Фота Аксаны Казлякоўскай

Фота Аксаны Казлякоўскай

Тут можна ўбачыць цэглу перыяду XIV—XVI стагоддзяў са слядамі пальцаў фармоўшчыка (так званая цэгла-пальчатка), а таксама цэглу са слядамі жывёл (куніцы, сабакі, ваўка); керамічную і вогнетрывалую цэглу, вырабленую ў канцы XIX – пач. XX стагоддзяў на казённых і прыватных цагляных заводах Брэсцкага павета.

Прадстаўленыя экспанаты ўзятыя з прыватных калекцый берасцейцаў-краязнаўцаў Івана Чайчыца, Сяргея Грыня, а таксама кампаніі «Тэхнічная дыягностыка збудаванняў».

Прычым збіральнікі знаходзілі іх літаральна пад нагамі або ў будаўнічым смецці, адзначае «Вячэрні Брэст».

Іван Чайчыц распавядае, што захапіўся збіраннем цаглін дзесяць гадоў таму і сёння ў яго больш за сто падобных прадметаў: «Знасілі адзін са старых дамоў у Брэсце. На думку архітэктараў, ён не меў ніякай гістарычнай каштоўнасці. Калі пачалі зграбаць у кучу смецце, убачыў, амаль цэлую кафлю з надпісам, якая гаворыць пра тое, што яна выраблена на фабрыцы С. Белькеса ў Брэсце-над-Бугам і фабрыка размяшчалася на вул. Шпітальнай (цяпер Інтэрнацыянальная). Даволі часта можна бачыць цэглу з літарамі БЛК і датай, напрыклад 1886. Гэта значыць, што яна прызначалася для ўзвядзення абарончых збудаванняў і будынкаў Брэсцкай (Брэст-Літоўскай) крэпасці, лічбы паказваюць год іх вырабу. Падкрэсліваю, знойдзеныя яны не на тэрыторыі крэпасці. Рэч у тым, што пасля Вялікай Айчыннай вайны многія ўмацаванні, казематы былі разабраныя на будматэрыялы, якія і выкарыстоўваліся пры аднаўленні горада. Некаторым узведзеным тады дамам прыйшла пара ісці на злом. І цэгла з клеймамі патрапіла ў будаўнічае смецце».

Фота Аксаны Казлякоўскай

Наогул, на выставе шмат унікальных цікавостак. Напрыклад, цэгла з… солі.

Нават на смак пакаштаваць можна! Намеснік дырэктара па навуковай рабоце кампаніі «Тэхнічная дыягностыка збудаванняў» Мікалай Жарнасек распавёў гісторыю экспаната: «Некалькі гадоў таму мы праводзілі абследаванне комплексу будынкаў у в. Ясельда Пінскага раёна пад магчымае яго выкарыстанне пад дом адпачынку. Уладальнікі вырашылі знесці адзін з непрыгожых будынкаў, так у выніку і зрабілі, бо аднавіць яго было немагчыма. Але ў ім мы выявілі сутарэнні, выкладзеныя салянымі цаглінамі. На маю думку, сутарэнні выкарыстоўвалі не для захоўвання прадуктаў, а для лячэбных мэтаў. Яшчэ ў XIX стагоддзі польскі лекар Фелікс Бацішкоўскі звярнуў увагу на тое, што рабочыя саляных распрацовак практычна не пакутуюць на хваробы дыхальных шляхоў. З тых часоў саляныя пячоры папулярныя ва ўсім свеце. Магчыма, былыя ўладальнікі сядзібы ўжылі новую методыку для стварэння салянай «лячэбніцы».

Выставу дапаўняюць 20 чорна-белых і каляровых фатаграфій берасцейца Алега Малейкі, якія дазваляюць убачыць, як выглядалі пабудаваныя з прадстаўленай на выставе цэглы будынкі Брэста.

Іван Чайчыц распавёў пра гісторыю вытворчасці цэглы ў рэгіёне. Паводле яго, у Брэсцкім павеце ў 1905 годзе дзейнічаў 21 цагляны завод, прычым на кожнай цагліне абавязкова стаяла таўро вытворцы.

«Жахлівыя пажары ў Брэст-Літоўску ў 1895 і 1901 гадах падштурхнулі ўлады горада на тое, каб адбудоўваць яго з цэглы. У 1905 годзе ў Брэст-Літоўску налічвалася 1350 каменных будынкаў. Тады як у канцы XIX з ліку больш як 2 тысяч будынкаў толькі 251 быў мураваны, — распавёў на адкрыцці выставы Іван Чайчыц. — Мэта выставы — пашырыць веды аб мінулым Брэста. Старадаўнія цагліны дапамагаюць зрабіць гэта».

Фота Аксаны Казлякоўскай

Такая выстава адбываецца ў Брэсце ўпершыню, яна будзе дзейніцаць да 28 ліпеня. Уваход бясплатны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0