Прадстаўнікі расійскай дзяржаўнай Аб'яднанай прыборабудаўнічай карпарацыі (АПК) заявілі пра стварэнне «першых узораў зброі на новых фізічных прынцыпах», пра што днямі паведаміла агенцтва РІА «Новості».

«Ужо створаныя рэальныя ўзоры такога ўзбраення, і яны даказалі сваю эфектыўнасць. Гэта абсалютна новы від узбраення, аналагаў якому няма ў краіне і, не баімся гэтага сказаць, у свеце», — сказаў прадстаўнік расійскага абаронапрамысловага комплексу.

АПК уваходзіць у дзяржкарпарацыю Растэхналогіі, якая аб'ядноўвае большасць расійскіх прадпрыемстваў, якія выпускаюць ваенную прадукцыю. Што такога новага вынайшлі ў АПК, так і засталося незразумелым. З блытаных словаў прадстаўніка карпарацыі вядома, што «скіраваная энергія робіць ускоснае фізічнае ўздзеянне на бартавую апаратуру самалётаў, беспілотнікаў, нейтралізуе высокадакладную зброю». Аднак галоўны рэдактар расійскага часопіса «Арсенал Отечества» Віктар Мурахоўскі пракаментаваў «падзею» вельмі жорстка:»Магу гэта пракаментаваць толькі словамі (міністра замежных спраў РФ) Лаўрова: «Дэбілы, …» Уся сусветная навука з яе гіганцкім фінансаваннем за апошнія 50 год ніякіх новых фізічных прынцыпаў не вынайшла».

Хутчэй за ўсё, размова была пра нейкі новы ўзор зброі, якая выкарыстоўвае электрамагітны імпульс, аднак нічога прынцыпова новага ў гэтым няма: для нейтралізацыі электронікі праціўніка падобныя прыстасаванні даўно выкарыстоўваюцца. Прапагандысцкі штамп «не мае аналагаў у свеце» адносна амаль кожнага больш-менш новага ўзора расійскай зброі даволі даўно стаў іранінічным мемам у экспертнай супольнасці. Жартаўнікі таксама кажуць, што бюджэт Расіі існуе па «новых матэматычных прынцыпах».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?