Ходзіць інфармацыя, што беларуская грамадзянка, вядомая як снайперша г. зв. «ДНР» Наталля Красоўская, нібыта арыштаваная і асуджаная ў Беларусі на 12 гадоў.
Аднак афіцыйна пацвердзіць інфармацыю не ўдалося. У КДБ сказалі, што ім пра арышт Наталлі Красоўскай нічога не вядома і параілі з гэтым пытаннем звяртацца ў Следчы камітэт. Там, у сваю чаргу, адказалі, што такой інфармацыяй таксама не валодаюць.
У Барысаве, у кватэры, дзе, як меркавалася, Красоўская жыла да ад'езду на Данбас, з карэспандэнтам «Нашай Нівы» спачатку адмовіліся размаўляць, а пасля сказалі, што такая тут не жыве. Між тым, яна сама называла вуліцу, на якой яна жыве. І на той вуліцы пражывае толькі адна сям'я з дадзеным прозвішчам. Туды і адправіўся наш карэспандэнт.
Апошні раз Красоўскую бачылі ў Маскве яшчэ ў снежні мінулага года. Там Наталля займалася вярбоўкай баевікоў у шэрагі арміі г. зв. «Наваросіі». Пасля гэтага след Красоўскай губляецца.
Наталля Красоўская. Скрыншот з прапагандысцкага відэа «апалчэнцаў».
Ці вярнулася яна на Данбас? З апошніх згадак пра яе ў інтэрнэце ўдалося адшукаць толькі адну, датаваную 7 верасня. Ды і тое, на даволі малачытэльным сайце.
У артыкуле паведамляецца, што Красоўская нібыта «зафіксаваная 22 жніўня на пляжы каля Новаазоўска». Пры гэтым даецца спасылка на байца невядомага падраздзялення «Барса».
У Беларусі Красоўская тэарэтычна магла быць асуджаная адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу. Гэта 289 артыкул (тэрарызм), 133 артыкул (наёмніцтва), 132 артыкул (вярбоўка, навучанне, фінансаванне і выкарыстанне наёмнікаў). Таксама Красоўская ў адным са сваіх відэазваротаў ускосна пагражала Аляксандру Лукашэнку, што таксама можа пацягнуць за сабою крымінальную адказнасць.
![Клас Клас](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-like.png)
![Панылы сорам Панылы сорам](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-facepalm.png)
![Ха-ха Ха-ха](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-smile.png)
![Ого Ого](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-omg.png)
![Сумна Сумна](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-sad.png)
![Абуральна Абуральна](https://nashaniva.com/images/reactions/reaction-anger.png)