юрыстаў, якія прадстаўляюць паслугі прыватным чынам, толькі адвакаты», — сказаў суразмоўца.

Але ён сцвярджае, што прадпрымальнікаў у Беларусі прыцягвае магчымасць зарабіць: у краіне больш за 9 млн. спажыўцоў.

«Людзям у Беларусі ўсё трэба: есці, апранацца, значыць, ідзе гандаль, можна зарабіць. Калі казаць аб прадуктах харчавання і адзежы, у Беларусі ўсё даражэйшае, чым у суседніх краінах, — адзначае суразмоўца. — Я чуў ад аднаго літоўскага прадпрымальніка, што, калі б ён зараз жыў у Беларусі, мог бы ўжо пабудаваць дом з залатых цаглін».

Шышкоў тлумачыць, што, хоць вялікая частка жыхароў жыве небагата, заможных людзей таксама нямала, нядрэнна і тым, хто ездзіць на заробкі ў Расію.

«Расейцы падтрымліваюць Беларусь, як і рэжым гэтай краіны. Здаецца дзіўным, што ў Расеі могуць дзейнічаць крэдытныя бюро, а ў Беларусі — не. Але гэтым краіны і адрозніваюцца, што ў Беларусі дастаткова аднаго званка, каб бізнэс скончыўся», — лічыць Шышкоў.

Зарабіць пенсію плануе ў Літве

58-гадовы Шышкоў сцвярджае, што ў гэтым ці наступным годзе ў Літву прыедзе яго сям'я, таму ён плануе далей працаваць у Літве.

«Калі мы жылі ў Беларусі, мы думалі пра тое, як вярнуцца ў Літву, а цяпер інакш і не атрымліваецца. Я не магу змагацца з дзяржавай. У Беларусь мне забаронена вяртацца да 2018 года», — сказаў Шышкоў.

Але ён сцвярджае, што пасля дэпартацыі не даваў сабе слова больш не вяртацца ў Беларусь.

«Усё ў жыцці змяняецца, там людзі жывуць, і я не магу абяцаць ніколі не вяртацца ў Беларусь. Расія ўжо іншая краіна, і Беларусь павінна змяніцца. У Беларусі пакуль рэжым, якім кіруе адзін чалавек, які людзей выбірае па прынцыпе вернасці, — сказаў суразмоўца. — Думаю, што, пакуль буду працаваць тут, у Літве, зараблю пенсію».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?