Сіх-тых з «багемы» калоціць ад народных строяў, ад народных абрадаў. Гаворка пра выставу «Сула» ў дворыку Нацыянальнага музея, якая адкрылася на тым тыдні.

А чаму калоціць? Бо глядзяць так: усе мы выйшлі з вёскі, але вяртацца туды не трэба, бо яна адмірае, а нам трэба хутчэй да «Эплаў» і іншых «Убераў».

Не ўсе так думаюць. Вось Ганна Бонд сказала пра выставу: замілоўвае, шкада, што такое сыходзіць. Нават прыкмеціла, што шахматная дошка там зусім недарэчы.

Крытыкі ж не разумеюць, што сіла — яна ў продках. У строях, абрадах і нявытлумачаных «круках» на арнаментах. У зямлі, ад якой усё ідзе. У тых рэчах, якія рабіліся ўласнымі рукамі і якія таму маюць асаблівую цеплыню і моц. Можна ісці наперад, але, калі адарвешся ад крыніцаў сваёй сілы, ні на што больш не хопіць, ні на якое развіццё.

У сваёй аўтабіяграфіі экс-прэзідэнт Латвіі Валдзіс Затлерс расказвае: калі ён набіраў міністраў, дык звоніць гэтаму, звоніць таму — а яны па сваіх вясковых сядзібах сядзяць і гародчыкі полюць, адмаўляюцца. Са сваёй прапановай Затлерс на сядзібе заспеў і таго, хто потым стаў наступным латвійскім прэзідэнтам, Андрыса Бэрзіньша. І што, латвійская нацыя — няўжо неданацыя?

Якою б гарадскою нацыя ні была — продкі і іх падтрымка нікуды не знікаюць. Пра гэта скажа хоць які гарадскі, местачковы ці вясковы беларус, які любіць і гаджэт, і сальцісон.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?