У Мінску на вуліцы Карла Маркса на сцяне аднаго з жылых дамоў з'явілася графічная ілюстрацыя па матывах карціны беларускага мастака Івана Хруцкага «Партрэт жонкі з кветкамі і садавіной». Яе аўтар — 34-гадовы мастак Дзмітрый Післяк.

Графіка на будынку ў Мінску практычна скончаная. Фота ад «Пріорбанка»

Графіка на будынку ў Мінску практычна скончаная. Фота ад «Пріорбанка»

Гэтай працай Дзмітрый пачаў міжнародны праект і плануе працягнуць маляваць карціны вядомых майстроў, перапрацаваўшы іх у чорна-белую графіку, у іншых краінах. Будучыя горады, дзе з'явяцца яго працы, — гэта Кіеў (Украіна), Вільнюс (Літва), Берлін (Германія), Парыж (Францыя), Мілан (Італія), Барселона (Іспанія) і Нью-Ёрк (ЗША). Для кожнага горада ён абярэ працу мясцовага мастака.

Дзмітрый Післяк, мастак, 34 гады. Фота з краўдфандынгавай пляцоўкі «Вулей».

Дзмітрый Післяк, мастак, 34 гады. Фота з краўдфандынгавай пляцоўкі «Вулей».

На яго погляд, сёння Менску не хапае свабоды самавыяўлення.

— Каб людзі не баяліся рабіць тое, што яны насамрэч хочуць рабіць. Калі кожны пачне, то як-ніяк мы будзем значна хутчэй развівацца. Але пакуль людзі заціснутыя і баяцца самавыяўляцца, — лічыць ён.

На ўзгадненне графікі на сцяне дома ў Мінску ў мастака сышло каля трох месяцаў. Будынак лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, таму запатрабаваліся дадатковыя ўзгадненні з ведамствамі. Такім чынам, Дзмітрый атрымаў дазвол у Міністэрстве культуры, Менгарвыканкаме, адміністрацыі раёна, Мінскай гарадской мастацкай экспертнай радзе па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве, ЖЭСе і ЖРЭА. Праект таксама падтрымаў «Пріорбанк».

Тое, як будзе выглядаць графічная ілюстрацыя па матывах карціны беларускага мастака Івана Хруцкага «Партрэт жонкі з кветкамі і садавіной». Фота з краўдфандынгавай пляцоўкі «Вулей».

Тое, як будзе выглядаць графічная ілюстрацыя па матывах карціны беларускага мастака Івана Хруцкага «Партрэт жонкі з кветкамі і садавіной». Фота з краўдфандынгавай пляцоўкі «Вулей».

Ствараць графіку на сцяне на вуліцы Карла Маркса Дзмітрый пачаў 15 кастрычніка, 22—23 кастрычніка плануе скончыць працу. Яму дапамагае мастак Наталля Мінчук.

— Аказалася ўсё не так складана, як магло быць. Я ўпершыню рабіў працу такога памеру. Малюю, стоячы на самаходным пад'ёмніку, які па льготных цэнах перадала будаўнічая арганізацыя. Выкарыстоўваю праектар для пераносу малюнка. Таму па вечарах пазначаюцца абрысы, а днём прапрацоўваюцца дэталі, — распавядае Зміцер.

Мінакі і жыхары двара пазітыўна рэагуюць на творчасць мастака. Прапануюць дапамогу і цёплы чай.

Першая праца Дзмітрыя Післяка на будынку па вуліцы Чырвонаармейскай у Мінску. Фота з краўдфандынгавай пляцоўкі «Вулей».

Першая праца Дзмітрыя Післяка на будынку па вуліцы Чырвонаармейскай у Мінску. Фота з краўдфандынгавай пляцоўкі «Вулей».

Дзмітрый малюе з дзяцінства, вывучаў манументальны жывапіс у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Затым стаў індывідуальным прадпрымальнікам і робіць прыватныя заказы па афармленні грамадскіх інтэр'ераў.

— Мяне захаплялі вялікія працы і мазаікі савецкага перыяду. Хацелася самому пакінуць нешта падобнае. Я да гэтага ішоў даўно, маральна проста не быў гатовы, а зараз cаспеў, з'явіліся ідэі і сілы для ўвасаблення, — кажа мастак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?