Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Славеніі за пазіцыю ў дачыненні да Беларусі пры абмеркаванні праблем з Еўрасаюзам. Аб гэтым ён сёння заявіў на сустрэчы з намеснікам прэм'ер-міністра — міністрам замежных спраў Славеніі Карлам Эр'яўцам.

«Перш за ўсё хачу падзякаваць за тую пазіцыю, якую ў апошнія гады займала Славенія ў дачыненні да Беларусі, у прыватнасці, пры абмеркаванні праблем з ЕС, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Мы людзі ўдзячныя і бачым усё — пачынаючы ад гэтых палітычных пытанняў і заканчваючы звычайнымі адносінамі паміж людзьмі. Я маю на ўвазе ваша добрае стаўленне да беларускіх дзяцей з пацярпелых чарнобыльскіх раёнаў, якіх вы ўвесь час запрашаеце на адпачынак, аздараўленне».

«Не думаю, што ў нас былі ці будуць нейкія праблемы на палітычным, дыпламатычным узроўні ці ў адносінах паміж людзьмі. Тут абсалютна няма праблем і не будзе, — упэўнены кіраўнік дзяржавы. — Была нейкая паўза ў сілу вядомых і нам, і вам прычын. Мы лічым, што Славенія да гэтага ніякага дачынення не мае».

Пры гэтым ён адзначыў, што падмуркам двухбаковых адносін з'яўляецца эканоміка. «Я кажу пра эканоміку не таму, што тут ёсць нейкія праблемы. Мы супрацоўнічаем з прадстаўнікамі славенскага бізнесу, з усімі тымі, хто хацеў бы з намі супрацоўнічаць», — заўважыў кіраўнік краіны.

Разам з гэтым кіраўнік дзяржавы нагадаў, што з рэспублікамі былой Югаславіі заўсёды былі добрыя адносіны. І шмат чаму, у тым ліку рынкавых адносінаў, можна тады было вучыцца ў Югаславіі. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у Беларусі захаваліся самыя цёплыя, добрыя пачуцці ў дачыненні да рэспублік былой Югаславіі, у тым ліку Славеніі. «У беларускага народа і мяне асабіста склалася вельмі добрае меркаванне аб гэтым квітнеючым кавалачку зямлі, аб славенцах, і гэта, вядома ж, накладвае сур'ёзны адбітак на двухбаковыя адносіны ў добрым сэнсе слова», - падкрэсліў ён.

«Каб надаць стабільнасць эканамічным адносінам, трэба было б мець некалькі буйных сумесных праектаў, можа быць 3-4, яны ў прынцыпе вымалёўваюцца, каб найцяснейшым чынам звязаць дзве краіны, каб потым ужо нават Еўрапейскі саюз не змог на гэта паўплываць, таму што асновай усяго з'яўляецца эканоміка», — дадаў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь гатовая і далей супрацоўнічаць са Славеніяй на ўзаемавыгадных умовах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?