Здароўе4040

Журналісцкае расследаванне: ферма з-пад Чарнобыльскай зоны гоніць малако з недапушчальна высокім узроўнем радыяцыі

Напярэдадні 30-й гадавіны з дня Чарнобыльскай катастрофы журналісты даведаліся, што на краі зоны адчужэння ў Беларусі размешчана ферма, якая прадае радыеактыўнае малако.

Фермеры лічаць адсутнасць мутацый у жывёл дастатковым доказам таго, што іх прадукцыя бясшкодная. Тым часам Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што яго краіна назапасіла унікальны досвед па пераадоленні наступстваў аварый на АЭС.

Карэспандэнты Associated Press пабывалі на ўскраіне чарнобыльскай зоны адчужэння ў Беларусі, дзе знайшлі малочную ферму. Журналісты не сталі каштаваць мясцовае малако, але ўзялі з сабой бутэльку для даследавання ў Мінскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Высветлілася, што ўтрыманне радыеактыўнага ізатопу ў прадукце ў 10 разоў перавышае гранічна дапушчальны ўзровень па мерках харчовай бяспекі краіны.

У ходзе праверкі эксперты выявілі ў малацэ перавышэнне ўтрымання нуклідаў стронцыю-90. Згодна з нормамі Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі, актыўнасць стронцыю-90 у прадуктах не павінна перавышаць 3,7 бекерэля на кілаграм. У дадзеным узоры малака гэты паказчык склаў 37,5 Бк/ кг.

Пры гэтым вядома, што пад уздзеяннем стронцыю-90 у арганізме чалавека могуць развівацца анкалагічныя і сардэчна-сасудзістыя захворванні.

Як адзначае AP, спецыялісты мінскага навуковага цэнтра ў той жа час не змаглі праверыць малако на ўтрыманне складаных ізатопаў амерыцыю і плутонію.

Вынікі даследавання кажуць пра тое, што наступствы самай маштабнай у свеце ядзернай аварыі ўсё яшчэ нагадваюць пра сябе ў Беларусі. Разам з тым кіраўніцтва краіны імкнецца хутчэй аднавіць землі сельскагаспадарчага прызначэння, якія доўгі час прастойваюць, адзначае AP.

Фермер Мікалай Чубянок з гонарам распавёў журналістам, што яго статак з 50 кароў вырабляе да двух тон малака ў дзень для мясцовага завода «Мілкавіта», сыр гатунку пармезан якога прадаецца ў асноўным у Расіі. Паводле дадзеных Сусветнага банка, Расія з'яўляецца асноўным рынкам для экспарту беларускіх прадуктаў, якія складаюць 15% ад усяго экспарту Беларусі.

Кіраўніцтва «Мілкавіты» палічыла вынікі даследавання AP «немагчымымі». На заводзе сцвярджаюць, што, згодна з іх уласнымі тэстамі, узровень радыеактыўных ізатопаў у малацэ ніжэй за дапушчальны.

Ферма Чубянка знаходзіцца ў 45 км на поўнач ад Чарнобыльскай АЭС і ў 2 км ад зоны, дзе людзям афіцыйна сяліцца для пастаяннага пражывання забаронена. Вытворчасцю малака фермер займаецца з 2014 года. Чубянок збіраецца падвоіць свой статак і пачаць вырабляць сыр самастойна.

Між тым Лукашэнка ў час сустрэчы з намеснікам генеральнага сакратара ААН, адміністратарам Праграмы развіцця ААН (ПРААН) Хелен Кларк паведаміў, што Беларусь набыла унікальныя веды і досвед па пераадоленні катастроф, падобных да аварыі на Чарнобыльскай АЭС. «Няхай гэта будзе нашым укладам у развіццё чалавецтва», — сказаў кіраўнік дзяржавы, якога цытуе ТАСС.

Лукашэнка запэўніў прадстаўнікоў ААН, што калі «недзе здарыцца бяда», беларускія навукоўцы і спецыялісты «гатовыя працаваць па пераадоленні гэтых наступстваў». Паводле слоў Лукашэнкі, так было зусім нядаўна на «Фукусіме-1», дзе «былі ўжытыя беларускі досвед, веды, прыборы».

Паводле слоў Лукашэнкі, на аднаўленне пацярпелых тэрыторый выдаткаваная сума, роўная дзясяткам гадавых бюджэтаў Беларусі. «Мы збіралі гэтыя сродкі і ўкладвалі ў пераадоленне (наступстваў) гэтай катастрофы. Сёння нам ужо не здаецца, што гэтыя землі назаўсёды страчаныя, як гэта бачылася 30 гадоў таму назад», — адзначыў ён.

У выніку чарнобыльскай катастрофы, якая адбылася 26 красавіка 1986 года, ад радыёактыўнага забруджвання пацярпела 23% тэрыторыі Беларусі, на якой знаходзілася 3678 населеных пунктаў. У найбольшай ступені пацярпелі тэрыторыі Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей.

Паводле афіцыйных дадзеных, у зоне радыёактыўнага забруджвання на 1 студзеня 2016 года знаходзіўся 2371 населены пункт. Колькасць насельніцтва, якое пражывае на забруджанай радыёнуклідамі тэрыторыі, склала на пачатак года 1 млн 141,8 тысячы чалавек (12% колькасці насельніцтва).

Каментары40

Цяпер чытаюць

Зяленскі: Рэтранслятары на мяжы Беларусі прыпынілі працу69

Зяленскі: Рэтранслятары на мяжы Беларусі прыпынілі працу

Усе навіны →
Усе навіны

Дытэр Болен: Перамога Украіны была б найгоршым сцэнаром34

Жыхарка Магілёва пасля званка махляроў засталася без кватэры і ў агромністых даўгах5

У пачатку наступнага тыдня тэмпература паветра ў Беларусі можа дасягнуць +39°С1

Сірыйскі інвестар уклаўся ў калгас-банкрут на Браслаўшчыне. Які вынік?5

Ісландыя аднаўляе кітабойны промысел — эколагі пратэстуюць

«Можаш забыцца аб працы ў Кітаі». Беларуску абвінавацілі ў Кітаі ў расізме праз адно неадназначнае ФОТА20

Журналіста Алеся Любенчука паўторна асудзілі на чатыры гады, але часткова адбылося залічэнне ранейшага «злачынства»1

Магілёўка хацела прыкурыць ад газавай пліты і праз два тыдні памерла ад апёкаў

«У мяне валасы як салома!» Якія памылкі мы робім пры доглядзе за валасамі летам1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі: Рэтранслятары на мяжы Беларусі прыпынілі працу69

Зяленскі: Рэтранслятары на мяжы Беларусі прыпынілі працу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць